Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

«Цяпер, калі мы пакінулі ЕС, у Вялікабрытаніі з’явіліся новыя магчымасці для ўзмацнення стандартаў аховы жывёл і ўмацавання сваіх пазіцый як глабальнага ахоўніка правоў жывёл», — сцвярджаецца на сайце брытанскага ўрада.

Плануецца, што на заканадаўчым узроўні жывёлы ў каралеўстве будуць прызнанымі разумнымі істотамі.

Сярод іншых мер — абавязковае мікрачыпаванне хатніх катоў, паведамляе BBC. У Вялікабрытаніі ўжо прымяняецца такая палітыка ў адносінах да сабак, што выконваецца на 90%. Дзякуючы мікрачыпаванню ўладальнік можа з лёгкасцю знайсці жывёлу, калі яна згубіцца, абараніць ката ці сабаку ад крадзяжу, а таксама прытулкі для бяздомных жывёл змогуць адсочваць людзей, якія наўмысна пакідаюць сваіх гадаванцаў на вуліцы.

Акрамя гэтага, брытанскі ўрад увядзе забарону на выкарыстанне электрашокавых ашыйнікаў, спыніць экспарт жывёл на адкорм і зарэз і забароніць утрыманне прыматаў у якасці хатніх жывёл.

Таксама ўрад будзе разглядаць забарону фуа-гра — далікатэс французскай кухні з печані гусі ці качкі. Стварэнне такога далікатэсу, як правіла, звязанае з жорсткім абыходжаннем з птушкамі: іх прымусова кормяць праз трубку ў горле, каб печань птушак павялічылася.

Больш за тое, у Вялікабрытаніі могуць увесці забарону на продаж слановай косткі, а таксама абмяркоўваецца забарона рэкламы ў каралеўстве, якая прапагандуе «непрымальныя метады абыходжання з жывёламі», напрыклад, катанне на сланах.

За апошнія дзесяць гадоў Вялікбрытанія прыняла шмат законаў аб абыходжанні з жывёламі. У прыватнасці, улады забаранілі выкарыстоўваць дзікіх жывёл у цырку, вымусілі ўсталяваць камеры відэаназірання на разніцах і ўзмацнілі максімальнае пакаранне за жорсткае абыходжанне з жывёламі з шасці месяцаў да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0