Крэмль вуснамі Пяскова прапанаваў у адносінах з Беларуссю «апакаліптычныя сцэнары» не абмяркоўваць — «пакуль».

У сваю чаргу, Аляксандр Лукашэнка даў загад ураду забяспечыць ўжо у найбліжэйшыя дні пастаўку нафты з альтэрнатыўных крыніц. Перш за ўсё размова ідзе аб пастаўках чыгуначным транспартам з партоў на Балтыцы, а таксама аб задзейнічанні для альтэрнатыўных паставак нафтаправода «Дружба».

А 4 студзеня — так супала — у Мінск упершыню за 27, калі не памыляюся, гадоў прыбудзе дзяржаўны сакратар ЗША.

Пастаўкі нафты і газу з Расіі па субсідаваных цэнах — гэта і ёсць тая шворка, на якой гэтыя дзесяцігоддзі трымалі і беларускую эканоміку, і грамадства. За танны газ беларусы плацілі русіфікацыяй і прывязкай да расійскай сістэмы. Пераход на закуп нафты і газу па рынкавых цэнах — гэта балюча, але не смяротна. Купляюць жа па такіх цэнах і Эстонія, і Літва, і Славакія, і Малдова, і нічога — жывуць. Перайшлі яны на рынкавыя цэны ў розны час, і Беларусь непазбежна таксама пяройдзе, і лепш раней, чым пазней.

Лукашэнка сёлета прамовіў шматзначнае «Я не так ужо і трымаюся за ўладу» — змена фармату адносін з Расіяй непазбежна пацягне і перафарматаванне адносін улады і грамадства ў Беларусі.

Усе чакалі, што перамовы з Расіяй скончацца чарговым кампрамісам і захаваннем статус-кво. Усе меркавалі, што пераход на рынкавыя цэны магчымы толькі ў далёкай будучыні. Крызісы, падобныя да сёлетняга, бывалі ў адносінах з Расіяй ужо не раз.

Таму калі б пераход на рынкавыя прынцыпы здарыўся ужо з гэтага 1 студзеня, гэта быў бы найлепшы навагодні падарунак, пра які беларускае грамадства магло толькі марыць.

Іншая рэч — што будзе ў камплекце з падарункам. Бо адбываецца гэтае абвастрэнне на фоне доўгіх і незразумелых перамоў. Ці не азначае гэта пачатак эканамічнай блакады Беларусі Расіяй па ўсіх франтах з мэтай змусіць да аншлюсу? Ці зможам мы гэта вытрымаць, як вытрымалі ў свой час тыя ж Літва, Эстонія ці Украіна?

Усё гэта пакуль гіпатэтычныя пытанні, а найбольш імаверным вырашэннем крызісу на сёння падаецца ўсё ж чарговы кампраміс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?