Ян Максімюк са Свабоды гутарыць зь пісьменьніцай і настаўніцай Ганнай Севярынец пра яе найноўшую кнігу «Мая школа («Лімарыюс», Менск, 2021).

Праўда жыцьця і мастацкая выдумка

— Нагодай для нашай гутаркі стаў нядаўні выхад у выдавецтве «Лімарыюс» у Менску вашай кнігі «Мая школа». Пачну з цытаты, вашага папярэджаньня чытачам:

«Перад вамі — не ўспаміны, не настаўніцкі дзёньнік, ня блог у Фэйсбуку, а мастацкі твор з усімі адпаведнымі атрыбутамі, і найперш — мастацкай выдумкай».

У іншай вашай кнізе, якую я чытаў, «Гасьцініца «Бэльгія»», вы папярэджваеце чытача (праўда, не ў пачатку кнігі, а ў пасьляслоўі), што, маўляў, перад вамі не мастацкая выдумка, а чыстая праўда, то бок дакумэнтальны раман. А быў гэта раман пра Менск у далёкіх 20-х гадах мінулага стагодзьдзя. Так што аўтарка Ганна Севярынец любіць, так сказаць, зьбіваць чытача з панталыку такога кшталту заявамі.

Таму на пачатку я хачу запытацца — а колькі тут, у кнізе «Мая школа», мастацкай выдумкі? Толькі назвы месцаў і імёны людзей прыдуманыя, ці нешта яшчэ? Ці праўда, што ўсе супадзеньні — выпадковыя, як вы папярэджваеце чытача? Ці гэта толькі pro forma, так як пішуць ва ўсіх іншых кнігах, дзе героі могуць пазнавацца ў рэальным жыцьці?

— Па-першае, гэта была такая гульня з пасьляслоўем да «Гасьцініцы «Бэльгія»», кніжкі для мяне вельмі важнай. І мне хацелася працягнуць нейкую лінію ад той кніжкі да гэтай — працягнуць там, дзе мне важна. Мне важна, прыкладам, пісьменьніцка-літаратуразнаўчае пытаньне пра суадносіны праўды жыцьця і мастацкай праўды альбо мастацкай выдумкі.

Па-другое, безумоўна, я разумела, што шмат што ў кніжцы атрымалася пазнавальным ня толькі для тых герояў, якія былі прататыпамі. Канешне, ёсьць прататыпы, і не адзін. Я жартавала са сваімі дзецьмі, калі дзеці пачалі мяне пытацца — а дзе тут я? а дзе тут я? Я кажу: вось там твая нага, а вось там твая рука, а яшчэ там — твая галава. Паколькі яны мае дзеці, яны разумеюць, як прататыпы існуюць у мастацкім творы.

Але пасьля таго, як кніжка выйшла, мне пачалі пісаць у прыват такія рэчы: Ганна, адкуль вы ведаеце нашу дырэктарку, вы яе проста як сьпісалі, а вы ж у нас ніколі не працавалі? Або: Ганна, я пазнала сябе ў адной вучаніцы. Хаця я ніколі чалавека не вучыла і ніколі зь ім не размаўляла.

І наадварот. Былі людзі, зь якімі мне хацелася праз гэтую кніжку пагаварыць, якім мне хацелася праз мастацкае слова нешта давесьці, чаго немагчыма давесьці ў простай гутарцы. Гэтыя людзі сябе не пазналі, і мне не атрымалася перамовіцца зь імі.

Гэта проста такая звычайная рэч, калі ёсьць прататыпы, ёсьць гісторыі, узноўленыя ў сюжэтным выглядзе абсалютна дакладна, як, прыкладам, гісторыя ў апавяданьні «Ванныч». Гэтая гісторыя здарылася са мной, я была вучаніцай гэтай клясы, хоць яна напісаная так, нібыта я была настаўніцай… То бок я думаю, што ў маёй школе мастацкай выдумкі і жыцьцёвай праўды прыблізна так, як у любым клясычным рэалістычным творы, якія мы прызвычаіліся чытаць у клясычнай літаратуры. Я ня моцны прыхільнік нейкіх мадэрнісцкіх тэндэнцый, тым больш постмадэрнісцкіх, таму гэта такія звычайныя клясычныя працэнтныя суадносіны.

— Калі я вас добра зразумеў, вы выйшлі ад прататыпаў і вам удалося стварыць тыпажы…

— Ну так. Я прынамсі хацела…

— А правінцыйныя Чарэпіты, дзе гераіня і апавядальніца Ганна Канстанцінаўна працуе русіцай, гэта вашы Смалявічы ў літаратурным пераўвасабленьні?

