Фото pixabay.com

Фото pixabay.com

Хаця пошукі магілы Чынгісхана пакуль не далі поспехаў, яны паспрыялі узнікненню інавацыйнага праекта, які можа дапамагчы абараніць белых мядзведзяў.

Усё пачалося з Тома Сміта, дацэнта прыватнага Універсітэта Брыгама Янга ў амерыканскім штаце Юта. Аднойчы ўвечары Сміт пачуў па радыё, як нейкі эксперт распавядаў пра выкарыстанне адмысловага метаду радыёлакацыйнага сінтэзавання апертуры для пошуку магілы Чынгісхана. Даследчыкі ўжывалі гэты метад, каб, нягледзячы на кроны дрэў, весці радыёлакацыйныя здымкі паверхні ў пошуках рэшткаў пахавальных збудаванняў у Манголіі, распавядае Guardian.

Сміт таксама высветліў, што гэты метад дапамагае вайскоўцам знаходзіць аб’екты ворага, схаваныя пад камуфляжам, і, магчыма, такім жа чынам нават можна знаходзіць ахвяр снежных лавін. Таму Сміт зразумеў: такая тэхналогія можа прыдацца для таго, каб выяўляць месцазнаходжанне снегавых «берлагоў», куды самкі белых мядзведзяў закопваюцца на час цяжарнасці і для нараджэння медзведзянят.

Белы мядзведзь занесены ў Міжнародную Чырвоную кнігу, ва ўсім свеце іх засталося менш за 26 тысяч. Калі б быў знойдзены сродак для вызначэння месцазнаходжання «берлагоў», гэта дазволіла б забараніць людзям наведваць тыя мясціны.

У працы з белымі мядзведзямі самае важнае — знайсці правільную частату імпульсаў, каб яны пранікалі праз снег, але пры гэтым фіксавалі месцазнаходжанне мядзведзіцы.

Падчас першых тэстаў з макетамі «берлагоў» метад паказаў добрыя вынікі. Цяпер тэхналогію плануюць праверыць на нарвежскім Шпіцбергене або ў канадскім Чэрчылі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?