З TUT.BY на ўмовах ананімнасці пагадзіўся пагутарыць адзін з чальцоў выбарчай камісіі ўчастку №44, які размяшчаўся ў СШ №203 Мінска. Галасы на выбарах ён лічыць не ў першы раз:

— Я шчыра спадзяваўся на сумленныя выбары, быў гатовы да «ўкідаў», як гэта было ў мінулыя гады, але такога бязмежнага парушэння выбарчага кодэкса яшчэ ні разу не было.

Па словах нашага суразмоўцы, падчас датэрміновага галасавання вывешваўся праўдзівы пратакол, у ім была адлюстравана рэальная яўка выбаршчыкаў з 4 па 8 жніўня — 150 чалавек.

Вось гэты пратакол камісія вывесіла на ўчастку, але сябра камісіі дапускае, што ў тэрытарыяльную камісію адправілі іншыя звесткі

Вось гэты пратакол камісія вывесіла на ўчастку, але сябра камісіі дапускае, што ў тэрытарыяльную камісію адправілі іншыя звесткі

— А раніцай 9 жніўня там ужо было 758 чалавек! Каб вы разумелі: агульная колькасць зарэгістраваных выбаршчыкаў на нашым участку — 1878, — прыводзіць лічбы член выбарчай камісіі.

Ён паказвае выніковы пратакол. Той, які бліжэй да ночы з'явіўся на дзверах школы: Святлана Ціханоўская — 597 галасоў, Аляксандр Лукашэнка — 292, Ганна Канапацкая — 54, Сяргей Чэрчэнь — 37, Андрэй Дзмітрыеў — 33.

— Галасы мы палічылі, але ў пратакол унеслі дадзеныя, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, таму што з улікам каласальнага ўкіду яўка атрымалася б 130—150%, — так каментуе выніковы пратакол член выбарчай камісіі. — У пратаколе, які мы размясцілі, праўдзіва толькі тое, што перамагла Ціханоўская. Калі адкрылі скрыню для датэрміновага галасавання, там 99% галасоў было за Лукашэнку, а вось па бюлетэнях з асноўнай скрыні — сітуацыя была іншай. За Лукашэнку з нацяжкай 10%, за Ціханаўскую — 85%. Астатнія набралі нязначна.

Як сцвярджае сябра выбарчай камісіі, у першапачатковы пратакол былі ўнесеныя іншыя лічбы: 80% галасоў за Лукашэнку, 10% — за Ціханоўскую.

— Камісія стала абурацца, казала, нельга вывешваць такі хлуслівы пратакол. І для таго, каб заручыцца падтрымкай іншай камісіі з участка №45 і не падставіць яе, было вырашана прагаласаваць двума калектывамі — за абвяшчэнне рэальнай перамогі Ціханоўскай, — працягвае распавядаць наш суразмоўца.

Калі традыцыйна падчас выбару на ўчастках дзяжурыць міліцыя, то АМАП сёлета з'явіўся ўпершыню. Сябра выбарчай камісіі тлумачыць, чаму гэта адбылося:

— Спачатку ў школе дзяжурылі тры супрацоўнікі міліцыі. Калі колькасць людзей на вуліцы, пасля закрыцця ўчастка, стала павялічвацца, у школу прыбыла яшчэ два супрацоўнікі, у экіпіроўцы, з аўтаматамі. Потым прыехалі яшчэ 5 супрацоўнікаў АМАПа, заявілі, што эвакуююць толькі старшыняў, сакратароў, бюлетэні і астатнія дакументы, а нам параілі не падаць духам і чакаць прыбыцця АМАП у большай колькасці. Калі вывесілі пратаколы з перамогай Ціханоўскай, увесь натоўп скандаваў: «Малайцы! Дзякуй!». Таму мы спакойна пакінулі будынак школы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0