Фота са старонкі Уладзіміра Ушакова ў фэйсбуку

Фота са старонкі Уладзіміра Ушакова ў фэйсбуку

— Ваш тэатр існуе ўжо шаснаццаць гадоў. Раней дзяржава неяк праяўляла сябе ў дачыненні да вас?

— Не, нічога такога не было. У 2018-м у нас выйшаў спектакль «Дракон» паводле Яўгена Шварца і многія казалі: «Напэўна, вас закрыюць». Але, як ні дзіўна, мы працягнулі паўнавартасна працаваць, а канкрэтныя рухі і дзеянні пачаліся ўжо гэтым летам. Адна з нашых пляцовак «Дыпсервіс Хол» не прадоўжыла з намі дамову і папрасіла тэрмінова вывезці дэкарацыі і касцюмы. Пазней мы вымушаны былі з’ехаць і з канцэртнай залы «Мінск». 4 лістапада нам адмянілі спектакль за тры гадзіны да пачатку — з упраўлення культуры Мінгарвыканкама даслалі паперу, маўляў, у нас няма гастрольнага пасведчання, а спадар Шастакоў (цяпер дырэктар Купалаўскага тэатра) прыехаў пракантраляваць, каб мы выканалі распараджэнне. У нас тады была прададзена ўся зала — натуральна, артысты засталіся, каб сустрэць гледача і патлумачыць яму, што мы рыхтаваліся, але так атрымалася. Пасля гэтага мы ўжо не змаглі там працаваць: з цяжкасцю аформілі пасведчанні па новых правілах, але на наступны дзень зала сышла на каранцін.

— Гастрольнае пасведчанне выдаюць не на тэрмін, а на спектакль?

— Так, умовы ўжо некалькі разоў памяняліся. У нас былі пасведчанні на пяць студзеньскіх спектакляў у «Ок16», але паколькі пляцоўка закрылася, нам трэба знайсці іншую і атрымаць на яе новыя пасведчанні. На афармленне адводзіцца дзесяць працоўных дзён, да атрымання мы не маем права рабіць рэкламу і прадаваць білеты. Аднойчы мы так ужо прадалі білеты на пастаноўку за тыдзень: наш глядач знаходзіць нас і моцна падтрымлівае.

— Ці павысілася цікавасць да спектакляў з удзелам Дзяніса Дудзінскага пасля яго заключэння і вызвалення?

— У нас ёсць акцёры, на якіх адмыслова набываюць білеты, дык вось да Дзяніса Дудзінскага заўсёды была павышаная ўвага, нават тады, калі ён выйшаў на сцэну ўпершыню. Канечне, яму выказвалі салідарнасць, у нас і іншых артыстаў затрымлівалі, але цікавасць да Дзяніса ўзнікла не тады, калі яго арыштавалі, і не ад таго, што ў дачыненні да яго адбыліся рэпрэсіі. Проста для людзей, напэўна, пацвердзіліся нейкія якасці гэтага чалавека і яго пазіцыя.

— Ці змянілася актыўнасць вашых гледачоў за апошнія месяцы?

— Нашы гледачы сказалі, што пойдуць за намі, на якую б пляцоўку мы не пайшлі. Гэта вельмі прыемна. «Дракону» ўжо два гады, і ён заўсёды пакідаў моцныя ўражанні. #Гэтадэмакрэйшэн, які цяпер адмянілі ў «Ок16», быў пастаўлены ў 2019-м — гэта спектакль пра нас і пра сённяшнюю краіну паводле літоўскай п’есы, дзе ў адным пад’ездзе жывуць людзі розных нацыянальнасцяў. Раней гэтыя пастаноўкі не выклікалі нейкай рэакцыі ўлады, але, відаць, цяпер тут нешта некаму перашкаджае. Мне здаецца, наш тэатр хочуць зрабіць ізгоем, але не разумею, чаму нам не даюць гаварыць тое, што мы ўжо казалі раней. Афіцыйна мне пакуль ніхто нічога не патлумачыў. Так ці інакш тэатр будзе працаваць, пакуль яго не закрыюць. Зараз мы рэпетуем п’есу паводле рамана Сашы Філіпенкі «Былы сын». Мы шукаем новую пляцоўку і будзем працягваць дзейнасць, пакуль нам ёсць што сказаць, пакуль людзі, што ў нас працуюць, жадаюць гэтага.

— Але ж вы выбіраеце кнігу аўтара, які выказваецца супраць дзейнай улады, то-бок фактычна робіце выклік сістэме.

— Я не кранаю пазіцыю аўтара, мне цікавы яго раман. Там ёсць гісторыі, якія мяне хвалююць, пра якія я б хацеў гаварыць. Хоць, вядома, мы таксама перажываем за краіну і хочам, каб спыніўся гвалт, усе селі за стол перамоў і аб нечым дамовіліся.

— Як вы асабіста перажываеце апошнія месяцы?

— Я іх менавіта перажываю, цяпер час перажыванняў. Мне здаецца, у людзях шмат мяняецца: яны становяцца светлымі, пачынаюць разумець, дзе дабро, а дзе зло, і рабіць выбар.

— Вы шаснаццаць гадоў развіваеце і клапоціцеся аб сваім тэатры. Што вы адчуваеце, калі раптам ён аказваецца пад пагрозай закрыцця?

— Я стварыў дом у сваёй краіне, дзе зручна і артыстам, і рэжысёрам, дзе яны маглі выказваць свае думкі і меркаванні, дзе была свабода творчасці. Вядома, мне шкада, што мы рызыкуем спыніцца, але сцены абрушацца, а тэатр застанецца. Мы ў любым выпадку жывімся надзеяй, што будучыня будзе светлай. Калі закрыецца наш тэатр, адкрыецца нешта новае, тое, што, можа быць, павінна нарадзіцца. Напэўна, каб у сённяшнім свеце адбыліся змены, трэба ісці на ахвяры і быць гатовым да выпрабаванняў. Любая вайна павінна скончыцца, любы дракон павінен быць адолены.

— А ці магчымая была ў нас свабода творчасці ў тэатры?

— Да апошніх падзей мы пра гэта нават не задумваліся, бо што хацелі ставіць — ставілі. Свабода заўсёды ў галаве чалавека і калі ты яе маеш, то здольны яе і выказаць. Праўда, сёння гэта ўжо складана альбо нават немагчыма. Я жыву тэатрам і на пытанні магу адказваць толькі праз сцэну.

— Як зменіцца беларускі тэатр праз усе гэтыя падзеі?

— Ён моцна зменіцца і нарэшце стане актуальным, сыдзе ілюзія класічнага балота. Тэатр павінен бачыць рэчаіснасць, глядач павінен сесці і сказаць: «Ой, гэта пра мяне».

— Купалаўскі тэатр плануе паставіць спектакль. Вы б на яго пайшлі?

— Не, канечне, я падтрымаў таварышаў, якія сышлі, і лічу, што трупа захаваецца і вернецца ў гэты будынак. Нам і грамадству трэба зрабіць усё, каб яны вярнуліся на родную сцэну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0