Фота https://e-finland.ru

Фота https://e-finland.ru

Агенцтва па міжнародным гандлі і інвестыцыях забяспечыць 15 пераможцам суправаджэнне з аэрапорта, культурную падрыхтоўку, умовы для дыстанцыйнай працы і ўсю дакументацыю, неабходную для трохмесячнага пражывання ў краіне. Таксама замежнікі атрымаюць жытло, а іх дзяцей адправяць у садок ці школу. Выдаткі на авіяпералёт і пражыццё не прадугледжаныя, але ў выпадку паспяховага тэставага перыяду ёсць магчымасць атрымаць матэрыяльную дапамогу падчас падачы дакументаў на пастаяннае месца жыхарства, піша BBC

Алі Отарсан, адзін з пераможцаў праграмы, які займаецца інвестыцыямі ў відэагульні, кажа, што падаў заяўку, бо быў занепакоены лічбамі выпадкаў каранавіруса ў Лос-Анджэлесе, адкуль ён родам. Ён плануе выкарыстаць праграму, каб вывучыць новыя інвестыцыйныя магчымасці ў індустрыі гульняў у Хельсінкі і набыць новыя кантакты ў адным з найменш пацярпелых ад кавіду гарадоў Еўропы.

«Мая нявеста таксама займаецца бізнэсам, таму мы разглядаем праграму як магчымасць пашырыць сваю сетку ў Фінляндыі, а таксама вырвацца са звыклага сацыяльнага кола і пазнаёміцца з новымі людзьмі», — сцвярджае Алі Отарсан.

Ініцыятыва Фінляндыі выклікала шмат увагі за апошнія тыдні ва ўсім свеце. Хоць было абрана толькі 15 пераможцаў, арганізатары праграмы спадзяюцца, што рэклама гэтай ініцыятывы дапаможа прывабіць яшчэ больш таленавітых людзей, каб запоўніць недахоп кадраў у высокатэхналагічным сектары эканомікі. Калі гэта спрацуе, падобныя праграмы перасялення могуць стаць каштоўным інструментам у канкурэнтнай барацьбе за замежных прафесіяналаў.

Фінляндыя дала свету аперацыйную сістэму Linux, тэлекамунікацыйнага гіганта Nokia, а таксама тэхналогію SMS, якая забяспечвае абмен тэкставымі паведамленнямі. Тым не менш, попыт на тэхналогіі расце, а кваліфікаванай працоўнай сілы ў Фінляндыі бракуе.

«У нас цудоўная школьная сістэма, мы рыхтуем шмат інжынераў і праграмістаў, але попыт настолькі вялікі, што і гэтага недастаткова», — кажа Ёхана Хуурэ з Helsinki Business Hub. «Акрамя гэтага, мы не думаем, што ўсе вялікія розумы сканцэнтраваныя ў Фінляндыі. Наяўнасць замежных талентаў дапаможа нашым ідэям распаўсюдзіцца на ўвесь свет».

Хельсінкі, па глабальных мерках, горад малы — у ім жыве менш за мільён чалавек, а ўсяго ў Фінляндыі — толькі 6 мільёнаў чалавек. Згодна з апошнім Глабальным індэксам канкурэнтаздольнасці талентаў, горад займае 31 месца ў свеце. Хельсінкі — горад з невялікім глабальным уплывам, малым турыстычным патокам і меншай колькасцю штаб-кватэр транснацыянальных карпарацый.

Ёнас Хала, старшыня аддзела павышэння кваліфікацыі ў Business Finland адзначае, што найбольш запатрабаваныя ў Фінляндыі спецыялісты з галін кібербяспекі, касмічных тэхналогій, тэхналогій аховы здароўя, відэагульняў і квантавых вылічэнняў. Тыя, хто шукае працу, напрыклад, у сферы звестак і аналітыкі або распрацоўкі праграмнага забеспячэння, могуць разлічваць на заробак €4113 штомесяц (каля 13 тысяч беларускіх рублёў).

Арганізатары праграмы былі прыемна здзіўлены колькасцю заявак на праграму ад таленавітых кандыдатаў з усяго свету. 30% кандыдатаў былі з Паўночнай Амерыкі, а астатнія — з іншых кантынентаў. Большасць (70%) працуюць дыстанцыйна, 16% з’яўляюцца прадпрымальнікамі, а 12% шукалі працу непасрэдна ў Хельсінкі. Было таксама 60 інвестараў.

Helsinki Business Hub стварыў базу дадзеных, дзе ўсё кандыдаты могуць размяшчаць свае профілі для мясцовых працадаўцаў. Канчатковая мэта праграмы не ў тым, каб прывабіць 15 высокаадукаваных чалавек. Хельсінкі жадае, каб як мага больш кваліфікаваных кандыдатаў даведаліся пра Фінляндыю і пабачылі, як выгадна і камфортна працуецца там.

Хоць праграма была адкрытай для ўсіх грамадзян, арганізатары не ўтойвалі, што хацелі прывабіць як мага больш кандыдатаў з ЗША, якія, магчыма, занепакоеныя сітуацыяй з пандэміяй у краіне і палітычнымі хваляваннямі. Стаўка была зроблена на скандынаўскую сістэму сацыяльнага забеспячэння, каб пераканаць работнікаў з сонечных месцаў, такіх як Каліфорнія, пераехаць у Фінляндыю.

«Відавочна, што калі вы хочаце толькі сонечнага надвор’я, Фінляндыя не будзе для вас ідэальным месцам, але калі вы любіце ўсе 4 сезоны, а таксама хочаце жыць у грамадстве, дзе ўсё цудоўна функцыянуе, Фінляндыя — выдатны варыянт», - пераконваюць стваральнікі праграмы.

«Што датычыцца нас, мы хочам захаваць нашу скандынаўскую мадэль сацыяльнай абароненасці для ўсіх, а для гэтага нам патрэбны таленты і інвестыцыі».

Харындэр Ясваль, спецыялістка па біяхіміі з ЗША, пераехала ў Фінляндыю ў 2019 годзе. Па яе словах, пераезд прайшоў добра, але былі свае праблемы. Прыйшлося прывыкаць да нізкіх тэмператур, а таксама да менталітэту фінаў. Жыхары Фінляндыі не такія экстраверты, як амерыканцы, яны цішэйшыя і шануюць сваю асабістую прастору.

Феліпэ Мантэйра з французскай бізнэс-школы Insead адзначае, што праграма Фінляндыі — прыклад таго, як можна мысліць нестандартна, каб канкураваць з такімі гарадамі, як Лондан, Сінгапур і Сан-Францыска. 

Нагадаем, што Фінляндыя — гэта краіна з халодным кліматам, але высокім узроўнем эканамічнага развіцця. Яна абараніла незалежнасць ад СССР у крывавай вайне 1939—1940 года і збудавала высокаэфектыўную эканоміку. Перад Другой сусветнай вайной яна стаяла на адным узроўні развіцця з Эстоніяй. Праз 40 гадоў акупаваная саветамі Эстонія ўжо безнадзейна адставала. У перыяд Халоднай вайны фіны займалі паслядоўна нейтральную, асцярожную пазіцыю. Цяпер Фінляндыя — у Еўрасаюзе, але не рашаецца ўступіць у НАТА з боязі, што Расія пачне помсціць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0