Псіхалагізм, нагнятанне атмасферы і разам з тым выразны тролінг — усё гэта ёсць у новым творы прызнанага майстра.

У асяродку айчыннай інтэлігенцыі даўно, нароўні з мемам «лупіце на трасянцы» ды чаканнем, што бамжы й самадайкі загавораць па-беларуску, жыве негалосная сацыяльная замова на г. зв. лёгкае чытвофэнтэзі, жаночы раман, але перадусім — на дэтэктыў. Маўляў, тады, народзе, звернешся да нашае літаратуры, калі ў ёй будуць закручаныя сюжэты, захапляльныя прыгоды, карацей, вось гэтае вось усё, каторае так любіць люд паспаліты. Караткевіч жа змог!..

Калі зірнуць на існую сітуацыю, можна смела канстатаваць, што белетрыстыка цяпер не ў трэндзе, рэй вядуць нон-фікшары — «нобелеўка» Алексіевіч, «гедройць» Бартосіка. У Горвата, касманаўта, які прызямліўся ў Прудку, — проза (прынамсі, нашумелае «Радзіва…») таксама, мякка кажучы, не сюжэтная. Дый іншых пераможцаў галоўнай празаічнай прэміі — Арлова, Сіна, Шчура, Бабкова, Казько… — цяжка назваць стваральнікамі масліту (нават пры ўмове, што існаваў бы «масавы» беларускамоўны чытач). Калі гаварыць пра дэтэктывы, дык сярод нешматлікіх нядаўніх раманаў, дзе ёсць элементы гэтага жанру, вартымі увагі падаюцца хіба што «Ноч цмока» Валера Гапеева ды «Рыбін горад» Наталкі Бабінай.

У 102-м і 103-м нумарах часопіса «Дзеяслоў» выйшаў раман Андрэя Федарэнкі «Жэтон на метро», які анансаваўся як «вострасюжэтны». Няўжо Федарэнка напісаў дэтэктыў? — запытае ўзрушаны культурны дзяяч. Так. Прынамсі — няхілы закос пад яго.

«Жэтон на метро» мае ўсе неабходныя складовыя для дыхтоўнага дэтэктыва: закручаны разгалінаваны сюжэт, выдатны дынамізм апавядання плюс фірмовае федарэнкаўскае майстэрства пабудовы дыялогу. Наратыў разгортваецца нелінейна, з паглыбленнем у гісторыі кожнага з ключавых персанажаў. Гэта тонкая густая густоўная проза, у якой шмат алюзіяў ды паўтаноў. Словам, аматар спадара Федарэнкі будзе ў захапленні. Чаго не скажаш пра аматара дэтэктываў.

Прычына поспеху Федарэнкі

У цэнтры рамана — гісторыя паэта Віктара Рака, які патрапляе ў складанае вязьмо быццам бы ніяк не звязаных паміж сабой падзей, і гэтае вязьмо пачынае сціскацца да аднаго забойства, якое адбылося шмат гадоў таму. А патрапляе паэт Рак у гэты вір прыгодаў праз свайго былога выкладчыка, які прыносіць яму на рэдагаванне рукапіс гістарычнага твора, які піша нехта Літаў — дужа заможны чалавек, «сам рускі, родам з Расіі, пабыў паўсюль, аб’ездзіў усю Еўропу, але нідзе не было лепш», чым у Беларусі…

Да ўсяго, на Рака раптоўна «звальваецца» колішняе каханне маладосці, што гадуе дарослую дачку ў далёкім палескім мястэчку. Жанчына просіць Рака пра дапамогу з паступленнем дачкі ў ВНУ. Дачка гэтая, Люда, але ўсе яе клічуць скарочна — Лю (як тут не згадаць аповесць Федарэнкі, названую імем галоўнай гераіні — «Ксю», з яго нядаўняй кнігі), як заўважае Літаў, які па сваіх бізнэс-справах патрапляе ў гэтае мястэчка, мае дзівоснае падабенства з яго жонкай у маладосці. Да таго ж, Лю валодае адным незвычайным дарам…

Каб пазбегнуць спойлераў, не будзем далей раскрываць усе цікавосткі ды перыпетыі. Заўважым толькі, што фактычна ніводная гісторыя ў гэтым інтрыгоўна закручаным аповедзе не даведзеная да свайго лагічнага фіналу. У сухой рэшце, аўтар дзейнічае па прынцыпе: няма персанажа — няма праблемы. Большасць завязаных вузлоў так і застаюцца неразвязанымі. Да прыкладу, палову твора Літаў будуе і абсталёўвае на сваім катэджным участку нейкі таемны бункер. Ідзе перманентнае нагнятанне атмасферы, чытач пакутуе ад здагадак, што ж за страшны / падступны / злавесны план выношвае гэты рускі. І што ў выніку? Ды нічога. Ніякага тлумачэння, нашто было той бункер будаваць — ні Літава, ні бункера, ні разгадкі. Канцы ў ваду…

Чытач, наладжаны ад пачатку на класічны дэтэктыў, відаць, пачуецца, як бы гэта мякчэй выразіцца, — пачуецца ашуканым.

