Падчас разгону акцыі пратэсту 20 верасня сілавікі стрэлілі адзін раз у паветра

Падчас разгону акцыі пратэсту 20 верасня сілавікі стрэлілі адзін раз у паветра

9 снежня ў Брэсце пачаўся суд над 34-гадовым Дзмітрыем Шчурко. Яго абвінавачваюць у крадзяжы міліцэйскай рацыі падчас акцыі пратэсту 20 верасня, піша Tut.by.

Абвінавачаны — жыхар Брэста. Раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся, адукацыя прафесійна-тэхнічная, выхоўвае дваіх дзяцей: васьмі і двух гадоў.

Інцыдэнт, за які судзяць Дзмітрыя Шчурко, адбыўся 20 верасня. У гэты час на рагу вуліц Савецкай і Гогаля сабраліся ўдзельнікі акцыі пратэсту. Да іх пад'ехаў мікрааўтобус з сілавікамі, пачаліся затрыманні. Паводле версіі абвінавачвання, мужчына скарыстаўся тым, што міліцыянты адцягнуліся на ўдзельнікаў дэманстрацыі, і дастаў з падсумка бронекамізэлькі аднаго з іх радыёстанцыю. Выкрадзеную рацыю ён панёс дадому. Праз дзень яго выклікалі ў аддзяленне міліцыі, дзе ён вярнуў абсталяванне. Ва УУС шкоду ацанілі ў 890 рублёў.

«З падсумка яе ніхто не выхопліваў»

Берасцеец вінаватым сябе не прызнаў. Суду ён распавёў, што 20 верасня прыехаў на Савецкую прагуляцца:

— У раёне крамы Сolin's пад'ехаў мікрааўтобус без апазнавальных знакаў. З яго выйшлі людзі без апазнавальных знакаў у чорнай форме. Па людзях [дэманстрантах] адразу было відаць, што яны напалоханыя: яны, як і я, не бачылі, хто знаходзіцца перад імі. Далей частка людзей арганізаваліся ў сценку абараняцца. Атрымалася так, што я аказаўся прыціснуты да будынка гэтай сценкай і нападнікамі.

Каля крамы завязалася бойка. Сілавікі падбеглі да Дзмітрыя, сказалі яму «ляжаць» і паспрабавалі «скруціць».

— Я папрасіў дапамогі, мяне вызвалілі. Пасля чаго я ўбачыў на плітцы рацыю. Ні ў каго з падсумка яе ніхто не выхопліваў. Рацыя ляжала на плітцы, — паўтарае абвінавачаны.

Ён кажа, што падняў яе з пліткі для таго, каб «далучыць да крымінальнай справы супраць налётчыкаў».

Пасля гэтага Дзмітрый адышоў ад месца затрымання і сказаў у радыёстанцыю: «У мяне ваша рацыя». Яму ніхто не адказаў. З вуліцы Гогаля берасцеец пайшоў на рынак, купіў новую майку, бо старую парвалі падчас бойкі, і з'ехаў дадому.

Праз дзень Дзмітрыю патэлефанавалі з крымінальнага вышуку і сказалі падысці ў міліцыю. У райаддзеле берасцеец вярнуў рацыю. Затым яго дапыталі, затрымалі і адправілі ў ІЧУ Ленінскага РАУС.

У судзе мужчына растлумачыў, што красці рацыю ён не збіраўся. З тратуара ён яе падабраў для таго, каб выкарыстоўваць у якасці доказу злачынстваў невядомых, якія затрымлівалі мірных дэманстрантаў. Такой крымінальнай справы, вядома, не заводзілася, а сам Дзмітрый да званка з крымінальнага вышуку ні ў міліцыю, ні ў СК, ні ў пракуратуру з заявай не звяртаўся.

— Не паспеў, — патлумачыў берасцеец. — Я знаходзіўся ў невялікім шоку, кансультаваўся, як распачаць справу аб нападзе, спробе выкрадання. Я ў гэтым не спецыяліст, мне трэба быў час. Я і не ведаў толкам, куды яе [рацыю] вяртаць, — распавёў ён.

«Такі шаўрон на калгасным рынку каштуе 3 рублі»

На першым судовым пасяджэнні таксама вывучылі пісьмовыя матэрыялы справы. Сярод іх быў дыск з відэазапісамі. На адным з ролікаў відаць, як чалавек, падобны да Дзмітрыя, адбягае ад натоўпу, дзе праходзяць затрыманні. У паднятай руцэ ён трымае радыёстанцыю. Таксама па запісах відаць, што ў сілавікоў на рукавах былі нашыўкі АМАПа.

— Так, быў шаўрон, але такі на калгасным рынку каштуе 3 рублі, — паведаміў суду Дзмітрый.

На гэтым суддзя абвясціў перапынак да 18 снежня. На наступным пасяджэнні заслухаюць сведку — супрацоўніка АМАПа.

Дзмітрыю, калі яго прызнаюць вінаватым у крадзяжы, пагражаюць грамадскія або папраўчыя работы, штраф, арышт, да трох гадоў абмежавання або пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?