Таццяна Касмачова — жонка Пятра Елфімава, яго канцэртны дырэктар, прадзюсар

Таццяна Касмачова — жонка Пятра Ялфімава, яго канцэртны дырэктар, прадзюсар

— Пётр! Ведаем, што з 2013 года вы з жонкай жывяце ў Маскве, а сюды, на лецішча пад Мінскам, прыязджаеце адпачываць. Дзе камфортней за ўсё знаходзіцца? Дзе адчуваеш сябе самім сабой? Мы не гаворым пра сцэну, пра драйв на эстрадзе, альбо за рулём аўтамабіля…

— Вось тут, дзе мы з вамі зараз гаворым. Менавіта тут мне камфортна, спакойна. Але гэта ўжо не лецішча, а дом.

— Відаць, у гэтага дома ёсць перспектыва?

— Так, мы ж яго ўжо часткова пабудавалі. І будаваць прадаўжаем.

— Раскажыце, як усё пачалося.

Таццяна: — Мы вельмі хацелі купіць дом. Пеця мяне ўгаворваў. Бо ён жа нарадзіўся і жыў у прыватным доме з вялікім садам у Магілёве. Я спачатку сумнявалася, паколькі, як кажуць, дзіця асфальту: нарадзілася і вырасла ў Мінску. Больш за тое, баялася нават лецішчнай ізаляцыі. Спачатку мы планавалі мець тут толькі лазню, а потым вырашылі прыбудаваць другі паверх. Вымаляваўся невялікі гасцявы домік. Ну, а цяпер прыйшлі да таго, каб яго далей дабудоўваць… А раней нават хацелі ўчастак з ужо закладзеным падмуркам прадаваць. Вады тут няма зімой, газу таксама. А нядаўна яго правялі. Гэта нас і падштурхнула далей дзейнічаць…

Фота: Паліна Касмачова

Фота: Паліна Касмачова

Пётр: — Танюша была катэгарычнай. Але мы з Палінай (дачка Таццяны Касмачовай — «НН») настаялі: нічога прадаваць не будзем! Я казаў Тані: ты зразумееш, як гэта цудоўна — свой дом, свая зямля, яшчэ адчуеш гэту радасць. І вось калі мы ўсё гэта, што ёсць цяпер, пабудавалі, то зразумелі: нам тут так добра, як нідзе. Гэта якраз тое месца, дзе мы адпачываем душой. І калі б не было ні працы, ні паездак, то ўжо можна было б прыехаць сюды і застацца. Тут усё сваімі рукамі створана. Да дробязяў. Затое мы цяпер у будаўніцтве вялікія спецыялісты.

— Выходзіць, як у той показцы гаворыцца, Пётр Ялфімаў — «и швец, и жнец, и на дуде игрец»?

— Ну так і ёсць! Усё рабілася ў адпаведнасці са стандартамі. Кожны сантыметр у доме вывераны.

— Таня, а калі ты зразумела, што і табе тут камфортна?

— Прыехалі мы ў мінулым годзе з Іспаніі. У Пеці ў Маскве канцэрт на канцэрце. Ідзе зіма, а дом, куды газ яшчэ не правялі, трэба абаграваць. Электрычнасці няма. Вось мне і давялося тут быць, пакуль электрык усё, што трэба, рабіў. Упершыню ў жыцці я засталася адна. Ніхто да мяне прыехаць не можа. Першую ноч я гуляла. На вуліцы, хоць дачнікі амаль усе раз’ехаліся, было чамусьці менш страшна. А ў доме мяне падтрымлівалі кацяняты. Калі яны спакойныя, значыць, усё добра, думала я, ніхто чужы тут не з’явіўся. А на адной сцяне усё нешта стукала пад парывамі ветру. Я не разумела, што гэта такое, а там боўтаўся кавалак мембраны. Потым адзін з катоў мяне напалохаў яшчэ больш: скокнуў з падмурка на акно… Увогуле, былі страхі. А пад канец тыдня выйшла раніцай — і я адчула гэтую асаблівую атмасферу, якая так адрозніваецца ад гарадской: цішыня, свежае паветра, на душы невытлумачальна спакойна. Хоць і надвор’е асабліва такому душэўнаму настрою не спрыяла, але мне было добра. І вось тады я зразумела Пецю. І калі ён прыехаў, сказала пра тое, што гатовая застацца ў доме. Страхі свае я, па жыцці баязліўка, пераадолела. Мне, дарэчы, іх даводзілася ўціхамірваць і ў Магілёве, калі ездзілі ў госці да Пеціных бацькоў. Там у іх ёсць маразілка, якая калі ўключаецца, то выдае асаблівы гук. Пачула яго ўпершыню ноччу — і ўвесь дом на ногі падняла: маўляў, хтосьці да нас лезе… (смяемся).

