Магілёўца асудзілі на год «хіміі» за раскіданыя самарэзы каля будынкаў сілавых органаў
Суд Ленінскага раёна Магілёва 21 студзеня асудзіў 50-гадовага Сяргея Базука паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (Хуліганства) на адзін год «хіміі», паведамляе MAYDAY. Яго абвінавацілі ў тым, што 26 кастрычніка і 11 лістапада ён раскідаў на службовых стаянках каля абласнога ўпраўлення міліцыі, Камітэта дзяржаўнага кантролю, 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК і Следчага камітэта самарэзы, каб супрацоўнікі гэтых ведамстваў прабілі колы службовых машын. Ад дзеянняў магілёўца пацярпеў толькі супрацоўнік КДК, які ацаніў шкоду ў 30 рублёў. Справу разглядала суддзя Аксана Ратнікава. Мужчыну трымалі пад вартай з 16 лістапада, сёння яго вызвалілі ў зале суда.
Сяргей Базук на судзе сваю віну прызнаў цалкам і раскаяўся. Нанесеную шкоду ў 30 рублёў абвінавачаны кампенсаваў яшчэ да першага судовага пасяджэння.
Суддзя суда Ленінскага раёна Аксана Ратнікава пакарала магілёўца абмежаваннем волі з адбыццём у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год.