Такія спробы ўзлому адбываюцца другую ноч запар — прыблізна а 3-й ночы работнікі «НН» атрымліваюць паведамленні аб спробе ўзлому.
Захопленыя акаўнты рэдактараў змянілі назву канала на непрыстойную, выдалілі ўсе навіны за 25 сакавіка і пачалі блакаваць падпісчыкаў. Яны паспелі выдаліць каля 1300 падпісчыкаў (з больш як 90 тысяч, г. зн. менш за 1,5%), пакуль адміністратар «НН» не вярнуў сабе кантроль над каналам.
Што рабіць чытачам у такой сітуацыі?
Просім вас, шаноўныя чытачы, пераслаць гэта паведамленне сваім сябрам і закінуць у чаты і свае каналы, каб людзі, якіх зламыснікі выкінулі з канала, маглі ўбачыць інфармацыю і вярнуцца да нас.
Каб падпісацца на канал, трэба перайсці ў @nashaniva і націснуць «Далучыцца да канала». Альбо скарыстацца спасылкай-запрашэннем.
Ці маглі ўзломшчыкі атрымаць персанальную інфармацыю падпісчыкаў?
Не, яны бачылі толькі імя акаўнта і выдалялі карыстальнікаў адзін за адным.
Аднак магчыма, што зламыснікі завалодалі ўсімі перапіскамі Змітра Панкаўца. Гэта важна ведаць тым, хто нешта абмяркоўваў з імі у прыватнай перапісцы.
Хто гэта мог зрабіць?
Невядома. Але цікава, што спрабавалі ўзламаць не толькі тэлеграм-акаўнты штатных работнікаў «Нашай Нівы», але і пазаштатных супрацоўнікаў.