— Увогуле, Таня з домам пасябравала. Ты, Пётр, быў рады?

— Вядома, быў вельмі рады. І маразілка яе ўжо не палохае. Нядаўна мы з’ездзілі да бацькоў у госці. Не былі там больш за год. Паўплывала і сітуацыя з каранавірусам. Дарэчы, у сувязі з ім за гэты перыяд у мяне і канцэртаў менш.

— Ведаем, што твая сям’я вельмі музычная, можна сказаць, што ты — прадстаўнік дынастыі…

— І гэта меркаванне ўжо ўстаялася. Бацькі мае абодва закончылі кансерваторыю ў Мінску. Тата — Ялфімаў Пётр Іванавіч, мама — Ялфімава Жанэта Генадзеўна. Яны харавікі-дырыжоры. Па мамінай родавай лініі ёсць палякі, беларусы і рускія — і каталікі, і праваслаўныя, а па татавай — літоўцы, палякі і рускія. Вось такі інтэрнацыянальны замес, акрамя музычнага, ува мне. Што цікава, і бабуля мая, Ганіфада, выдатна спявала сама па сабе, яна нідзе не вучылася. А дзядуля Генадзь іграў на акардэоне і на ўсім, што, як кажуць, трапляла яму ў рукі. Песні бабулі і музыку дзядулі я чуў з дзяцінства. У сям’і захаваліся запісы з бабулінымі песнямі, мама паспела запісаць некалькі кавалачкаў на дыктафон. Адтуль ногі і растуць. Я і на трубе іграю. Дарэчы, і ў мамы вельмі прыгожы голас.

— У якіх педагогаў ты вучыўся ў кансерваторыі?

Фота: Сяргей Крофт

Фота: Сяргей Крофт

— У Анатоля Міхайлавіча Генералава. Маё італьянскае бельканта ад яго. А ў магістратуры — у Віктара Іванавіча Скарабагатава. Мой іспыт у магістратуры быў у сваім родзе арыгінальны, цікавы. Скарабагатаў, закончыўшы магістратуру, спяваў на гледача. І я, праз 40 гадоў, у 2009‑м праспяваў. І тое таксама было ў вялікай зале філармоніі з двума аркестрамі — з «Маладой Беларуссю» Міхаіла Антонавіча Казінца і з яго ж Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам імя Іосіфа Жыновіча. На мой экзамен прадаваліся квіткі. У праграме гучалі і старадаўнія арыі, Даніцэці, Шуберт, народныя творы, рамансы. Выконваў я і арыю Ленскага з оперы П. І. Чайкоўскага «Яўгеній Анегін» і многае іншае. Для мяне ўсё было вельмі хвалююча. Зала бітком, поўны аншлаг — і экзаменацыйная камісія на лепшых месцах…

— Як жа ўзнікла ў тваім жыцці эстрада?

