У слаўным месце Бярэзань (яно ж Беразіно) Андрэй і Віктар прарэкламавалі сваю студыю татуіроўкі, напісаўшы свае імёны па-беларуску. Таксама яны паведамілі пра «зніжкі за мову».

Учора Віктар змясціў з гэтай нагоды допіс у суполцы «Беларуская мова на спажывецкім рынку» і заслужана сабраў падабайкі.

Не вельмі часта салоны тату звяртаюцца да кліентаў па-беларуску.

Але не ўсе былі рады з гэтай нагоды.

Некаторыя каментатары ўбачылі ва ўжыванні бяскрыўднага выразу «на мове» ні больш ні менш як «прафанацыю» папулярызацыі беларускай мовы (Віталь Станішэўскі).

З гэтай рэкламы можа быць няясна, дапільнавалі яны, за выкарыстанне якой мовы будзе рабіцца зніжка. Карыстаючыся выразам «на мове», людзі нібыта ўжываюць «каланіяльна-шавіністычны слэнг» (Стась Раманчук).

Прызнацца, гэтая тэма ўжо добра-ткі навязла ў зубах.

На радыё «Свабода» паўтара года таму адмысловы допіс зрабіў Вінцук Вячорка. Падставай для падрыхтоўкі матэрыялу, з яго слоў, было тое, што выраз «на мове» «зачасціў у расійскамоўных інфармацыйных рэсурсах Беларусі».

Хоць аўтар разабраў ужыванне выразу «на мове» ў розных расійскамоўных крыніцах, прывёў ацэнкі з гэтай нагоды украінскіх аўтараў, свой прысуд ён безумоўна пашырыў і на беларускамоўнае маўленне. Яго вырак тым, хто ўжывае словазлучэнне «гаварыць на мове», катэгарычны. Тыя, хто сягае да «гаварыць на мове», выказваюцца «непісьменна», «правінцыйна», «зняважліва», «нелагічна», «недарэчна», «ім бракуе моўнага пачуцця» і г. д. і да т. п.

Хавайся ў бульбу!

Калі б рэкламадаўцы ў сваіх абвестках папраўдзе пісалі нешта няўцямнае, то іх чыны насамрэч можна было б назваць «прафанацыяй». На шчасце, ніводзін рэкламадаўца не можа сабе дазволіць нічога падобнага. І нашы бярэзінскія — не выключэнне. Наяўнасць сэнсу ў гэтай рэкламе проста і добра патлумачыў іншы каментатар, Генадзь Вінярскі: «Той, хто чытае па-беларуску, зразумее, за якую мову будзе зніжка. Хто не зразумее беларускай, патрабаваць зніжкі не будзе».

Усё, што людзі гавораць, яны мовяць у нейкім кантэксце. Калі мы хочам нешта зразумець, то нам руцінна раяць: глядзі ў кантэкст. То гледзімо.

У сферы тату ў афіцыйнай камунікацыі ў Беларусі ўжываецца пераважна руская мова. А тут людзі ўзялі ды напісалі пра сябе па-беларуску. Ды пры гэтым паабяцалі «зніжкі за мову».

Адгадайце з аднаго разу: якую мову яны маюць на ўвазе?

Адказ відавочны… Ды не ўсім.

Некаторыя касманаўты, якіх да нас закінула з планеты Альфа-Цэнтаўра, не разумеюць, што тут да чаго і збіраюцца скардзіцца ў спортлато. Іншыя — робяць выгляд, што яны гэтым разам сутыкнуліся з нейкім нябачаным-нечуваным цудам, непасільнай ламігалоўкай. Каравул! Што ж.

Тугадумы і малаверы, пераступіўшы парог тату салона, маюць магчымасць запытацца: а за якую мову будзе зніжка? Сітуацыя можа быць лёгка развязана шляхам непасрэдных зносінаў з Андрэем і Віктарам. Любыя непаразуменні, якія пры гэтым у іх могуць узнікнуць (жэставая, украінская — гэта таксама мовы і г. д.), варта аднесці на рахунак самых уладальнікаў салона. Не турбуймася з гэтай нагоды. Самыя пісалі рэкламу — дык самыя і адкажуць за свае словы! Не змогуць — дык папросяць нашай дапамогі. Але такой патрэбы яўна няма.

У любым выпадку гэтыя канкрэтныя рэкламадаўцы імкнуцца стымуляваць ужыванне беларускай мовы сярод сваіх кліентаў. Дык прывітайма!

Але гэтая рэкамендацыя, аказваецца, не падабаецца некаторым ісцінным рупліўцам беларускай мовы. Незалежна ад дарэчнасці ці недарэчнасці яны канечне ўвесь час і заўсёды мусяць нагадваць пра сваё. Пасля доўгай спрэчкі Віталь Станішэўскі прызнаў, што надпіс на шыльдзе «за мову» «не катэгарычна памылковы, але ён і не з’яўляецца адназначным з гледзішча правільнай беларускай мовы. З гледзішча правільнай беларускай мовы гэта эліпсіс ці намёк».

