Найлепшым спосабам засьведчыць беспрэцэдэнтны прагрэс Беларусі на шляху дэмакратызацыі было б уручэньне прэміі Сахарава вядомаму сілавіку, якога днямі адправілі ў адстаўку. Нават уявіў яго афіцыйную прамову ў Эўрапарлямэнце з гэтай нагоды.

Шаноўнае спадарства, дзякуй!

Вельмі прыемна атрымаць гэтую прэмію, якую ўручаюць тытанам барацьбы за правы чалавека. Зь іншага боку, як не глядзі, гэта абсалютна дастойная ацэнка маёй дзейнасьці. Усё, у чым мяне абвінавачваюць, было ня чым іншым, як пасьлядоўнай барацьбой за ўнівэрсальныя правы і годнасьць чалавечай асобы.

Возьмем, напрыклад, разгон дэманстрацыі на Дзень Волі ў 2006‑м. Для мяне і байцоў маёй каманды не існавала дыскрымінацыйных забабонаў — разганяць апазыцыянэраў пэўнага полу, нацыянальнасьці, пэўнай сэксуальнай арыентацыі… Зуб даю — у мяне б з гаўптвахты не вылазіў баец, які б паспрабаваў запярэчыць, накшталт: «Таварыш палкоўнік, давайце не ганяць вунь таго дэмакрата. Я падазраю, што яго прадзед — ня чысты беларус». Усе разагнаныя дэмакраты маюць быць для нас роўныя!

І ўвогуле — той разгон быў з нашага боку чынам, вартым Махатмы Гандзі. Як і ў вялікага Гандзі, у нас былі толькі палкі. І нашых апанэнтаў мы таксама схілялі да ўжываньня аднаго з падставовых мэтадаў гандзізму — сядзячай забастоўкі. І нават транспартавалі іх у месцы, дзе ім ніхто не перашкодзіў бы баставаць. Каго на 10, каго на 15 сутак.

Прынцыповае, калясальнае значэньне мае для нас права людзей на выбар. Памятаю іншы майстар‑кляс па гандзізму, праведзены намі з удзельнікамі намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы. Кожнаму, хто не жадаў ехаць у месца сядзячай забастоўкі, мы далі права самастойна абраць — адзін раз з нагі або пяць фофанаў у аўтазак… камфартабэльным лімузіне.

Мы стаім на варце такіх інстытутаў, як права на таямніцу перапіскі — мае арлы амаль не чытаюць!

Нарэшце мы ня толькі пасьлядоўныя абаронцы х’юман райцс: мы самыя вялікія прапагандысты Дэклярацыі правоў чалавека. Прысуджаныя да году, двух, трох гадоў сядзячай забастоўкі апазыцыянэры нясуць суседзям па «зоне» інфармацыю пра тое, што ўсе людзі маюць правы на справядлівы суд.

Пры канцы дазвольце вас пераканаць — нашыя сілавыя структуры і надалей будуць стаяць на варце дэмакратыі. Галовы нашых ваяроў, аб якія разьбіваецца нават цэгла — сьціплая ілюстрацыя маналітнасьці перакананьняў.

І закончыць я хацеў бы словамі вялікага змагара за правы чалавека Марціна Лютэра Кінга: «Ай хэў э дрын!». Прычым у адрозьненьні ад Кінга ня просты дрын, а дрын — гумовы. Пераеду па нырках — мала не падасца.

Дзякуй!

А цяпер пляскаць! Я сказаў пляскаць!.. Вось так!

Яшчэ раз дзякуй!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?