Беларусь падпісала кантракты з шэрагам буйных пастаўшчыкоў нафты ў 2021 годзе, а да канца года будуць падпісаныя ўсе кантракты. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка ў нядзелю ў эфіры БТ.

«Па пастаўках нафты ў Рэспубліку Беларусь ідзе працэс падпісання кантрактаў з пастаўшчыкамі. З шэрагам буйных пастаўшчыкоў ужо падпісаны пагадненні аб пастаўцы нафты трубаправодным транспартам у наступным годзе. З часткай яшчэ ідуць узгадненні асобных дробных умоў, — сказаў Галоўчанка. — Да канца года абсалютна ўсе кантракты на пастаўку нафты ў Беларусь будуць падпісаныя».

Па словах Галоўчанкі, аб'ём перапрацоўкі нафты на беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах (НПЗ) ў 2021 годзе будзе вызначацца эканамічнай мэтазгоднасцю. «Але расійскі бок гатовы нам паставіць максімальны аб'ём. Калі будзе для нас выгадна перапрацоўваць 18 млн тон — будзем перапрацоўваць. Гэта будзе залежаць ад сітуацыі на рынку», — сказаў ён.

Тэлеграм-канал Эканоміка адзначае, што не прагучала інфармацыі пра цану на нафту для Беларусі, а таксама пра лёс альтэрнатыўных — не з Расіі — паставак нафты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0