Доступ да сайта NN.by не будзе адноўлены. Міністр інфармацыі Ігар Луцкі назваў шэсць новых прычын для блакіроўкі. Яны пералічваюцца ў лісце, які атрымала Рэдакцыя «Нашай Нівы» ў адказ на просьбу аб разблакіроўцы.

Ігар Луцкі тлумачыць, што пад артыкуламі на сайце NN.by на працягу 29 верасня — 2 кастрычніка было апублікавана шэсць каментароў, якія «могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». Указваецца нік аўтара, а таксама час публікацыі.

Адметна, што Ігар Луцкі пералічвае забароненыя каментары ў сваім загадзе №300 ад 1 кастрычніка, тады як адзін з гэтых каментароў датаваны наступным днём, 2 кастрычніка.

Апроч таго, міністр сцвярджае, што гэтыя каментары былі нейкім чынам апублікаваныя на рэсурсе NN.by — але ж гэты сайт быў заблакаваны яшчэ 28 жніўня 2020 паводле яго ж рашэння і недаступны як для чытачоў з Беларусі, так і для замежных карыстальнікаў.

У папярэднім рашэнні Міністэрства інфармацыі аб блакіроўцы NN.by пералічваліся восем артыкулаў, «здольных нанесці страты нацыянальным інтарэсам», а таксама «саслабіць пачуцці патрыятызму». Усе яны былі выдаленыя.

Каментароў, пералічаных Ігарам Луцкім, таксама больш няма, таму Рэдакцыя звернецца ў Міністэрства інфармацыі з паўторнай просьбай аб разблакіроўцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0