Валянціну 35 гадоў, паводле адукацыі ён настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Валянцін прызнаецца, што мастацкіх здольнасцей у яго ніколі не было, але вось бульба чамусьці натхніла на творчасць.

«Я даўно калекцыяную артэфакты з бульбай: паштоўкі, маркі, фотаздымкі. Мару нават пра музей бульбы», — прызнаецца Валянцін.

Аднойчы ён круціў у руках бульбіну і вырашыў: а чаму б не зрабіць з яе Гендальфа — свайго ўлюбёнага персанажа.

І пасля гэтага, прызнаецца Валянцін, натхненне папёрла.

«Я прыдумляю нейкі вобраз, пасля іду ў краму і выбіраю бульбу, якая падыходзіць пад вобраз персанажа. Грашу, не заўсёды беларуская бульба падыходзіць. Для Ван Гога, напрыклад, шукаў доўгую, чыстую і светлую», — расказвае Валянцін Бойка.

Валянцін стварае ў асноўным персанажаў, вядомых ва ўсім свеце.

«Паўтаруся, я хачу, каб беларуская бульба стала пазнавальным брэндам. Я магу зрабіць Саладуху, але ў сеціве ён будзе нешта такое: ноў нэйм у ружовым пінжачку», — прызнаецца Валянцін.

Дарэчы, з касцюмамі герояў — асобная эпапея.

«Купляю я неабходную тканіну для касцюмаў у сэканд-хэндах. Выбіраю там нешта самае таннае. І з гэтага шыю касцюмы. Аднойчы ледзьве ад гэтага не пацярпеў. Купіў нейкую жаночую кашулю фіялетавага колеру, а мая дзяўчына знайшла яе ў нас дома. Быў скандал», — расказвае Валянцін.

Шкадуе Валянцін толькі пра тое, што яго персанажы доўга не жывуць.

«Вяртаюся я неяк дадому і чую ў пакоі непрыемны пах. Зазірнуў на шафу і ўбачыў, што гэта Фрэдзі Мэркуры смярдзіць», — смяецца мужчына.

Аднак, персанажы жывуць на фота.

«Некаторыя сябры смяюцца з майго захаплення. А я так разважаю: ну чым гэта горш за рыбалку ці вечар перад тэлевізарам з футболам? Таму і корпаюся з бульбачкай», — кажа Валянцін Бойка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?