Гібель 31-гадовага беларуса Рамана Бандарэнкі ў Еўрасаюзе назвалі «абуральным і ганебным вынікам дзеянняў беларускіх уладаў» і заявілі пра гатоўнасць увесці дадатковыя санкцыі супраць Мінска.

Пра гэта гаворыцца ў заяве Вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах Жозепа Барэля, апублікаванай на сайце Еўрасаюза.

«Еўрапейскі саюз ужо ўвёў санкцыі ў дачыненні да 55 асоб, вінаватых у гвалтоўных рэпрэсіях і запалохванні, і гатовы ўвесці дадатковыя санкцыі», — гаворыцца ў заяве.

«ЕС працягвае рашуча асуджаць гвалт, які ўжываецца беларускімі ўладамі супраць мірных дэманстрантаў, асоб, якія ўдзельнічаюць у прадэмакратычным руху, незалежных СМІ, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці або простых беларускіх грамадзян», — адзначыў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі.

ЕС чакае, што беларускія ўлады спыняць гвалт, вызваляць усіх палітычных зняволеных і правядуць расследаванне ўсіх парушэнняў правоў чалавека, адзначыў Барэль.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?