— Як вы звычайна святкавалі дзень народзінаў Захара?

— Па-рознаму. Захар калі любіў свой дзень народзінаў, а калі і не, але заўсёды яго чакаў і наперад замаўляў падарункі. Помню, маленькім ён марыў пра вялізны пірацкі карабель Lego. Але тады гэта была недасяжная цацка, бо каштавала каля двухсот даляраў, таму прыйшлося абысціся іншай — таксама з Lego, але невялікай. З моманту, калі ён пачаў маляваць, асноўнымі замовамі сталі фарбы, пэндзлі, палотны і падрамнікі. Апошні дзень народзінаў Захара мы адзначалі ў вёсцы на Валожыншчыне, дзе ў нас лецішча. Сабраліся бабуля, мы з мужам, яго жонка з дачкой, сябры. Захару тады вельмі спадабалася, ён казаў, што дзень народзінаў атрымаўся цёплы і шчыры, як ніколі.

Чытайце таксама: Нейрамастацтва Захара Кудзіна. Сябры пра заўчасную гібель і спадчыну творцы

— Вы з’яўляецеся адной з куратарак выставы. Як вам давалася яе шматмесячная падрыхтоўка?

— Гледзячы з якога боку паглядзець. Гэта важная справа для Захара і нават для беларускага мастацтва, але эмацыйна мне было цяжка, бо за кожнай яго работай — гісторыя. Гэтыя восем эцюдаў напісаны, калі ён ужо адчуваў сябе мастаком, але лічыў іх проста практыкаваннем. Можа, яму б не спадабалася, што тут выстаўлены менавіта гэтыя работы.

Я ўвесь час думала, ці так я раблю, ці тое выбіраю, як бы Захар гэта ўспрыняў. Ён быў патрабавальны да сябе, меркаваў, што яму не хапае адукацыі, — Захар скончыў мастацкую школу і Глебаўку і яму здавалася, што гэтага мала. Хаця калі ён паехаў паступаць у Акадэмію мастацтваў у Дзюсельдорф, яму там сказалі, што як мастак ён ужо сфармаваўся. 

— Вы згодныя з яго крытычнай ацэнкай самога сябе?

— Не зусім, можа, у такой самаацэнцы недзе і мая віна. На людзях ён быў іншы, разняволены, а дома яму гэта не тое і гэта не так. Я заўсёды кажу, што чалавека можна навучыць маляваць, але быць мастаком яго не навучыш. Захар быў мастаком з самага дзяцінства. Ён пачаў маляваць у тры гады, прычым ніколі не маляваў на другім баку аркуша паперы. Калі ён вучыўся ў выяўленчай студыі, хадзіў туды тры разы на тыдзень, не любіў прапускаць і яму не падабалася, калі нехта там дрэнна сябе паводзіў. Калі ён не паступіў у Акадэмію, бо не стаў падладжвацца пад яе крытэрыі, яго настаўнік з вучэльні патэлефанаваў і павіншаваў: маўляў, баяўся, што ў Акадэміі Захар згубіць сваю самабытнасць. Ён заўсёды намагаўся знайсці сябе, намацваў сваю манеру, любіў ставіць сабе звышзадачы і выконваць іх. Як вандроўка аўтаспынам па ЗША — ён наўмысна ставіў сябе ў такія абставіны, каб адчуць цяжкасці і пераадолець іх.

— А якую цяжкасць ён не змог пераадолець?

— Нехта з настаўнікаў вучэльні казаў, што, калі дзеці прыходзяць да іх маляваць і робяць гэта з задавальненнем, трэба іх берагчы і ствараць ім умовы, у якіх яны будуць пад аховай. Мастакі вельмі крохкія, яны быццам без скуры — што ні дакранаецца, нават паветра, можа пашкодзіць. І вось Захар не мог перанесці, што да мастака ў нас такое стаўленне. Яго абурала, калі пра карціны казалі: «Я не разумею такое мастацтва». Калі ты не разумееш, гэта праблемы тваёй адукацыі і таго, што ты нічога не робіш, каб гэта выправіць. У нас не распаўсюджана «спажыванне мастацтва». Гэта раніла Захара, у тым ліку таму, што сваёй творчасцю ён не мог зарабляць на жыццё.

— Вы ведалі, што Захару некамфортна ў нашым грамадстве?

— Канечне, ведала. У нас вельмі нізкі культурны ўзровень, ніжэй ужо няма куды. Уся яго творчасць змагла адбыцца толькі таму, што яго падтрымлівала сям’я: і фінансава, і маральна, і як заўгодна. Я была побач, мы з Захарам увогуле былі на адной хвалі, а бацька закрываў фінансавы бок, дапамагаў, калі нешта трэба адвезці, прывезці, забраць з выставы.

