Мы ўжо апісвалі гісторыю падзення яго бізнэсу. Няўдалая стратэгія і крызіс ўдарылі па абаротах сеткі, у выніку чаго пірамідальная схема аплаты пастаўшчыкам абрынулася. Дзясяткі кампаній аказаліся кінутымі. Каб зацягнуць вяртанне даўгоў, Беразоўскі пачаў драбіць кампаніі, а сам у той час шукаў грошы.

Кінутыя пайшлі хто ў суд, хто ў органы.

Чытайце: Уласнік стратнай сеткі «Дамашні» паспрабаваў прадаць яе, але цяпер хаваецца ад крэдытораў. Расказваем пра ланцуг пралікаў

Беларускія банкі перакрэдытоўваць Беразоўскага адмовіліся, але сітуацыя пагоршылася тым, што затрыманымі аказаліся жонка і сын бізнэсмена, у той час як сам ён за мяжой. 

Імаверна, яны былі сузаснавальнікамі ў юрыдычных асобах, якія паўзнікалі на месцах дробленых асноўных кампаній. 

Як вядома «Нашай Ніве», прыкладная сума доўга Беразоўскага перад пастаўшчыкамі і іншымі крэдыторамі — каля 38 мільёнаў. Крыніцы тактоўна не называюць валюту. 

Але з сапраўды цікавых актываў абазнаныя называюць замежную нерухомасць і гандлёвы цэнтр «Сакрэт» у Гомелі. За іх Беразоўскі спрабаваў атрымаць усю патрэбную суму ў аднаго з бізнэс-партнёраў Паўла Тапузідзіса, але атрымаў толькі прапанову на меншую суму, ад якой спачатку адмовіўся.

Гэтак жа праходзілі перамовы з іншымі патэнцыйнымі пакупнікамі. У выніку, калі Беразоўскі зайшоў на другое перамоўнае кола, сума згоды знізілася яшчэ на дзесяць мільёнаў.

«Яго памылка ў тым, што не прадаў за першую цану. Рынак прадаўцоў і пакупнікоў такога вялікага тавару ў нас маленькі, і Беразоўскі ведае ўсіх, у каго ёсць рэальныя дзясяткі мільёнаў даляраў. А яны, адпаведна, ведаюць яго і яго сітуацыю. Алегарычна можна сказаць, што калі чалавеку трэба прадаць «Рэно» за 10 тысяч даляраў, то ён, калі пачакае, прадасць. Калі ж яму трэба прадаць тэрмінова, то скіне тры тысячы і прадасць у той жа дзень, бо пакупнікоў хапае. Але Беразоўскаму трэба прадаць «Майбах» за мільён даляраў, які сёння, уласна кажучы, і за 500 тысяч мала хто возьме», — апісваюць прыгоды Беразоўскага абазнаныя крыніцы. 

Цяпер Беразоўскі ў цяжкай сітуацыі, але працягвае весці перамовы з буйнымі гульцамі беларускага рынку, асабліва з тымі, хто зацікаўлены ў пашырэнні сваіх сетак рытэйла. 

Наколькі вядома «Нашай Ніве», ён не верыць у магчымыя прапановы следства адпусціць сведкаў па справе, калі з’явіцца ў Беларусі сам. Але ў той жа час пакутуе ад усведамлення, што сям’я ў закладніках. Прынамсі аб тым, што такія прапановы існуюць, ён кажа набліжаным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?