«Зямля качэўнікаў» атрымала ўзнагароду кінаакадэміі ў катэгорыі «Найлепшы фільм».
Рэжысёр фільма Хлоя Чжаа стала другой у гісторыі жанчынай, якая перамагла ў намінацыі «Найлепшая рэжысура».
Фрэнсіс Макдорманд («Зямля качэўнікаў») і Энтані Хопкінс («Бацька») атрымалі «Оскар» за найлепшыя жаночыя і мужчынскія ролі.
Узнагароду за найлепшую мужчынскую ролю другога плана раней на цырымоніі атрымаў Дэніэл Калуя за ролю ў фільме «Юда і чорны Месія». Найлепшай актрысай у ролі другога плана стала Юн Е-джон за працу ў «Мінары».
«Дзяўчына, што дае надзеі» ўзнагароджана ў намінацыі «Найлепшы арыгінальны сцэнар», а «Бацька» — «найлепшы адаптаваны сцэнар».
Фільм Крыстафера Нолана «Довад» перамог у адзінай намінацыі, у якой яго вылучалі на «Оскар», — візуальныя эфекты. «Манк» Дэвіда Фінчэра атрымаў два «Оскары» — за працу мастака-пастаноўшчыка і за працу аператара. «Гук металу» ўзнагароджаны за найлепшы мантаж.
«Яшчэ па адной» (Данія) названы найлепшым фільмам на замежнай мове.
«Душа» атрымала «Оскар» як найлепшы поўнаметражны анімацыйны фільм і за лепшую музыку, паведамляе «Медуза».