«Меліярацыя з Альберам Камю»
Студэнтаў універсітэта добраахвотна-вымушана адпраўляюць працаваць на меліярацыі. Глухая вёска на мяжы з савецкай Латвіяй, кормяць кепска, бытавыя ўмовы цяжка вынесці. Шмат маладых сілаў, гармоны шукаюць выйсця. Хлопцы гуляюць мускуламі, б'юцца «сценка на сценку» з бандай «непераможных» матацыклістаў-латышоў падчас дыскатэкі. Удары фінкай, забароненыя прыёмы і разборкі ў міліцыі.
На паліцах вясковай бібліятэкі адзін з герояў знаходзіць кнігу Альбера Камю. Гарачая кроў пачынае разбаўляцца філасофіяй экзістэнцыялізму:
«— Перш-наперш спазнаць саміх сябе, вызначыць сабе цану.
— Якім чынам?
— А вось якім… апынаешся ў крытычнай сітуацыі, калі трэба нешта рабіць і калі няма часу на роздум. … Што рабіць? Прыняць бой? Прасіць літасці? У кусты кінуцца? Тут і высветліцца — хто ты. Кавалак г…на ці сапраўдны чалавек».
Герой абірае быць чалавекам.
У Вільні
Пачынаецца захад вялікай эпохі — застой і «сухі закон». Спякотнае лета. Два юнакі-студэнты выпраўляюцца ў сацыялістычную Вільню ў электрычцы, перапоўненай «чаўнакамі», па дрожджы і каўбасу. Адзін з іх упершыню бачыць горад, спрабуючы пільна ўзірацца ў кожную цагліну, закладзеную ў падмуркі старажытных храмаў. Так, для кагосьці «О Вільня, крывіцкая Мекка», а для кагосьці — магчымасць атрымаць «хлеба і відовішчаў», душачыся ў шматкіламетровай чарзе.
Карткавая сістэма і прадуктовы дэфіцыт засведчылі не толькі пра матэрыяльную беднасць. Чаго насамрэч нам не хапала і не хапае да сёння? Юнак, назіраючы, як дзве мажныя кабеціны-беларускі ўсчынаюць бойку з мясцовай жыхаркай, літоўкай, выпіхваючы яе з чаргі, разумее: урокі гісторыі паўтараюцца. І мы ходзім па колах пекла да той пары, пакуль гэтыя ўрокі не засвоім. Крыніца нашай галечы — маральнае і фізічнае рабства, інтэлектуальны дэфіцыт, убогасць і вузкасць мыслення. І калі на адным баку вагаў — пачуццё ўласнай годнасці, а на другім — жаданне нагнаць самагонкі, нажэрціся і забыцца, на пошук «залатой сярэдзіны» можа сысці ўсё жыццё.
Дзе прадаецца кніга? У інтэрнэт-кнігарнях Kniganosha.by, Knihi.by, а таксама ў кнігарнях «Акадэмкніга», Цэнтральная кнігарня, «Кнігі і кніжачкі», «Светач».