— Гэта як бы Смалявічы, якія я б хацела мець вакол сябе. Яны, Чарэпіты, больш рамантызаваныя, чым сапраўдныя Смалявічы, там зьменена шмат дэталяў. Я б сказала, што гэта мае агульныя назіраньні за маленькімі прысталічнымі гарадкамі — і Смалявічамі, і Заслаўем, і Дзяржынскам, і Фаніпалем… Гэта тое, што я бачыла, калі езьдзіла па розных школах у маленькіх гарадках, і калі ў адным з такіх гарадкоў я жыла. Мне хацелася стварыць вобраз такой тыповай правінцыйнай прысталічнай школы.

«Я ўваходзіла ў прафэсію двойчы»

— Калі можна, я прывяду яшчэ адну кароткую цытату з вашай кніжкі:

«Я марыла стаць настаўніцай, колькі сябе памятаю. Спачатку мне проста хацелася стаяць ля дошкі і расказваць рознае цікавае. Потым мне хацелася справядліва ставіць адзнакі і ніколі нікога ня крыўдзіць. Потым мне хацелася быць дзецям сябрам. Потым я стала глядзець розныя фільмы пра настаўнікаў, чытаць кнігі пра настаўнікаў, я гэта рабіла з алоўкам у руках і выпісвала сабе ў спэцыяльны сшытачак прыгожыя словы, правільныя думкі і свае пляны на настаўніцкую будучыню. Кнігі Макаранкі, Нікіціных, Шаталава і Ільіна я праштудзіравала з пазнакамі і закладкамі яшчэ ў старэйшых клясах. Цяпер мне хацелася сеяць разумнае, добрае, вечнае і выхоўваць прыгожых людзей».

Я разумею, што тут ёсьць крыху і гумару, і іроніі, але, мяркуючы па вашай кнізе, вашы настаўніцкія мары і спраўдзіліся, і апраўдалі сябе. Скажыце, вы шчасьлівая ў іпастасі настаўніцы і пэдагога? Ці, можа, шчасьлівая — занадта гучнае слова тут. Таму запытаю інакш — вы задаволеная сваім настаўніцкім лёсам?

— Гэты ўрывак, які вы прачыталі, ён жа канчаецца жудасным разгромам, так? То бок у кніжцы расказана, як катастрафічна разьбіваюцца вось гэтыя ўсе мары і ўяўленьні пра настаўніцкую працу. Я ўваходзіла ў прафэсію двойчы, і першы раз выходзіла зь яе з адчуваньнем жудаснай настаўніцкай паразы і ўсіх гэтых сваіх сьмехатворных мараў. Але я задаволеная і сваім чалавечым лёсам, і настаўніцкім, таму што гэта — адна з самых шчасьлівых прафэсій, калі яна твая…

Цяпер, канкрэтна, я знаходжуся ў стане абсалютнай незадаволенасьці сабой, бо я працую ў прынцыпова іншай структуры — гэта прыватная школа — і ў прынцыпова іншых стасунках паміж дзецьмі, настаўнікамі і бацькамі. Гэта зноў жа сур’ёзная задача, якую трэба вырашаць. Мне цікава яе вырашаць, і калі я яе вырашу, я буду канчаткова задаволеная сваім настаўніцкім лёсам.

Жаночы занятак?

— Чаму настаўнічаньне сёньня — пераважна жаночы занятак? Гэта зьвязанае нейкім чынам са статусам гэтай прафэсіі? Ці, можа, гэта ўсё яшчэ непераадоленая гендэрная няроўнасьць у патрыярхальным беларускім грамадзтве? Жанчына, як той казаў, наогул ня можа быць прэзыдэнтам, а мужчына — настаўнікам у школе? Гэта так?

— Ну не, гэта ж такая часова зьява… Сто год таму гэта была вельмі мужчынская прафэсія, і настаўнік-мужчына сустракаўся часьцей, чым вучыцелька… Жаночай прафэсіяй яна стала потым. Тут комплекс прычын: заробкі, безумоўна, і тое, што жанчыны ў сілу сваіх біялягічных асаблівасьцяў больш цярплівыя, яны больш прыдатныя да такой мэтадычнай працы, як мне падаецца, яны больш эмпатычныя да дзяцей…

Але цяпер у настаўніцкую прафэсію прыходзіць усё больш маладых хлопцаў, і гэта вялікае шчасьце для школы… То бок гэты гендэрны перакос будзе папраўляцца, калі ў грамадзтве будзе нармальная абстаноўка і, адпаведна, будзе нармальная школа.

