Жанр: фантастыка, прыгоды
Рэжысёр: Фрэнсіс Лоўрэнс
У ролях: Джэніфер Лоўрэнс, Джош Хатчарсан, Ліам Хемсварт, Відзі Харэльсан, Дональд Сазерленд, Філіп Сеймур Хофман, Джуліяна Мур, Уілаў Шылдс
ЗША, 137 хв.
Адзнака: 6

Кітніс Эвердзін стала сімвалам паўстання жыхароў дыстрыктаў, якія вядуць барацьбу супраць Капітолія і прэзідэнта Сноу. Паўстанцы на чале з прэзідэнтам Коэн правялі спецаперацыю па вызваленні Піта Меларка, але яго свядомасць была апрацаваная для забойства Кітніс. Ён пакрысе вяртаецца да жыцця і далучаецца да апошняй бітвы грамадзянскай вайны супраць Капітолія.

Фільм зняты па матывах рамана амерыканскай пісьменніцы і сцэнарысткі С’юзан Колінз «Сойка-перасмешніца». Гэта апошняя кніга трылогіі, якая для экранізацыі была разбітая на дзве часткі. Першая з іх выйшла на экраны летась.

Здымкі першай і другой часткі «Сойкі» вяліся паралельна. Яны пачаліся ў Атланце, перамясціліся на два тыдні ў Парыж і завяршыліся ў Берліне. Галоўную ролю выканала Джэніфер Лоўрэнс, адна з самых маладых лаўрэатак «Оскара» (галоўная жаночая роля ў фільме «Мой хлопец — вар’ят»).

Філіп Сеймур Хофман, які сыграў у фільме распарадчыка гульняў Плутарха Хэвенсбі, памёр у лютым 2014 у Нью-Ёрку. Ён паспеў скончыць працу над першай часткай і амаль завяршыў працу над другой. Пазней было заяўлена, што персанаж Хофмана будзе ўзноўлены з дапамогай лічбавых тэхналогій са сцэн, знятых раней.

Трэцяя кніга трылогіі — самая слабая, а падзел яе экранізацыі на дзве часткі не дадаў карысці сюжэту. Тут ён выглядае такім жа расцягнутым, як і ў першай частцы. Перанесены на экран, сюжэт выявіў усе свае хібы: амурная лінія засталася такой жа недапрацаванай, а фінал — спрэчным. Выклікае захапленне толькі візуальная дасканаласць фільма.

Мае ўзроставае абмежаванне 16+.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?