Фота: NASA.

Фота: NASA.

Карабель «Дрэган» кампаніі Ілана Маска SpaceX з чатырма астранаўтамі на борце стартаваў з касмадрома НАСА ў Касмічным цэнтры імя Кенэдзі на мысе Канаверал у Фларыдзе. Гэта другі пілатаваны палёт карабля да Міжнароднай касмічнай станцыі і першая рэгулярная місія, піша ВВС.

Першапачаткова старт павінен быў адбыцца 14 лістапада, але яго давялося адкласці праз вельмі ветранае надвор'е.

У складзе экіпажа — чатыры чалавекі, у тым ліку тры астранаўты НАСА і прадстаўнік агенцтва аэракасмічных даследаванняў Японіі.

Астранаўты правядуць на МКС каля шасці месяцаў.

Мінулы запуск «Дрэгана» ў канцы мая гэтага года быў першай пілатаванай касмічнай місіяй, запушчанай з тэрыторыі ЗША за дзевяць гадоў. Апошні раз «Шатл» узляцеў з амерыканскага касмадрома ў 2011 годзе, і з тых часоў для дастаўкі астранаўтаў на арбіту НАСА была вымушаная звяртацца да паслуг «Раскосмаса».

Цяперашні запуск для НАСА замацоўвае канчатковы пераход да новай мадэлі працы — закупкі паслуг па транспарціроўцы астранаўтаў у космас у прыватных падрадчыкаў. Старая мадэль — валоданне і апераванне ўласным абсталяваннем, як было з «Шатламі», — сыходзіць у мінулае.

Кошт кантрактаў, падпісаных SpaceX і НАСА на выпрабаванні і палёты на «касмічных таксі», складае больш за 3 млрд даляраў. Пагадненне прадугледжвае шэсць «звычайных» палётаў, і цяперашні запуск — першы з іх.

У НАСА кажуць, што праца з субпадрадчыкам ашчадзіла агенцтву мільярды даляраў, якія будуць выдаткаваныя на праекты, звязаныя з Месяцам і Марсам. Да 2024 годзе агенцтва разлічвае запусціць на Месяц маштабную пілатаваную місію.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0