У прыватнай школе, у якой я цяпер працую — вельмі шмат мужчын-настаўнікаў, ня толькі фізрук і трудавік…

Грамадзкі статус настаўніка

— Чаму я пра гэта запытаў? Таму што я сам працаваў настаўнікам у школе. Гэта было вельмі-вельмі даўно, і тады менавіта грамадзкі статус прафэсіі настаўніка ў Польшчы быў вельмі нізкі. Калі ў сярэдзіне 80-х гадоў я прыйшоў працаваць у школу, там 90% настаўнікаў складалі жанчыны, і ўсё глядзелі на мяне, на аднаго зь лічаных мужчын-настаўнікаў, як на жыцьцёвага няўдачніка.

А дарэчы, які грамадзкі статус настаўніка ў Беларусі цяпер — высокі, сярэдні, нізкі?

— Агулам, канешне, нізкі. Таксама і праз апошнія палітычныя падзеі. Я скажу так: у горадзе ён ніжэйшы, чым у правінцыі, прыкладам. Безумоўна, у кожнай школе ёсьць настаўнікі, якія яшчэ і па сёньня маюць унутраны гарадзкі статус такі, які ён мусіць быць. Калі ты фігура ў горадзе, калі ты палову гэтага гораду вывучыў, вывучыў іх дзяцей, а цяпер займаесься іхнымі ўнукамі, падцягваеш у нейкіх прадметах — то ў такога чалавека зусім асаблівы статус.

Я бачу такіх настаўнікаў у Смалявічах, і бачу, што гэта тое, да чаго мы ўсе мусілі б імкнуцца. Гэта, па-першае, асаблівая маральнасьць такога чалавека. Стаць статусным настаўнікам, да якога высокая павага грамадзтва, няпроста, бо гэта ўсё ідзе зь дзіцячага калектыву… Гэта мусіць быць вельмі высокая і патрабавальная ўнутраная маральнасьць, не такая, як у іншых прафэсіях… Па-другое, канешне, добрая інтэграванасьць у тое грамадзтва, у якім ты знаходзісься…

Гэта ўсё ў нас наперадзе, беларусы, так бы мовіць, генэтычна паважаюць настаўніцкую прафэсію, але нам трэба выбрацца цяпер з гэтага становішча, у якім мы знаходзімся і ў якім самі вінаватыя.

Адказнасьць за фальсыфікацыі

— Вы сказалі, што статус настаўніка ў грамадзтве зьвязаны з палітычнымі падзеямі. Вы таксама падкрэсьлілі ролю маральнага вобліку чалавека. Таму я запытаю вас так… Як вы гледзіце на закіды, што якраз настаўніцы ў Беларусі, скажам так, складаюць касьцяк участковых выбарчых камісій, замешаных ужо колькі гадоў, ці нават дзесяцігодзьдзяў, у фальсыфікацыю вынікаў галасаваньня?

— Яны, канешне, складаюць значную колькасьць. Я б не сказала, што касьцяк. Я б сказала, што касьцяк гэтай выбарчай сыстэмы складаюць кіраўнікі, кіраўнікі розных устаноў, людзі адміністрацыі… А звычайныя настаўнікі — гэта не касьцяк, гэта шарагоўцы. І ёсьць розныя людзі сярод іх… Я б тут казала не пра адказнасьць настаўнікаў як цэха, я б казала пра адказнасьць адміністрацыі і чыноўніцтва як цэха ва ўсіх гэтых выбарчых гісторыях.

Што тычыцца маіх калегаў, я ведаю шмат гісторый і шмат людзей, хоць ня ўсе гэтыя гісторыі для апублічваньня… Але тое, што адбывалася ў камісіях — гэта вельмі часта былі такія чалавечыя прынізьлівыя сытуацыі… Вось там, дзе не былі вывешваныя падпісаныя пратаколы, часьцяком гэта было з прычыны супрацьстаяньня якой-небудзь настаўніцы, якая рыдала, білася, на якую ціснулі, да якой прыяжджалі, махалі перад ёй кулаком, а яна адмовілася ставіць свой подпіс… Гэта была масавая сытуацыя падчас гэтых выбараў. Яны ня сталі героямі, мы ня ведаем іх прозьвішчаў, мы ня ведаем усіх участкаў, дзе такое адбылося, але ў сілу сваіх магчымасьцяў шмат хто з настаўнікаў у гэтую ноч 9 жніўня спрабаваў на сваім невялічкім месцы супрацьстаяць гэтай машыне.

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?