Ну, дзякаваць богу! Эліпсіс, тлумачу, — гэта пропуск у сказе аднаго ці больш слоў, якія тым не менш усведамляюцца камунікантамі дзякуючы кантэксту.

Вось дзе сабака зарыты!

Зусім не важна тое, што пры выкарыстанні выразу «гаварыць на мове» не ўзнікаюць камунікацыйныя няўдачы, неразуменне адзін аднаго камунікантамі.

Важна тое, што эліпсісы і намёкі ёсць прафанацыяй ПРАВІЛЬНАЙ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ. Таму, вынікае, у кантактах з кліентамі прыватныя ўстановы не маюць права ўдавацца да эліпсісаў ці намёкаў.

Прабачце, а ў якіх аўтарытэтных крыніцах такая асабліва садысцкая рэгламентацыя запісана?

Прабачце, эліпсісы і намёкі ўяўляюць сабой шырокую і законную частку маўленчай камунікацыі, як без іх!

А ўвогуле: ці не лепш было б, калі б моўныя актывісты неяк угамавалі свой сверб выпісвання публіцы такіх адвольных рэстрыкцый? Адкуль такая цяга да паліцэйшчыны?

Што да пайма нарматыўнай беларускай мовы, то яго трактоўка, як вядома, ужо мае сякую-такую неадназначную найноўшую гісторыю. Праблема ў тым, што яно недасткова цвёрда ўстаноўлена — прынамсі, для таго, каб на гэтай глебе ўчыняць прадпрымальнікам «культура-моўныя шмоны».

Гэта, несумненна, непасрэдна датычыцца і ўжывання пашыранага выразу «на мове» ў значэнні «на беларускай мове», пры дапамозе крытыкі якога некаторыя імкнуцца задэманстраваць сваю асабліва цвёрдую лінію дачынна расійскіх уплываў. Такі выраз час-часом выкарыстоўваюць неадзінкавыя беларускія людзі, сарамаціць якіх за брак патрыятызму абсурдна. Ні ў якой аўтарытэтнай крыніцы не напісана, што выраз «на мове» нельга ўжываць у такім значэнні.

Ну як жа, скажуць мне. У любым падручніку па беларускай мове для 2-га ці 8-га класа, у любой граматыцы і слоўніку мы не знойдзем выразу «гаварыць на мове». Ён неўяўляльны з пункту гледжання фармальнай граматычнай правільнасці беларускай мовы! Але спасылка на гэтыя крыніцы нікчэмная. Бо любы школьны падручнік па беларускай мове быў напісаны для яе «акадэмічнага» асэнсавання, пераважна як зборнік пэўных «правілаў». Усе выкарыстаныя для падручнікаў па беларускай мове крыніцы — толькі пісьмовыя, вусных не было зусім. Для навучання вусна камунікаваць па-беларуску ў рэальным жыцці падручнікі і слоўнікі яўна недастатковыя.

Апошнім часам шматкроць сутыкаемся з сітуацыямі, калі абітурыенты ці студэнты, якія ў тэстах набралі амаль сто балаў, літаральна не могуць звязаць двух слоў па-беларуску. Прычына ў тым, што яны засвоілі толькі «падручнікавыя» веды пра беларускую мову, а іх недастаткова. Практычна самой мовай яны не валодаюць, не ўмеюць на ёй размаўляць-камунікаваць…

У Беларусі дзейнічае двухмоўны камунікацыйны канал, які мае свае канвенцыйныя нормы. Адна з іх: калі па-беларуску напісана або нехта прамаўляе «на мове», то гэта азначае «на беларускай мове». Гэта пэўная камунікацыйная норма, якую ўсе добра ведаюць. Дурыць людзям галовы, што гаварыць так непрымальна, няма падстаў.

Дыскурс пра беларускую мову апошніх гадоў багаты і разнастайны. А ёсць жа яшчэ старанныя паляўнічыя за незаконным выкарыстаннем суфіксаў -ір- і -к-а. Яны б нам тут давялі, што ні Багушэвіч, ні Купала не ўжывалі слова татуіроўка. Студыю татуіроўкі, згодна з іхнымі канонамі правільнай беларускай мовы, відаць, трэба было б назваць «Студыя татуявання». Зрэшты, у аддзеяслоўнага суфікса -анне таксама ёсць свае нядобразычліўцы… На шчасце, да гэтай дыскусіі яны не падцягнуліся…

…Ой, нялёгка быць прызнаным, што правільна ўмееш па-беларуску, у нашай беднай старане!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?