25 кастрычніка на АНТ выйшаў сюжэт пра народных дружыннікаў. У ім нейкі «дырэктар кампаніі Уладзімір Цюхай» расказвае, што не можа прагуляцца з сям’ёю па горадзе ў нядзелю і што людзі забыліся пра каштоўнасць стабільнасці. Таму сам Цюхай і 9 чалавек з яго кампаніі пайшлі ў дружыннікі.

Уладзімір Цюхай — даволі вядомая асоба. Раней ён працаваў у БРСМ, быў сакратаром Мінскага гаркама Камуністычнай партыі Беларусі.

У СМІ Цюхай трапляў праз некалькі не вельмі прыгожых гісторый. У 2008 годзе на суд над Аляксандрам Баразенкам Цюхай прывёў пачак студэнтаў, каб заняць усе месцы ў залі, а пасля пасяджэння штурхаў маці Баразенкі, зрываў працу журналістаў.

А ў 2013 годзе жодзінскія «паляўнічыя на педафілаў» сцвярджалі, што злавілі Цюхая, які нібыта павёўся на падстаўны акаўнт 15-гадовага хлопца. Сам Цюхай абвяргаў гэта.

Сёння ж Цюхай усплывае яе «бізнэсмен»: дырэктар групы кампаній «ЦВР-Кастрычніцкі» і дырэктар ТАА «Выдавецкі дом «ВіАлВі». «ЦВР-Кастрычніцкі», па словах самога Цюхая, займаецца «міжнароднай рэкламай і IT-сферай».

IT-сфера ў яго выпадку — гэта распрацоўка і абслугоўванне сайтаў дзяржслужбаў. А міжнародная рэклама — выданне міжнароднага каталога беларускіх экспарцёраў, патлумачыў Цюхай.

Не кідае ён і «грамадскую дзейнасць». Цюхай — старшыня Каардынацыйнай рады грамадскіх аб’яднанняў, партый і прафсаюзаў Кастрычніцкага раёна Мінска. У гэту рады ўваходзяць Белая Русь, Чырвоны крыж, Саюз жанчын і іншыя праўладныя арганізацыі.

Вось такі цікавы дружыннік. «Наша Ніва» не змагла прайсці міма і пацікавілася ў Цюхая, як праходзяць яго баявыя дзяжурствы.

«Пакуль што два разы хадзілі ў патруль. Увечары пасля працы я і супрацоўнікі маёй арганізацыі ўдзельнічаем на абсалютна добраахвотных пачатках. Удзельнічае і ўчастковы — гэта сумеснае патруляванне, — распавёў Цюхай. — Паўнамоцтвы дружыннікаў прапісаны ў заканадаўстве. Зброі ў дружыннікаў няма.

Мы хадзілі па раёне, глядзелі, каб не было фактаў парушэння правапарадку. Не было ніводнага факта, каб недзе віселі нейкія стужачкі. Аднойчы папярэдзілі кампанію, якая распівала алкаголь. Затрыманняў за гэтыя два разы не было.

У цэлым гэта больш пытанне прафілактыкі — каб грамадзяне бачылі, што не толькі міліцыя, але і самі грамадзяне аб’ядноўваюцца і ўдзельнічаюць. Удзельнічаць можа любы грамадзянін, якому ёсць 18 гадоў і які не мае судзімасцяў».

Але ці не паўплывала на ўдзел Цюхая ў дружынніках тая старая гісторыя з паляўнічымі на педафілаў?

«Гэта была правакацыя, вось і ўсё. Звыкла, такія метады ведаем даўно.

Існуе вельмі шмат ахвотных у чым-небудзь мяне звінаваціць, яны з’яўляюцца кожныя пару месяцаў. Але на сёння я ні да чаго не прыцягваўся, у дачыненні да мяне ніякіх спраў не заводзілася і ніякім падазраваным я нідзе не быў, — кажа Цюхай. —

Але на тых, хто мяне вінаваціў, я заяву пісаць не стаў. Бо бегаць па судах, даказваць, што гэта быў паклёп, збіраць інфармацыю на кожнага няма часу і ўвогуле сабе даражэй. Ды і няма жадання рабіць сваім апанентам рэкламу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?