— Ды яна першапачаткова была, толькі я тое адразу не ўсведамляў: я ж былы духавік. З 6 гадоў пайшоў у школу з музычным ухілам па класе трубы. У 1994 годзе паступіў у Магілёўскую гімназію-каледж музыкі і харэаграфіі на спецыяльнасць «харавік-дырыжор». Мама ўгаварыла, каб я пайшоў да яе ў клас. Але перад тым быў парыў: кінуць музыку і з’ехаць у Мінск, каб звязаць сваё жыццё з прафесіяй альбо мультыплікатара, альбо дызайнера: я нядрэнна малюю. Адначасова ж і мастацкую школу скончыў.

— У гімназіі, відаць, і набываў вопыт вакаліста?

— Так, у гады вучобы пачаў спяваць, выступаў з эстраднай студыяй «Дубль В» пад кіраўніцтвам Васіля Сянькова і Васіля Буйніцкага. Дарэчы, адной з удзельніц нашай студыі была Наташа Падольская. Ужо ў 1996‑м быў адзначаны прэміяй «Зорнае ростані» на конкурсе маладых артыстаў. Стаў лаўрэатам. А першы раз я там пабываў у 1993 годзе. І нічога не атрымаў. Паслухалі мяне тады і сказалі: дзякуй, хлопчык, ты добры, ідзі, вучыся далей. Я і пайшоў… (смяецца). Мяне там, аб чым значна пазней даведаўся, ацанілі як нефактурнага і бесперспектыўнага. Я тады быў маленькі і тоўсты… Калі заканчваў каледж, зразумеў: трэба ісці далей вучыцца. І прыняў рашэнне: ехаць у Мінск і паступаць у кансерваторыю вывучаць акадэмічныя спевы. У гады вучобы актыўна ўдзельнічаў у КВЗ. (На сённяшні дзень Пётр — прафесійны КВЗэншчык, з’яўляецца абсалютным чэмпіёнам Міжнароднага саюза Клуба вясёлых і знаходлівых. — Аўт.). З Таццянай час ад часу пасля 1993‑га мы перасякаліся. Неяк яна ў мяне спытала пры сустрэчы: ты яшчэ спяваеш? А я спяваў!

Наогул, пра Танюшу, пра яе ролю ў маім лёсе, пра «Зорную ростань», час КВЗ і працы ў «Песнярах» распавядаць можна асобна і доўга.

— Давай крыху пра «Песняроў»…

Фота: Аляксандр Канатоп

Фота: Аляксандр Канатоп

— У жніўні 2003 года, пасля гібелі Уладзіміра Мулявіна ствараўся новы калектыў: «Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры». Менавіта Таццяна запрасіла мяне ў яго склад. Сур’ёзныя гастрольныя канцэрты па краінах СНД, асаблівы статус унутры Беларусі, досвед працы ў камандзе прафесіяналаў — усё гэта, безумоўна, паўплывала на мой прафесійны рост. Штогод 12 студзеня ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі праходзіць вечар памяці вялікага музыкі Уладзіміра Мулявіна з маім удзелам. Праўда, у гэтым годзе я не змог прыехаць.

— Перамога на «Славянскім базары» — яркая падзея ў тваім жыцці? На міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск‑2004» ты атрымаў Гран-пры за ўнікальны голас і высокае майстэрства.

— Вядома ж! Вельмі яркая падзея! Такое не забудзеш! Гэты фестываль даў дарогу многім артыстам. Я ў іх ліку. Цяпер у Віцебск едуць мае вучні. Ну, а я сёння — пастаянны ўдзельнік гэтага фестывалю.

Са «Славянскім базарам» пазнаёміўся яшчэ ў 1997 годзе. Слухаў конкурс маладых выканаўцаў. Мне тады было сямнаццаць гадоў. І, вядома ж, мне таксама вельмі захацелася выйсці калі-небудзь на сцэну Летняга амфітэатра і ўсіх, што называецца, парваць… Але да гэтага я ішоў доўга. І калі б Танюша не падштурхнула мяне, то я не адважыўся б і не атрымаў Гран-пры. Менавіта яна ўсяліла ў мяне надзею, сказаўшы: ты лепшы…

— Ты ўдзельнічаў у вядомым расійскім праекце «Голос» у 2013‑м. Што падахвоціла цябе падаць туды заяўку?