Гэтую карціну Захара Кудзіна прыдбаў для сваёй калекцыі Нацыянальны мастацкі музей. 

Гэтую карціну Захара Кудзіна прыдбаў для сваёй калекцыі Нацыянальны мастацкі музей. 

— А як Захар адчуваў сябе ў нашай як бы мастацкай індустрыі?

— Скажыце, калі ласка, у нас яна ёсць? Дзе ў нас зараз можна зрабіць выставу? Нават для гэтай выставы памяшканне мы шукалі з цяжкасцямі, бо ўсё зачыняецца. Галерэі «Ў» больш няма, а праз яе Захар хоць трохі нейкія работы прадаваў. Калі ён прыехаў з Амерыкі, яму зусім сарвала дах. Там галерэя на галерэі, калі ты пайшоў у краму па фарбы, у цябе ўсё распытаюць, падкажуць, дадуць зніжку, яшчэ і папросяць паказаць свае творы. Ён вярнуўся і не мог зразумець, што тут увогуле адбываецца. Што ні галерэя — «гэта не наш фармат», прафесіяналы арт-рынку адсутнічаюць і іх ніхто не рыхтуе. Яму балела душа за тое, каб у нас развівалася мастацкая прастора і каб займаліся ёй прафесіяналы. А што цяпер? Наўрад ці ён бы такое перажыў: закрылі ўсё, што можна было закрыць. Як раней быў адзіны Палац мастацтва, так і цяпер будзе.

— Трагедыя з Захарам была вялізным выбухам у культурнай прасторы. Па вашых назіраннях, яна нешта змяніла?

— Змяніла, але пакуль гэта недзе ў падполлі. Мне б хацелася, каб маё адчуванне спраўдзілася, бо занадта вялікая ахвяра. Людзі знаходзяцца пад уражаннем яго ўчынку. Я лічу, гэта быў учынак, жэст, пратэст супраць таго, што адбываецца ў грамадстве, коштам уласнага жыцця, хаця ён вельмі любіў і сваю сям’ю, і нас з бацькам. Мне вельмі цяжка такое казаць, але я трымаю сябе ў руках. Многія кажуць, што прайшло, супакоілася, — гэта не супакаенне, проста няма ўжо ні сіл, ні слёз. Часам находзіць такі ступар, што ты проста адміраеш, быццам бы раз — і цябе няма, ты стаіш як саляны слуп і не разумееш: няўжо гэта ўсё праўда?

— Як для вас прайшлі гэтыя год і тры месяцы?

— Усё стала па-іншаму. Раней я ездзіла на могілкі да свайго бацькі, а цяпер прыязджаю да свайго сына, разумееце? Калі маці страчвае дзіця, яна адчувае сябе калекай, бо ў яе адарвалі тое, без чаго яна не можа жыць. Захар заўсёды поўнасцю запаўняў сабой прастору. Ён зайшоў — і ўсё, мала месца, усе мусяць нешта рабіць, усё павінна бурліць. У нас дома і на лецішчы шмат яго работ, яны паўсюль, я магу разгарнуць нататнік і знайсці малюнак Захара.

— Вам не балюча натыкацца на гэтыя малюнкі?

— Я ўсё казала Захару: «Ты ж мастак, намаляваў бы маці». У яго атрымліваліся спецыфічныя, але прыгожыя партрэты: ён неяк умеў выхапіць чалавечую сутнасць. І вось аднойчы мы паехалі на прыроду маляваць эцюды. Я пытаюся: «Можа, ты нарэшце мяне намалюеш?» Ён пачаў, а потым сказаў: «Ведаеш, я яшчэ не такі здатны мастак, каб цябе намаляваць». Я нядаўна перабірала яго работы і дастала з-пад канапы запакаваны стос, і там быў той незавершаны малюнак. Вось тады ў мяне было шмат эмоцый.

— А як справіцца з такой стратай?

— Мне цяжка сказаць, у кожнага павінны быць свае лекі. Стэрэатыпы, што можна, а што няможна, не працуюць для ўсіх. Але галоўнае, каб побач быў хоць адзін чалавек, які ў патрэбны момант проста возьме цябе за руку і не будзе казаць «Трымайся» альбо «Ты ж усё разумееш» альбо «Ты ўжо нічога не зробіш». Для мяне такім чалавекам стала стрыечная сястра, у яе самой у свой час былі цяжкасці, можа, таму яна стала такой чулай. Блізкія параненыя таксама, як і ты, і нічым табе дапамагчы не могуць, ты нават загаварыць з імі баішся, бо гэта проста жывая рана.

