Андрэй Хадановіч, фота Сяргея Гудзіліна

Андрэй Хадановіч, фота Сяргея Гудзіліна

Адзіны, праваслаўны й каталіцкі,
магутны Божа птушак і лілей,
старадароскі, рэчыцкі і лідзкі,
хоць сёньня падкажы, як жыць далей.

Дабраслаўляць твае выпрабаваньні
на дудцы, як тутэйшы пастушок?
Ці, затануўшы ў моры-кафкіяне,
багемным півам запіваць свой шок?

Жалейка Блэйка ці гравейка Швейка,
— якой сьцяжынай з гразі да нябёс
брысьці, пакуль кузіна-белашвейка
не перакусіць ніткай марны лёс?

Усякі шлях, якім на волю плысьці,
загарадзіў адзін маржовы буй.
Ты, што жывеш на Беларусі,
выйсьце хоць раз парай, хоць неяк зрэагуй!

Жалейка ные, белашвейка шые
для Ліды, Рэчыцы й Старых Дарог.
…Як раптам божы птах насер на шыю.
…Падзякуй, што ня мышку на парог.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0