Навукоўцы з Універсітэта Гранады, Універсітэта Севіллі і вышэйшага даследчага савета Іспаніі выявілі старажытны крыштальны кінжал падчас раскопак на паўднёвым захадзе краіны, піша Daily Mail.

Грабніца, у якой знайшлі кінжал, размешчана ў ніжняй частцы даліны Гвадалквівір (паселішча Валенсіна-дэ-ла-Кансэпсьён Кастыльеха-дэ-Гусман).

Даўжыня артэфакта — 22 см, а прыкладны ўзрост — пяць тысяч гадоў. Кінжал выявілі разам з 10 наканечнікамі стрэл і іншым рыштункам.

Кінжал, зроблены з горнага крышталя, эксперты называюць «найбольш тэхнічна складаным» з усіх калі-небудзь выяўленых артэфактаў перыяду дагістарычнай Іберыі, бо для яго стварэння спатрэбілася б велізарнае па тых часах майстэрства.

Па словах даследнікаў, кінжал знайшлі далёка ад руднікоў, дзе здабывалі горны крышталь. Гэты факт можа сведчыць аб тым, што калісьці прадмет належаў прадстаўніку эліты, які заплаціў велізарную цану за тое, каб атрымаць матэрыял і апрацаваць яго.

«Знаходка, верагодна, уяўляе сабой пахавальную атрыбутыку, даступную толькі эліце гэтага перыяду», — гаворыцца ў высновах даследавання.

Таксама існуе меркаванне, што крышталь у той час выкарыстоўвалі для ўзмацнення жыццёвай сілы, магіі і сувязі з продкамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0