У Бешанковічах жыхары мікрараёна вуліцы Маладзёжнай масава скардзяцца на якасць водаправоднай вады. Паведамляецца, што ў бальніцу з атручваннем трапіла як мінімум 5 дзяцей. Бешанковіцкі райвыканкам на сваім сайце пацвердзіў гэтую інфармацыю.
Як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Грышан, да праблем з якасцю вады прывяла аварыя на водаправодных сетках у ноч з 29 на 30 сакавіка.
На месца здарэння выехала аварыйная брыгада, аднаўленчыя работы працягваюцца. Да дамоў арганізавалі падвоз пітной вады ў цыстэрнах.
Намеснік старшыні райвыканкама Віктар Грышан не рэкамендаваў выкарыстоўваць водаправодную ваду для піцця.
Мясцовыя жыхары актыўна абмяркоўваюць сітуацыю ў сацсетках і дзеляцца інфармацыяй, што выпадкаў атручвання ў горадзе значна больш.