«Раману 25 гадоў. Ён працаваў камплектоўшчыкам, гуляў у футбол — звычайнае жыццё.
Але ў жніўні пасля выбараў ён выходзіў на вуліцу. Што там адбылося, я дакладна не ведаю, бо мяне не было нават у горадзе. Пасля, калі вярнулася, убачыла ў Рамана на целе раны — сляды ад гумавых куляў. Але на той момант ён нікуды не звяртаўся, наколькі я ведаю, ані ў бальніцу, ані ў міліцыю, — расказвае Ганна. —
18 кастрычніка Раман зрабіў мне прапанову выйсці за яго. Я адказала: «Так!»
А раніцай 20 кастрычніка, а палове на восьмую, па Рому прыйшлі, нібыта з Ленінскага РУУС. Сказалі, што затрымліваць не будуць, маўляў, нават пашпарт не трэба браць. Але праз тры гадзіны тэлефон Ромы стаў недасяжны.
Я пачала яго шукаць. Толькі праз 7 гадзін мяне набраў следчы, які сказаў, што Раман у іх, яго адправяць у ІЧУ на трое сутак, а пасля ці адпусцяць, ці перавядуць у СІЗА».
Рамана не адпусцілі. Ужо тры месяцы ён знаходзіцца пад вартай у СІЗА».
Хлопца вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках (частка 2 артыкула 293 КК). Яму пагражае ад 3 да 8 гадоў зняволення.
«Вінавацяць, што нібыта ён кінуў у кагосьці ці кудысьці камень», — кажа Ганна.
Цікава, што менавіта дзяўчына вырашыла, што варта распісацца ў СІЗА. «Гэта была мая ідэя. Я хацела яго падтрымаць — сваякоў у Ромы няма, толькі мама, з якой не лепшыя стасункі па пэўных прычынах. Таму ў яго толькі я і сябры. І я сказала, што пастараюся, каб нас распісалі ў СІЗА.
Для гэтага спачатку бярэш дазвол у следчага. Калі ён дазваляе, то ідзеш у ЗАГС, паказваеш гэтую паперу. Там адзін бланк запаўняеш сама, другі вязеш у СІЗА. Плаціш пошліну — і пасля «выязная рэгістрацыя» праз некалькі дзён.
У дзень шлюбу я заехала ў ЗАГС за работніцай, прыехалі ў СІЗА. Там у невялікім пакоі ўсё і адбылося. Жанчына зачытала свае цырыманіяльныя словы, мы з Ромам паставілі подпісы — і ўсё. Сведкаў не было. Прысутнічалі толькі мы, тая жанчына з ЗАГСа і двое канвойных.
Нельга было зрабіць нават фота — тэлефон жа ў СІЗА не пранясеш. Таксама не дазволілі адзець Раману шлюбны пярсцёнак, нават хаця б на пару секунд.
Мы абняліся — і Рому ўвялі. Спаткання ніякага не далі».
Цяпер Ганна і Раман будуць чакаць суд.
«Атрымліваецца, буду жонкай палітвязня. Хочацца спадзявацца на лепшае, але ж я бачу, што адбываецца навокал. Калі Раману дадуць тэрмін — ну што ж зробіш. Трэба будзе чакаць.
Але я ні пра што не шкадую.
Мая мама ўспрымае Рамана амаль як свайго сына. Таму і бацькі, і сябры падтрымалі маё рашэнне — супраць ніхто не быў і ніхто мяне не адгаворваў».