Мужчын вінавацяць у тым, што яны адбівалі пратэстоўца ад міліцыі падчас Маршу 11 кастрычніка. Іх абвінавачваюць адразу па трох артыкулах — наўмыснае знішчэнне маёмасці, парушэнне грамадскага парадку і гвалт у дачыненні да міліцыі.

Прычым, мяркуючы па тым, што чалавек, якога адбівалі, пазначаны як «нявызначаная асоба», якраз-такі змаглі адбіць.

Паводле матэрыялаў следства, усе чацвёра абвінавачаных атакавалі «Фальксваген Транспарцёр», прыпаркаваны каля «Пушкінскай». Гэта бус, куды сілавікі зацягвалі дэманстрантаў. Бароўскі прымаў баявыя стойкі, застрашваючы амапаўцаў.

Зянько схапіў нейкую скрыню, кінуў у бок аднаго з амапаўцаў, але той парыраваў удар. Тады Зянько разбіў задняе шкло «Фальксвагена».

Драб схапіў амапаўца за рукаў і за шыю, а калі той вырваўся, адзін раз ударыў кулаком.

Нарэшце, Кацкель нанёс амапаўцу не менш за тры ўдары рукой у вобласць галавы (улічваючы, што ўсе амапаўцы ў шлемах). Пасля гэтага схапіў іншага амапаўца за абмундзіраванне і двойчы ўдарыў.

Момант сутычкі. Першы затрыманы ўжо паспеў адпаўзці

Момант сутычкі. Першы затрыманы ўжо паспеў адпаўзці

Пасля гэтага амапаўцы ўцяклі з месца сутычкі. Дэманстрантаў затрымлівалі ў наступныя дні. Бойка трапіла на камеры відэаназірання, здымалі яе і відавочцы. 

Сведка Аляксандр Казух распавёў, што бачыў затрыманне Бароўскага. Таго затрымалі праз пару дзён пасля Маршу — 15 кастрычніка.

«Мы выйшлі з крамы, яго пачалі круціць і закінулі ў бус, — згадаў Казух. — Тыя, хто затрымліваў, нічога не тлумачылі і не прадстаўляліся».

Яўген Бароўскі, Яўген Кацкель і Іван Зянько віну не прызнаюць ў поўным аб'ёме, Аляксей Драб прызнае часткова. Абвінавачаным пагражае да 6 гадоў.

Відэа таго канфлікту 11 кастрычніка

Пацярпелымі па справе прызнаныя сямёра амапаўцаў. Гэта камандзір аддзялення 4-й роты Дзмітрый Дабрыня, камандзір 4-й аператыўнай групы Аляксандр Чорны, прапаршчык Мацвей Бязрукаў, кіроўца Яўген Белы — усе яны хочуць па 3000 рублёў кампенсацыі. А таксама прапаршчык Іван Палікарпаў, старшы сяржант Аляксей Маргуноў і сяржант Паўловіч.

Таксама мінская міліцыя просіць каля 4000 рублёў, а «Мінсктранс» у Бароўскага — 4700 рублёў.

Вырашае лёс абвінавачаных суддзя Юлія Блізнюк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0