— Мне часта задаюць гэтае пытанне. Прыняць удзел у ім параілі мае студэнты, тады яшчэ Інстытута сучасных ведаў імя Аляксандра Шырокава. Казалі: як гэта вам, «залатому голасу Беларусі», не паўдзельнічаць у такім класным праекце. А праект сапраўды годны… Да таго ж для мяне вялікі гонар і вялікая адказнасць прадстаўляць маю краіну на любых конкурсах у любой краіне свету.

— Раскажы аб праекце «Галоўная сцэна»?

— У 2015 годзе я трапіў на тэлеэкраны як удзельнік другога сезона музычнага шоу «Галоўная сцэна». Прайшоў адборачны тур, у якім удзельнічала 10 тысяч канкурсантаў. Маімі музычнымі прадзюсарамі былі Андрэй Сяргееў і Аляксандр (Леў) Канавалаў. Суддзямі праекта сталі: Мікалай Наскоў, Дыяна Арбеніна, Валерый Лявонцьеў і Алена Ваенга. Кажуць, я заваяваў гледачоў і журы новымі аранжыроўкамі песень «Зорачка мая ясная», «Серэнада Рыкарда». Я дайшоў да фіналу і стаў пераможцам паводле інтэрнэт-галасавання.

— У тваім жыцці было ўжо шмат перамог, узнагарод. Больш за 100 сольных канцэртаў у Беларусі, ты з поспехам гастралюеш і за мяжой. Якія ўзнагароды для цябе дарагія?

— Калі праца артыста ацэньваецца, то для яго гэта заўсёды прыемна. Першы свой Гран-пры я атрымаў у Наваполацку на конкурсе «Халі-хало», тады мне было 15 гадоў. А потым у мае 22 гады і другі быў Гран-пры — на фестывалі «Мірны спявае пра Мір» ў далёкім горадзе Мірны (Рэспубліка Саха). Вядома ж, самая дарагая ўзнагарода — Гран-пры Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2004».

Мне да душы і медаль Францыска Скарыны, атрымаў яго ў 2016 годзе. Ёсць іншыя ўзнагароды. Напрыклад, у 2010‑м я прадстаўляў Беларусь на Сусветным чэмпіянаце выканальніцкіх відаў мастацтваў у Лос-Анджэлесе, у Галівудзе. І заваяваў там 5 залатых медалёў у пяці намінацыях, а таксама спецыяльную ўзнагароду за дасягненні ў індустрыі забаў і залаты медаль фіналіста. І, безумоўна, я берагу залаты медаль Міжнароднага саюза КВЗ. Узнагарод шмат — кожная па-свойму дарагая…

— Ці ёсць у цябе любімыя творы? І які напрамак музыкі бліжэй за ўсё?

— Ды ўсе яны любімыя, вынашаныя… Адзін з іх — вядомая арыя Ісуса Хрыста з рок-оперы Ціма Райса і Эндру Лойда Уэбера «Ісус Хрыстос — суперзорка». Ёсць і іншыя. Кожная песня — гэта частка жыцця. Калі гэта маé вершы — то майго. Калі не мае, то я ў іх паглыбляюся і спрабую адчуць, зразумець. Я вельмі люблю вершы Танюшынага брата Сашы, яны вельмі прыгожыя. А што тычыцца напрамкаў у музыцы, то мне цікава ўсё, розныя музычныя жанры і стылі. Я сачу за тэндэнцыямі ў беларускай і замежнай музыцы і наогул у сусветнай культуры. Слухаю, аналізую, сінтэзую тую інфармацыю, якую атрымліваю.

— Дык Аляксандр не толькі па-майстэрску грыбы збірае — і добрыя вершы піша?

