Лявон Халатран быў затрыманы 11 жніўня 2020 года і моцна збіты. Спачатку яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — «Удзел у масавых беспарадках», аднак у снежні абвінавачванне перакваліфікавалі на ч. 1 арт. 342 КК — «Групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак».

Лявон Халатран жанаты, у яго ёсць маленькі сын. Раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Лявона Халатрана палітычным вязнем.

У судзе забаранілі відэа і фотаздымку, хаця абвінавачваны быў не супраць. Лявон Халатран хадайнічаў аб вяртанні справы ў пракуратуру для выпраўлення граматычных і пунктуацыйных памылак, аднак суддзя такое хадайніцтва не задаволіў.

Згодна з абвінавачваннем, Лявон Халатран прынял актыўны ўдзел у групавых дзеннях ў ноч з 9 на 10 жніўня, якія пацягнулі грубае парушэнне грамадскага парадку, а менавіта публічна заклікаў людзей да такіх дзеянняў праз інтэрнэт, перакрываў дарогі па вуліцах Багдановіча — Машэрава і Куйбышава — Машэрава ў Мінску, перашкаджаў руху транспарту, выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў у далоні. Нанесеная нібыта Лявонам шкода Мінсктрансу складае 115 000 рублёў. 

Сваёй віны Лявон Халатран не прызнае. 

У судзе хацелі дапытаць жонку Лявона — Алену Смаляга, але яна адмовілася сведчыць супраць мужа. 

Суд дапытаў самаго Лявона. Ён сцвярджае, што ніякіх супрацьпраўных дзеянняў не здзяйсняў, а 11 жніўня яго груба затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗ. Па словах палітвязня, 9 жніўня ён прачнуўся, пайшоў галасаваць, пасля паехаў у штаб Віктара Бабарыкі, у мітынгах удзелу не прымаў. Лічыць, што абвінавачванне звязанае з яго ўдзелам ў ініцыятыўнай групе Віктара Бабарыкі. 

Калі Лявона затрымалі, то адвезлі ў ГУБАЗ, дзе паставілі да сцяны, рукі скруцілі за спінай хамутамі, пачалі збіваць. Міліцыянеры прасілі аддаць пароль ад тэлефона, каб яны спынілі збіццё — Лявон даў пароль.

На Акрэсціна ў ІЧУ палітвязень прасіў зняць пабоі, аднак медыцынскі адгля адбыўся толькі праз два тыдні. Пасля ў медыцынскіх дакументах адсутнічала фатаграфія лба, дзе была буйная драпіна. 

У судзе аб'яўлены перапынак да 16 лютага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1