Ёсць інфармацыя аб атручваннях, людзі наракаюць на кепскае адчуванне пасля элементарных працэдур накшталт чысткі зубоў.
Што адбываецца ў горадзе? Позна ўвечары «Наша Ніва» дазваніліся да кіраўніцы Бешанковіцкага райвыканкама Галіны Унуковіч. Як аказалася, яна ўжо тыдзень ляжыць з пнеўманіяй у бальніцы і кіруе працэсам з бальнічнага ложка.
Галіна Унуковіч, фота: БЕЛТА
— Паведамляюць аб крытычным пагаршэнні якасці вады ў горадзе. Ці ёсць чым супакоіць людзей?
Галіна Унуковіч: Натуральна, трэба супакоіць нашых людзей і ўсё грамадства, калі ўжо ўся краіна перапалохалася. Людзям, якія знаходзяцца ў пацярпелым мікрараёне «Моладзевы», уся інфармацыя даведзена.
Так, адбылася аварыя, такія сітуацыі непрадказальныя, на жаль. Першыя скаргі ад людзей дайшлі з затрымкай, але, тым не менш, я лічу, што ўсе захады мы прынялі своечасова, як толькі атрымалі сігнал.
— Што зроблена?
Галіна Унуковіч: У нашым пасёлку гарадскога тыпу дзве станцыі абезжалезвання, адна на вуліцы Паўднёвай, яна даўно працуе, і другая, новая, — на вуліцы Моладзевай, якая запушчана літаральна ў 2020-м годзе.
У гэтым раёне жывуць людзі ў дамах, а таксама ёсць садок і школа. Хаця школа на канікулах, у ёй працуе дзённы лагер.
Адпаведна, як толькі стала вядома аб праблеме, мы арганізавалі падвоз пітной вады і ва ўстановы адукацыі, і для жыхароў раёна.
Праблемная частка вадаправоду адключана, раён пераключаны на «чысты» вадаправод. Пакуль трубы прамываюцца, людзям рэкамендавана не карыстацца вадой. Мы думаем, што раніцай ужо будзе вада добрай якасці з улікам прамыўкі труб. Пакуль што жыхарам рэкамендавана карыстацца падвезенай вадой.
Што датычыць самой сітуацыі, то праводзіцца расследаванне, аператыўна арганізаваны пробы вады — патагеннай флоры, якая выклікае дызентэрыю і сальманэлёз, не выяўлена.
Працягваюцца даследаванні на наяўнасць вірусаў і іншай патагеннай мікрафлоры, падключаная абласная санстанцыя.
У крамы таксама завезена бутлевая вада, нагодаў думаць, што сітуацыя працягнецца доўга, няма.
Мы будзем праводзіць расследаванне і даведаемся, што канкрэтна здарылася. Інфармацыя аб выніках будзе размешчаная на сайце райвыканкама.
— Але ці ёсць ужо разуменне, што менавіта адбылося?
Галіна Унуковіч: Усе версіі ўдакладняюцца, я пакуль не буду вылучаць асноўную, бо ляжу ў бальніцы і не валодаю сітуацыяй секунда ў секунду. Патрэбная работа праводзіцца пад кіраўніцтвам майго намесніка па жыллёва-камунальнай гаспадарцы, задзейнічаныя спецыялісты кваліфікаваныя і дакапаюцца да прычын, каб не дапусціць паўтарэння.