— Вершы ў Сашы глыбокія. У мяне ёсць альбом рамансаў «Званы», у яго ўвайшлі творы, напісаныя мною на яго вершы. Яшчэ мы з ім напісалі гімн да юбілею Табольска — «Шчасце маё, Табольск». Я вельмі люблю гэты горад. Табольск — пабрацім майго роднага Магілёва. А яшчэ Саша напісаў «Оду Табольску». І там па ёй зрабілі цэлы спектакль. Так што сувязь з Табольскам у нас крэўная.

— Многа у цябе вучняў? Хто з іх радуе?

— Ды я ўсімі ганаруся. Яны годна прадстаўляюць нашу краіну на міжнародных конкурсах, фестывалях і тэлевізійных праектах у розных краінах (Італія, Чэхія, Расія, Латвія, Казахстан…). Аляксандра Няхай (удзельніца праекта «Голос-дети») да прыкладу, цяпер вучыцца і выкладае ў Санкт-Пецярбургу. У яе свае цікавыя аўтарскія песні. Хтосьці ўжо выкладае, хтосьці з’ехаў за мяжу… Вучні ў мяне ёсць па ўсім свеце, я пастаянна займаюся з імі анлайн.

— Ці вялікая група вучняў у цябе ў Інстытуце? Ёсць беларусы?

— 11 чалавек. І беларуска ёсць: Анастасія Смірнова. На другім курсе вучыцца. Яна з Мінска. Выхаванка маёй вучаніцы з Літвы Аксаны Дацэвіч (Ксанты). Калісьці Ксанта з Вільнюса кожную суботу да гадзіны дня ездзіла да мяне на заняткі. А потым — назад. Гэта да размовы: калі чалавек хоча нечага дабіцца, ён будзе ўпарта ісці да мэты, вобразна кажучы — рыць зямлю, прыкладаючы неймаверныя намаганні. Інакш — ніяк! Хлеб спевака — нялёгкі. Калі я пачынаю заняткі са студэнтамі, то кажу ім: мы з вамі спяваць не будзем. Як так, дзівяцца. Вось такая ў мяне методыка. І мы не спяваем доўга. Спяваць — гэта велізарная праца, не забава, кажу я ім. Гэта і мая пякельная праца, і ваша адпаведна.

— Ці заўсёды вас сустракаюць на годным узроўні, калі вы ездзіце з канцэртамі?

— Бываюць, вядома, выпадкі, пра якія ўспамінаць не хочацца. Але ў асноўным усё праходзіць добра. І ў Беларусі, і ў Расіі, і за мяжой. Як прыклад годнага ўзроўню ў арганізацыі канцэртаў магу назваць Палац культуры ў Маладзечне. Там, як правіла, ствараюць умовы, каб артысту было зручна, каб у яго засталося добрае ўражанне пра мерапрыемства. Так сустракаюць, нібы цябе на руках хочуць насіць. У наяўнасці вялікая павага да працы артыста. Гэта сведчыць аб прафесіяналізме людзей. З задавальненнем назаву іх імёны: гэта Святлана Сарока, Ала Яцына. І магу парэкамендаваць іншым павучыцца ў іх, як трэба ставіцца да артыстаў, калі ты іх паважаеш і любіш. Бытавы райдэр, вядома, павінен быць.

— Як ты ставішся да каментароў у інтэрнэце пра сваю творчасць, асабістае жыццё?

— Спакойна да іх стаўлюся. На шчасце, негатыўных меркаванняў няшмат. Я прафесіянал і адказваю за якасць прадукту, які зрабіў добра. Ён можа камусьці падабацца, а камусьці — не. Калі я ведаю, што дзе-небудзь што-небудзь выпусціў з-пад увагі, не дапрацаваў (век жыві — век вучыся), як магу крыўдзіцца? Але калі на вочы трапіцца меркаванне: «гэта дрэнна», без якой-небудзь канкрэтыкі, я не рэагую. Прымаю і ўспрымаю толькі канструктыўную крытыку.

