Падатковая інспекцыя Маскоўскага раёна Мінска палічыла, што дабрачынная і бязвыплатная дапамога неабыякавых сям'і загінулага 10 жніўня 34-гадовага Аляксандра Тарайкоўскага з'яўляецца асабістым прыбыткам ягонай жонкі за 2020 год.

Падаходны падатак склаў 11001,63 беларускіх рублёў (у эквіваленце каля $4 435). Гэтую суму Алена Герман павінна была заплаціць да 1 чэрвеня. З гэтага дня штодня налічваецца пеня.

Мяркуючы па суме падатку (11 тысяч рублёў) на картку Алене сабралі больш за 90 тысяч рублёў.

Алена Герман — удава Аляксандра Тарайкоўскага. Іх шлюб не быў зарэгістраваны афіцыйна. Яны жылі як сям'я і разам гадавалі дзяцей — Дар'ю, старэйшую дачку Алены ад першага шлюбу, і агульную дачку Насцю.

Алена лічыць несправядлівым плаціць падатак з дапамогі, якую аказалі неабыякавыя людзі. 

— Я бачыла раздрукоўку рахунку: кожны пералічваў колькі мог, хто па пяць рублёў … людзі зарабілі гэтыя грошы, ніхто ім не даў проста так.

Алена падрыхтавала зварот у Мінгарвыканкам і Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў з просьбай вызваліць яе ад выплаты падаходнага падатку, паколькі гэта пагоршыць матэрыяльны стан яе сям'і. У звароце ўдава Аляксандра Тарайкоўскага таксама спасылаецца на тое, што ў сувязі з адмовай ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў міліцыі, якія забілі яе мужа, яна не можа прад'явіць ім грамадзянскі пазоў аб кампенсацыі шкоды ў сувязі са стратай карміцеля.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0