Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

Пандэмія кавіду толькі па афіцыйных звестках забрала ўжо больш за 2,5 мільёна жыццяў. А калі ўлічыць, што лічбы статыстыкі ў дыктатарскіх рэжымах заніжаныя ў дзясяткі разоў, то ў рэальнасці — нашмат больш.

Свет спадзяецца на вакцыны, выбар якіх становіцца ўсё больш шырокім. Некаторыя з іх паказваюць высокую эфектыўнасць. Якія з іх найлепшыя?

Для навукоўцаў і медыкаў тут складанае пытанне крытэраў.

Адна з вакцын паказвае эфектыўнасць 70%, але яна танная, і яе не трэба захоўваць пры звышнізкіх тэмпературах. Другая вакцына эфектыўная на 95%, але яна больш дарагая і патрабуе больш складаныя ўмовы захоўвання. Калі краіны засяродзяцца на стварэнні інфраструктуры халадовага ланцуга, то вакцынацыю будзе магчыма ажыццяўляць толькі праз месяцы.

Якая з гэтых вакцын можа стаць больш эфектыўным сродкам для барацьбы з пандэміяй?

Даследчык з Бангладэш Шафіун Шымул (Shafiun Shimul) з Універсітэта Дакі сцвярджае: «Калі вы хочаце кантраляваць інфекцыю, то трэба засяроджвацца не толькі на эфектыўнасці вакцыны, але і на тых умовах, якія існуюць у краіне для распаўсюджвання вакцынацыі».

Для вызначэння найлепшай вакцыны ва ўмовах абмежаваных паставак трэба ўлічваць не толькі эфектыўнасць, але і цану, лагістычныя ўмовы, наколькі доўгую ахову ад кавіду забяспечвае вакцына, а таксама яе эфектыўнасць супраць патэнцыйных новых штамаў віруса, піша Nature.

Аднак шмат людзей засяроджваюцца выключна на клінічных выпрабаваннях, якія паказваюць розны ўзровень эфектыўнасці: ад 70%, што мае брытанская AstraZeneca, да 95%, якую паказалі амерыканска-нямецкая Pfizer-BioNTech і 96% у Novavax.

Дэвід Кенэдзі, даследчык інфекцыйных захворванняў ва Універсітэце штата Пенсільванія, перакананы, што немагчыма параўноўваць вакцыны выключна на аснове гэтых клінічных выпрабаванняў.

Кожнае вымярэнне эфектыўнасці мае пэўную ступень нявызначанасці, а даследаванні адрозніваюцца ў крытэрах, па якіх ацэньваюцца цяжкія выпадкі кавіду.

Да таго ж, варта ўлічваць дэмаграфічны фактар. Напрыклад, у выпадку з вакцынай AstraZeneca даследчыкі атрымалі мала звестак наконт яе эфктыўнасці для людзей, старэйшых за 65. У выніку Германія дазволіла гэтую вакцыну толькі тым, каму не споўнілася 65. Аднак Еўрапейскае агенцтва па лекавых сродках (European Medicines Agency) рэкамендуе гэту вакцыну ўсім дарослым.

Вакцыны праходзілі даследаванні ў розных краінах у розны час. Гэта значыць, што кожнае выпрабаванне паказвала эфектыўнасць супраць таго штама віруса, які дамінаваў менавіта ў гэтай краіне менавіта ў той час. Гэты момант асабліва важны, паколькі свет змагаецца з новымі варыянтамі кавіду, на якія вакцыны дзейнічаюць не так эфектыўна.

Важных звестак пра вакцыны яшчэ не дастаткова, каб меркаваць, якая з іх з’яўляецца найлепшай. Лекі не заўсёды працуюць так жа добра ў рэальнасці, як у клінічных выпрабаваннях.

Добрая вестка, што вынікі масавай вакцынацыі ў Ізраілі паказалі эфектыўнасць Pfizer раўнютка на тыя самыя 95%, якія былі вызначаныя і на этапе выпрабаванняў. Праз некалькі месяцаў медыкі аналагічныя звесткі наконт іншых вакцын.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0