Наагул, пытанне адрасату «Жэтона на метро» няпростае. За што мы любім, да прыкладу, дэтэктывы Караткевіча? Той жа культавы «Чорны замак…»? Пэўна, у вялікай ступені за тое, што аўтар, працуючы паводле класічнай схемы, вядзе чытача ад загадкі да загадкі, прапануючы разам з героем-шукальнікам, а тое і раней за яго, счытаць усе намёкі й падказкі, разблытаць ніты й развязаць вузлы ў пошуку злачынцыаў. У ідэальным дэтэктыве чытач і следчы працуюць як бы ў адзінай звязцы. Паводле першага аўтарскага правіла прадстаўніка «залатога веку дэтэктыва» С.С. Ван Дайна, «трэба забяспечыць чытачу роўныя з сышчыкам умовы разблытвання таямніцаў, для чаго ясна і дакладна паведаміць пра ўсе выкрываўчыя сляды». Паводле Барыса Акуніна, дэтэктыўшчыка №1 у сучаснай расійскай літаратуры, адносіны паміж аўтарам і чытачом нагадваюць заляцанні мужчыны да жанчыны: мужчына (аўтар) павінен увесь час інтрыгаваць, абнечаканьваць і, вядома ж, не паўтарацца…

Якое стаўленне да чытача ў Федарэнкі? Цяжка сказаць. Падобна, што даволі індыферэнтнае. Прынамсі, гэтых акунінскіх гульняў у коткі-мышкі ён унікае, рэдка з’яўляецца на публіцы, не любіць шумных прэзентацыяў ды аўтограф-сесій. Але відавочна, што Федарэнка насамрэч любіць сваіх герояў. Усіх, нават не вельмі станоўчых. Магчыма, гэта адна з прычынаў яго поспеху.

Канфармізм ці валенрадызм?

Галоўны герой Андрэя Федарэнкі падкрэслена апалітычны: «…усе гэтыя нейкія некуды выбары, нейкія рэферэндумы пра нейкае пажыццёвае кіраванне — усё было да моташнасці нецікавае». У ягоныя развагі аўтар уводзіць будысцкі роздум пра найвышэйшыя матэрыі: «Дзіўна, што нас палохае будучая смерць, але не палохае мінулая. Нас жа не было раней, да нараджэння, мы ўжо як мінімум адзін раз былі мёртвыя. Колькі часу? Столькі, колькі нас не будзе — вечнасць. Цэлую вечнасць мы былі мёртвыя. Значыць, мы ўжо адзін раз прайшлі бясконцасць і ўваскрэслі з яе. Я не вельмі перажываў, калі мяне не было, я нават не магу сказаць, колькі мяне не было, і гэта наўрад ці ад таго, што чалавечы розум не ў сілах ахапіць бясконцасць; хутчэй ад таго, што бясконцасць — круглая».

І далей: «Мне ўвогуле здаецца, што ад свайго стварэння на зямлі жывуць адныя і тыя ж людзі, якія толькі мяняюць целы, як змяіныя скуркі, ды яшчэ ў іх сціраецца памяць пра ранейшыя жыцці. Цела нараджаецца, расце, як грыб з зямлі, дасягае субстанцыі жыцця, параўноўваецца з ёю, старэе, знікае, зноў нараджаецца і зноў дарастае да гэтай субстанцыі, а яна так і застаецца непарушнай, непадуладнай часу і прасторы…»

Вядома ж, у пэўным сэнсе, паэт Віктар Рак з «Жэтона…» — гэта альтэр-эга аўтара, які па жыцці як бы таксама па-над усялякай «палітычнай валтузнёй». Ён адзін з нямногіх беларускіх літаратараў, чые творы выходзяць адначасова і ў дзяржаўных-холдынгаўскіх, і ў незалежных выдавецтвах. Дарэчы, тэма калабарацыі-валенрадызму галоўная ў самым праграмным федарэнкаўскім творы — аповесці «Нічые», прысвечанай фактычна рэабілітацыі аднаго з камандзіраў Слуцкага збройнага чыну, «здрадніка» паводле версіі афіцыйнай гістарыяграфіі, які ў кардынальны момант паўстання перайшоў на бок «саветаў», — Паўла Чайкі.

У жанры высокай пародыі

Чым жа цікавы «Жэтон на метро»? Перадусім — поглядам аднаго з найяскравейшых айчынных аўтараў на сёня. Чымсьці ж гэты час яму цікавы, калі ён узяўся ўвасобіць яго ў раманнай форме. Ці ў творы паўстае менавіта канец другога дзесяцігоддзя ХХІ стагоддзя? Адказ не відавочны. Нейкай выразнай прывязкі да часу няма. Ну так, героі карыстаюцца айфонамі-смартфонамі. Дзесьці далёкім фонам-водгаласам праходзіць тэма расейска-ўкраінскай вайны. Хутчэй, тут мае месца пазачасавы падыход (кшталту, каб і праз дзесяцігоддзе тое чыталася); дзесьці — у апісанні местачковых рэаліяў — скразяць застылыя дзевяностыя…

Безумоўна, гэты твор — падзея для нашай літаратуры. Нягледзячы на правальнасць ў межах дэтэктыўнага жанру, Федарэнка выявіўся ў гэтым рамане напоўніцу. Шмат у чым «Жэтон…» — спосаб патроліць і з крытыка, і з чытача. Пэўна, задзяўбло аўтару, што бачаць у ім «няспешлага і ўдумлівага» празаіка, «якому ўласцівы псіхалагічны аналіз, гуманістычны погляд на чалавека, драматызм, элементы фантастыкі, мастацкай умоўнасці, эмацыянальнасць, спавядальнасць» і г.д. і да т.п. (цытаты ўзятыя з Вікіпедыі), не заўважаючы правакацыйнай гарэзлівасці.

Паводле крытыка Леаніда Галубовіча, «раман «Жэтон на метро» ёсць прыхаванай і па-майстэрску выштукаванай пародыяй на сучасны канвеер штампаваных дэтэктываў». Дадамо — высокай пародыяй.

Па прачытанні «Жэтона…» ўзнікае непераадольнае жаданне… перачытаць раман наноў. Ці ж не гэта ёсць прыкметай вышэйшага мастацкага пілатажу ў эпоху твітара, інстаграма ды татальнае алергіі на лонг-рыд?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?