Гэты здымак быў зроблена 22 ліпеня 2020 года. Раніцай таго дня маці Паўла паведамілі, што сына выпусцяць. Калі жонка Вольга Севярынец патэлефанавала на Акрэсціна, ёй сказалі тое самае.

Павел быў затрыманы 7 чэрвеня пасля пікету на Камароўцы. Яму далі 15 сутак за удзел у акцыі, яшчэ 15 — за заклікі. Таксама на ім было некалькі неадбытых сутак за снежаньскія акцыі пратэсту (па розных падліках, гэта ад 15 да 60 сутак).

Упэўненасці ў тым, што палітык апынецца на волі, не было. Але дзясяткі чалавек прыехалі яго сустракаць пад сцены Акрэсціна. Сярод іх — акцёр Павел Харланчук з жонкай, паэт Уладзімір Някляеў.

«Было холадна, памятаю, што вельмі замерзла і стамілася, цяжка было нават гаварыць. Светлы дзень, але надзея, што мы пабачым Паўла, так і не спраўдзілася. Нас раніцай абнадзеілі, а пасля, пратрымаўшы больш за тры гадзіны, сказалі, што яго ніхто вызваляць не збіраецца. Здзек. Бяссілле. Злосць», — успамінае Вольга той дзень.

«Вольга, здавалася, была натхнёная. Падышоў час вызвалення, а Паўла ўсё не было. У нейкі момант яна вырашыла падысці да дзвярэй і спытаць пра яго. І я вырашыла прасачыць за ёй, — распавядае Надзея гісторыю гэтага фота. — 

Я заўсёды дзіўлюся такім моцным людзям, як Вольга. Яна ў няпростым эмацыйным стане, бо за кратамі яе муж, вакол куча журналістаў — а яна спакойна да ўсіх паставілася. У нейкі момант Вольга перастала звяртаць на нас увагу, бо яе думкі былі заняты іншым. 

Гэты здымак просты па сваёй форме, але інтуітыўна фатографы адчуваюць, калі атрымліваецца добры кадр. Мяне зачапіла і сама гісторыя, якая стаіць за ім, — маленькая, але моцная жанчына, якая чакае мужа.

Мне здаецца, атрымалася сімвалічнае фота. Яно паказвае тое, што многія беларусы пасля пратэстаў чакаюць сваіх блізкіх з турмаў.

Я адправіла гэту фатаграфію на конкурс у самы апошні момант. Ужо падрыхтавала ліст і перад тым, як яго націснуць на кнопку, успомніла пра яе. Пасля выбараў было так шмат падзей, што гэты кадр ледзь не забыўся».

Сёлета ў конкурсе World Press Photo ўдзельнічала 4315 фатографаў з 130 краін. Яны адаслалі больш за 74 тысячы здымкаў.

Статус фіналіста азначае, што Надзея Бужан заняла першае, другое ці трэцяе месца ў сваёй катэгорыі.

Беларускія фатографы нячаста трапляюць у лік пераможцаў World Press Photo. У мінулым годзе Таццяна Ткачова заняла другое месца ў катэгорыі «Партрэт» за серыю здымкаў жанчын, якія зрабілі аборт. А ў 1987 журы адзначыла фота Юрыя Іванова.

Надзея Бужан, фота Вікторыі Герасімавай

Надзея Бужан родам з Петрыкава Гомельскай вобласці. Скончыла Інстытут журналістыкі БДУ. Пачала кар'еру фотакарэспандэнта ў газеце «Звязда», куды трапіла па размеркаванні. Нейкі час супрацоўнічала з Tut.by. З 2019 года з'яўляецца штатным фотакарэспандэнтам «Нашай Нівы».

Прымала ўдзел у групавых выставах у такіх галерэях, як Fotografiska Tallinn (Талін, 2020), Aff Galerie (Берлін, 2016), CECH (Мінск, 2014), Belarus Press Photo (Misnk, 2015).

Вялікі ўплыў на яе аказаў курс фотажурналістыкі Андрэя Паліканава, Юрыя Козырава і Таццяны Плотнікавай, арганізаваны адукацыйнай пляцоўкай «ЦЭХ» у 2014 годзе.

У сваіх праектах Надзея займаецца тэмамі свабоды, рэлігіі. Але фатаграфаванне навін — асноўная частка яе працы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?