У якасці «назапашвальнага эфекту» з нагоды меркаванняў пра сябе я выдаў на сваёй старонцы Укантакце жартоўнае прысвячэнне ў вершаванай форме, напісаў яго за 20 мінут, чым разварушыў грамадскасць. Ні адзін мой пост не збіраў столькі каментараў. Усе былі ў захапленні ад той жартоўнай гадасці, выказанай мной ва ўласны адрас.

— Ці даводзілася вам з Таццянай за мяжой мець зносіны з прыхільнікамі?

Таццяна: — Даводзілася, і не раз. У нас ёсць маса прыхільнікаў і ў Амерыцы, і ў Іспаніі, і ў Ізраілі… Аўстрыя, Швецыя, Аўстралія… У Сашы гэтая інфармацыя ўся на строгім уліку (смяемся). Вось прыклад. У амерыканскам горадзе Мілуокі пасля канцэрта падыходзіць адзін. Кажа: хачу вас запрасіць у рэстаран, Пётр — мой любімы спявак. Прыедзеце на вячэру, і першае, што я вам пакажу, гэта плэй-ліст з яго песнямі. Прыехалі. І пераканаліся: у рэстаране гучаць творы Пеці… Аказалася, што гэта нашы сябры з Ізраіля скінулі яму музычны матэрыял. І яшчэ быў выпадак у Лос-Анджэлесе. Падышоў амерыканец з прызнаннямі: я спевака ведаю па КВЗ… Так, свет цесны, і ў гэтым мы не раз пераконваліся.

— Ці былі ў цябе містычныя пачуцці падчас выканання некаторых песень?

— Я не ведаю, як назваць гэтыя пачуцці. Але нешта невытлумачальнае адбываецца, калі спяваю некаторыя песні: «Крык птушкі», «Арыя Хрыста»… Трапляеш у нейкі асаблівы стан, калі нечакана адбываецца магутны эмацыйны ўдар, і ты ўжо недзе… Нібы трапляеш у іншы партал… Кудысьці ляціш і пры гэтым спяваеш. І ты быццам адно цэлае з той прасторай, у якую патрапіў. Не магу гэта растлумачыць…

— Ці задумваўся ты пра сэнс жыцця, ці мучыўся яго пошукам?

— Мабыць, не мучыўся. Думаю, сэнс жыцця ў ім самім. Я гэта разумею. Можа, таму, што ўмею любіць і жыццё, і творчасць, і сваю сям’ю. Калі вывучаў працу Уладзіміра Марозава «Мастацтва рэзананснага спева», мне сустрэлася добрая фраза: трэба зразумець прыроду свайго голасу і прыняць яе. Так і ва ўсім. Не толькі ў прафесіі. А што тычыцца яе, то калі табе дадзена нешта, то не трэба нічога вынаходзіць і спрабаваць спяваць па-іншаму. Прымі тое, што ёсць, развівай сябе і хай будзе, што будзе. Калі задаюць пытанне: а вам не хацелася б чагосьці большага? Хацелася б! Але ёсць дадзенасць! Я даўным-даўно ўсё расклаў па палічках. І зразумеў: я не супервядомая мегазорка. Я не паўлін, не папугай. Я — спявак. Я — музыка. Я — педагог. Я ўмею рабіць добра тое, што ўмею рабіць. І я буду гэта рабіць. На месцы не стаю, у мяне ёсць пастаяннае развіццё. І мая справа прыносіць карысць як сабе, так і людзям. Значыць, так у гэтым свеце павінна быць. І з такім усведамленнем мне добра. Таму я спакойны. Некалі ў мінулым мог тузацца і думаць пасля чарговага шоу: а вось гэты туды прабіўся, гэты туды, а я… На шчасце, я зразумеў: кожны ідзе сваёй дарогай. Я іду і ведаю, што не пераступлю цераз свае прынцыпы: маральныя, чалавечыя…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?