Ігар Краўчанка раней ужо трапляў у ІЧУ ў канцы жніўня 2020 года за ўдзел у мірным пратэсце.

«Больш за ўсё міліцыю ўзвар'явала фатаграфія каля ялінкі 5-га мікрараёна, зробленая 1 студзеня. Я стаяў на фоне ялінкі з бел-чырвона-белым сцягам. У міліцыі крычалі: «Ты адзіны выйшаў!» Патрабавалі, каб я аддаў сцяг 5-га мікрараёна. І проста вязалі кожны эпізод. Я адказваў, што гэта не я, пакажыце, дзе на фота ёсць я. Безвынікова — проста пісалі пратаколы. Гэта нікога не цікавіла. Тым больш суддзя быў Мохараў.

Там цікава ў рашэнні суда было. Яны змаглі прыплесці, што я парушыў Канвенцыю ААН па правах чалавека. Усе ўжо смяяліся. Я бачыў сотні рашэнняў суда, але я бачыў першы раз, каб яны спасылаліся на Канвенцыю ААН па правах чалавека», — кажа мужчына.

Мужчына сказаў, што лічыць затрыманне і заключэнне пад варту незаконнымі і палітычна матываваным.

«Адзінай формай пратэсту ў гэтых умовах магла быць галадоўка. І з першага дня (арышту) абвясціў галадоўку. Цалкам галадаў усе 28 дзён знаходжання ў ІЧУ. Першыя 13 дзён была толькі вада, потым з'явіліся чай і цукар. І яшчэ мне перадалі пасылку, там быў літр соку», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0