26 красавіка ў Мінску Яўгенія разам з сябрамі збіралася ехаць у кафэ, але перад пад’ездам яе чакаў сюрпрыз.

«Сябры падрыхтавалі плакаты. Там былі розныя кавідныя абмежаванні тыпу «маска задзяўбла», «косці ломіць», «сацыяльная дыстанцыя», «каранцін», і я павінна была ў іх патрапіць шарыкам з вадой. За кожнае траплянне мне ўручаўся падарунак з багажніка. Кавідную тэматыку абралі, таму што я ўчора закрыла бальнічны пасля каранавіруса, і мы з сябрамі два тыдні не бачыліся. А ў нас вельмі сяброўская кампанія, усе засумавалі», — дзеліцца дзяўчына.

Неўзабаве кампаніяй зацікавіліся міліцыянты ў штацкім. Праверылі плакаты і пашпарт імянінніцы, сфатаграфавалі пашпарты ўсіх і сышлі ў свой аўтобус — дазволілі скончыць віншаванне, калі нядоўга. Але праз 5-7 хвілін падышлі зноў і загадалі праехаць у аддзяленне.

Па словах міліцыянтаў, іх выклікаў сусед з трэцяга паверха, які ўвесь гэты час назіраў за сюрпрызам з балкона і крычаў нешта нецэнзурнае.

«У РУУС правялі агляд асабістых рэчаў, зрэзалі ў майго сябра шнуркі са штаноў у спартыўным стылі, бо яны не даставаліся. На яго пярэчанне, што штаны без іх упадуць, дзяўчаты, якія праводзілі агляд, казалі: «Рукамі патрымаеце, мінімум цэлую ноч вам рабіць не будзе чаго». Прымусілі мяне зняць пірсінг, які проста не здымаецца, — не атрымалася, але вуха разадрала.

Пастаянна адпускалі жарты ў стылі «Ну, можаце наша памяшканне зняць замест вашага кафэ, толькі дарагавата будзе, 200 базавых». І ў прынцыпе намякалі, што мы праедзем далей туды, дзе нельга шнуркі і пірсінг.

Пратаколаў не складалі, зрабілі вопіс рэчаў, з кожным пагутарылі асобна наконт яго версіі падзей, у некаторых глядзелі тэлефоны. Пазванілі ў кафэ, дзе было зроблена браніраванне, і адпусцілі. Адчуванні непрыемныя, канечне, у кафэ мы не паспелі, але галоўнае, што ўсё добра скончылася», — не губляе аптымізму Яўгенія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?