«Ваша Святасць, глыбокапаважаны Папа Францішак, я б не адважылася пісаць да Вас, калі б не трагічныя падзеі, якія адбываюцца ў маёй дарагой Беларусі і ў маёй сям’і.

Я звяртаюся да Вас, каб распавесці гісторыю маленькага хлопчыка Францішка і яго таты.

Мы жывём у сталіцы Беларусі, у Менску. Калі мы з мужам даведаліся, што чакаем дзіця, былі дні 500-годдзя з выдання Бібліі Францішка Скарыны — першай друкаванай Бібліі на тэрыторыі Беларусі. І мы вырашылі назваць нашага хлопчыка ў гонар Скарыны і ў Ваш гонар — Францішкам.

Зараз Францішку тры гады, і ўжо год ён расце без таты.

Яго тата, Павел Севярынец, больш за год знаходзіцца ў беларускай турме. Павел — шчыры вернік, хрысціянін, пісьменнік, ён адзін з тых, хто аднавіў у Беларусі легендарную хрысціянскую партыю 1920-30 гадоў «Беларускую хрысціянскую дэмакратыю». Усю сваю дзейнасць, кнігі і сям’ю ён будуе на хрысціянскіх каштоўнасцях. Беларусь, якая верыць у Бога, — яго галоўная мара, і ён ідзе да гэтай мары, не шкадуючы сябе. За ўвесь час дыктатуры ў Беларусі Павел па незаконных прысудах правёў па турмах, ізалятарах і «хіміях» каля 7,5 года.

Летась яго 70 сутак беспадстаўна трымалі ў карцары — маленькім памяшканні без вокнаў, без асабістых рэчаў, у яго забралі нават Біблію, у яго не было коўдры і матраса, каб спаць ён падкладаў бутэльку з вадой пад галаву, цэлае лета яго не вадзілі на прагулкі і ў душ. Адзінае, што ён мог рабіць у карцары, — хадзіць і маліцца.

На неправедным судзе Павел абраў пазіцыю маўчаць, спаслаўшыся на тое, што і Хрыстос маўчаў, калі яго несправядліва судзілі. Закрыты суд незаконна прысудзіў Паўлу 7 гадоў узмоцненага рэжыму, хоць усе яго дзеянні былі абсалютна мірнымі і не выходзілі за рамкі беларускай Канстытуцыі. І сёння ў Беларусі сотні такіх людзей і гісторый. У турмах застаюцца таты, шматдзетныя мамы, хворыя людзі, дзеці, адзінае злачынства якіх — гэта жаданне жыць у свабоднай Беларусі. Многія з гэтых людзей адчаіліся, яны прагнуць праўды і справядлівасці. Кожны з іх нясе свой крыж за Беларусь.

Павел кажа, што сёння ў Беларусі ўсё залежыць ад Царквы — узнясе яна голас за праўду ці будзе працягваць жыць у хлусні і страху, закрываючы вочы на пакуты людзей.

Францішак, наш доўгачаканы сынок, расце без таты і за гэты год ён навучыўся гаварыць, маліцца «Ойча наш», спяваць, яго любімы спеў «Я не баюся, мой Бог са мной». Павел дасылае Францішку з турмы малюнкі, піша лісты, просіць слухацца маму і маліцца Богу. Нядаўна нам далі першае за год спатканне з татам і мужам, мы пайшлі на яго разам з Францішкам, мы размаўлялі з Паўлам праз шкло, смяяліся, маліліся разам. У канцы Францішак вельмі прасіў, каб тата пайшоў з ім на вуліцу гуляць, але тата не можа гэтага зрабіць, хоць ён ні ў чым не вінаваты.

Павел — цудоўны тата, каханы муж. Я гавару сыночку, што яго тата — герой.

Мы з Францішкам яго вельмі любім і чакаем, але я вельмі баюся, што ён не вернецца да нас з беларускай турмы.

Просім Вас памятаць і маліцца за нашу сям'ю, за Паўла, за маленькага Францішка, а таксама за ўсіх зняволеных і змучаных беларусаў.

Просім Вас аб малітве за Беларусь. Многія беларусы мараць жыць у краіне, якая будзе грунтавацца на хрысціянскіх каштоўнасцях і на праўдзе, і ўжо вельмі многае зрабілі, каб так аднойчы сталася.

Памятайце пра нас у малітве. Жыве Беларусь! Жыве з Богам!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0