Уладзімір Антонавіч нарадзіўся 25 сакавіка 1935 года ў вёсцы Дварэц Вілейскага павета Віленскага ваяводства. Скончыў факультэт нямецкай мовы Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў, працаваў выкладчыкам нямецкай мовы, інжынерам-перакладчыкам.

З 1966 года жыў у Віцебску. Працаваў настаўнікам нямецкай мовы ў СШ №20, Віцебскім індустрыяльным тэхнікуме. Ад 1982 года — старэйшы выкладчык, у 1998-2005 гадах — загадчык кафедры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава. Неаднаразова ладзіў для сваіх студэнтаў навучальныя вандроўкі ў Германію, падтрымліваў цёплыя стасункі з многімі былымі навучэнцамі цягам некалькіх дзесяцігоддзяў.

Творы Уладзіміра Папковіча з’явіліся ў друку ў 1962 годзе. Першы зборнік вершаў — «На досвітку» — выйшаў у 1978 годзе. Аўтар больш як 10 кніг паэзіі, шматлікіх перакладаў вершаў і прозы з нямецкай мовы на беларускую. Пераклаў на нямецкую мову паэму «Тарас на Парнасе», вершы Давіда Сімановіча. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1981 года. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Лаўрэат прэміі «Сузор’е муз» імя Уладзіміра Караткевіча.

Выдатны знаўца літаратуры і выяўленчага мастацтва, Уладзімір Антонавіч быў жаданым госцем на выставах, прэзентацыях і творчых сустрэчах, для кожнага знаходзіў трапныя і добразычлівыя пажаданні. У апошнія гады, калі здароўе падводзіла, дасылаў сябрам і знаёмым цёплыя словы праз электронную пошту, з дапамогай блізкіх рэгулярна выкладаў старыя і новыя вершы і пераклады на фэйсбуку.

За доўгае і няпростае жыццё Уладзімір Папковіч шмат каго сагрэў увагай і спагадай. Усе мы смуткуем, развітваючыся з ім.

Развітанне адбудзецца ў панядзелак, 12 красавіка, ў рытуальнай зале «Свеча» па вуліцы Петруся Броўкі, 50/4 з 18:00 да 20:00. Родныя просяць не прыносіць вянкоў у сувязі з тым, што нябожчыка збіраюцца крэміраваць, а пахаванне адбудзецца пазней.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0