Па першым часе мне было цяжка знаходзіцца дома, але дапамагаў трымацца час, які мы праводзілі з унучкай. Яна вельмі падобная да Захара, і знешне, і нейкім унутраным напаўненнем. Мы з мужам выхоўваем у ёй пачуццё прыгожага — водзім ў тэатры, слухаем разам музыку, наведваем выставы. З Таццянай, жонкай Захара, таксама падтрымліваем адно аднаго.

Захар Кудзін з жонкай Таццянай у майстэрні. 

Захар Кудзін з жонкай Таццянай у майстэрні. 

— Пасля трагедыі ў вас была крыўда ці злосць?

— Калі Сальвадор Далі быў напачатку свайго шляху, яго сябры дамаўляліся і набывалі яго працы, каб ён адчуваў сябе патрэбным. Калі здарылася трагедыя, да нас прыходзілі сябры Захара і прыносілі грошы. Ведаеце, мне гэтыя грошы былі непатрэбныя, хай бы яны лепш куплялі ў Захара карціны. Я была ўдзячная за падтрымку, але не магла зразумець, навошта мне гэтыя грошы цяпер, ну, навошта яны мне — і ўсё.

— Па чым з вашых сумесных звычак вы больш за ўсё сумуеце?

— Я проста сумую па ўсім. Мы маглі выйсці з Захарам у горад прагуляцца, нават у гадзіну ночы, альбо праехаць куды на машыне, схадзіць на выставу, выпіць дзе-небудзь кавы, узяць тэрмас і паехаць на прыроду, пасядзець і пагаварыць. Я моцна пасівела за гэты год, хаця раней сівых валасоў амаль не было. Пэўны час я працавала ў дзіцячым садку, і там была дзяўчынка, якая, калі ён нешта забаранялі, казала: «Вы скрадаеце ў мяне радасць». Вось у мяне такое адчуванне, што ў мяне скралі радасць. Я, здаецца, і радуюся, і смяюся, але ўсё ўжо не так. Адзіны чалавек, з якім я магу быць ранейшай, гэта ўнучка.

— Я помню Захара, калі ён пісаў мурал на Vulica Brasil, ён хадзіў тады ў эфектным аранжавым плашчы.

— Ён канфіскаваў яго ў Максіма Шведа. Максім усё просіць вярнуць, але я не аддам. Захар любіў яркія колеры, у яго былі ружовыя і салатавыя шнуркі, ярка-чырвоныя кашулі, у майстэрні засталіся фарбы, відаць, для асаблівага выпадку.

— Вы ў фільме «Чыстае мастацтва» ўбачылі сына з нейкага іншага боку?

— Не, гэта Захар. Максім не ведаў, з кім звязаўся, калі яго запрашаў: думаў, што Захар будзе нешта крэмзаць ды і ўсё, а той прыўнёс у фільм сваё бачанне. У апошнія месяцы ён стаў нейкі вельмі спакойны, сказаў, што ў жывапісе дасягнуў усяго і хоча заняцца стэндапам альбо Digital-мастацтвам. Калі раней ён быў экспрэсіўны, мог і тэлефон аб сцяну разбіць, то стаў разважлівым мужам і бацькам, такім «як трэба».

— Вы звязваеце гэта з тым, што здарылася?

— Ад імпульсіўнага чалавека можна нешта такое чакаць, а калі ён такі спакойны… Мне яшчэ хочацца думаць, раптам гэта была выпадковасць і ён проста сябе выпрабоўваў. Як тады ў ЗША, калі ад’ехаў ад Нью-Ёрка паўтары тысячы міль і вырашыў вярнуцца аўтаспынам — калі я пра гэта даведалася, у мяне валасы дыбарам сталі. Можа, ён проста стаў на падаконне, каб адчуць вышыню, і паслізнуўся, бо тады няшмат, але быў снег.

Так ці інакш, каб здзейсніць такое свядома, трэба адчуваць унутры моцны боль, а тое, што яму балела, адназначна. Гэта не ўчынак вар’ята — гэта нешта глыбокае, светапогляднае, філасофскае, за гэтым нешта ёсць, і яно нам незразумелае. Я жыву ў радасным чаканні таго, што калі-небудзь сустрэнуся з ім там і пагавару. Я ўсё яшчэ, калі Захара няма дома, думаю, што ён у майстэрні. А прыходжу ў майстэрню — і мне там больш жудасна, чым дома, бо Захара ў ёй больш. Часам мне нават страшна да нечага дакрануцца. Захар не любіў, калі я казала: «Што ў цябе тут робіцца, трэба навесці парадак». Ён прасіў: «Мама, нічога не чапай, бо я потым нічога не знайду». І вось цяпер я баюся, што прыбяру, а ён потым нечага не знойдзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?