Беларускі дызайн: як ствараюцца новыя шрыфты і як прыдумляўся лагатып «Нашай Нівы» 6

Аўтар: Наталля Тур, фота Волі Афіцэравай

Са школьных гадоў мы ўсе добра ведаем Times New Roman, Arial і што выбар шрыфта адназначна ўплывае на візуальнае ўспрыманне тэксту. 

Сумесна з нямецкім брэндам прафесійных прылад для пісьма rOtring і афіцыйным дыстрыб'ютарам брэнда ў Беларусі — кампаніяй Universal Press — мы працягваем праект «Сучасны беларускі дызайн з rOtring».

Мы распыталі каліграфаў Генадзя Мацура і Аляксея Коваля пра законы стварэння шрыфтоў, любімыя і нелюбімыя літары, а таксама пра тое, ці існуе спрадвечны беларускі шрыфт.

Каліграфію трэба адчуць

Імя Генадзя Мацура ў беларускай каліграфіі заўважнае. Першыя свае работы, прысвечаныя Міколе Гусоўскаму і Янку Купалу, ён выстаўляў яшчэ ў 1980 годзе. Пасля — безліч аздобленых ім кніг, шмат персанальных і зборных выстаў, удзел і перамогі ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Сёння Генадзь Іванавіч прызнаецца, што амаль аднолькава часу ідзе і на стварэнне пэўнай працы, і на тое, каб прыдумаць ёй назву.

«Не хапае слоўнікавага запасу. У галаве нараджаецца вобраз, пачуццё, а як яго на словы пакласці? Каліграфія — гэта ж не тое, што можна прачытаць. Гэта тое, што трэба адчуць».

Пра «Нашу Ніву»

З адной работай Генадзя Мацура чытачы «Нашай Нівы» сутыкаюцца штодзённа. Фірмовы шрыфт лагатыпа — яго праца.

«Галоўны рэдактар паставіў мне задачу зрабіць лагатып для абноўленай газеты, якая мусіла быць новай і па змесце, і па візуальным успрыманні. Але зрабіць гэта я мусіў на гістарычнай падложцы».

За аснову лагатыпу быў узяты шрыфт «Гуманіст». «І шляхам спроб, удасканалення, трансфармацый і розных відаў накрэслення атрымалася тое, што атрымалася. І цяпер я магу сцвярджаць, што атрымалася годна. Я рады, што гэты шрыфт стаў для «Нашай Нівы» візуальным знакам. Вы можаце нават не прачытаць нейкі тэкст, але, убачыўшы літары «НН», адразу зразумееце, да чаго адсылка».

Калі замоўца шрыфта ставіць перад табой дакладную задачу, працаваць прасцей, кажа Генадзь Іванавіч.

«Унутры самога задання можна знайсці столькі прасторы для творчасці! Напрыклад, неяк аздабляў вокладку мікрабіялагічнага слоўніка. Вось як зразумець, якім шрыфтам падпісваць слоўнік па мікрабіялогіі. Давялося размаўляць з яе аўтарам, прафесарам. Я яму задаваў пытанні: а мікрабіялогія круглая ці квадратная, цвёрдая ці мяккая, халодная ці цёплая? Прафесар спачатку думаў, што я здзекуюся з яго. Насамрэч, такія пытанні дапамаглі мне зразумець, як рабіць малюнак».

Пра спрадвечнае беларускае

Калі мы кажам «нямецкая готыка» ці «арабская вязь», наша ўяўленне адразу малюе гэтыя шрыфты. А які шрыфт намалюе ўяўленне, калі ён беларускі?

«Насамрэч, сучаснага такога шрыфта не існуе, — кажа Генадзь Мацур. — Мы жывём у традыцыі лацінскага пісьма. Францыск Скарына пісаў выдатнай беларускай кірыліцай. А вось калі Пётр Першы ўвёў грамадзянскі шрыфт, выявілася, што ён у многім «злізаны» з лацініцы».

Кажуць, што грамадзянскі шрыфт распрацоўваў наш зямляк Ілля Капіевіч, чалавек абсалютна заходняй культуры, адукацыі. Таму ў яго і атрымалася, што шмат кірылічных літар паўтараюць лацінскія. R у Капіевіча ператварылася ў Я.

Пачынаецца на А

Ствараць шрыфты Генадзь Мацур заўсёды пачынае з літары А. Яна, кажа, адметная і задае характар усяго шрыфта. Ёсць у каліграфа Мацура свае любімыя і нелюбімыя літары.

«Літара Б для мяне цяжкая, асабліва маленькая. Я не ведаю, як яна павінна выглядаць у ідэале. Да складанай літары Ж трэба ставіцца з вялікай павагай. Яна легкадумства не даруе. Не люблю літару Я. Яна нейкая бессістэмная. У сапраўднай кірыліцы быў знак Я — спалучэнне напісаных побач літар І і А. Вось яны б прыгожа глядзеліся ў любым шрыфце. Незразумелая літара З. Чаму яна пішацца так, што яе блытаеш з тройкай? Неправільна гэта з дызайнерскага погляду».

Генадзь Мацур узгадвае, што калі ён пачаў займацца шрыфтамі, тады і слова «дызайнер» не было.

«Я вучыўся ў Паўла Семчанкі. Менавіта ён увёў каліграфію ў прафесійнае беларускае мастацтва. Раней мы — графікі, каліграфы — і мастакамі не лічыліся. Мы былі «прамысловымі». Цяпер жа каліграфаў Беларусі ведаюць, пазнаюць.

Як не паўтарацца ў каліграфіі?

Генадзь Мацур кажа, што гэта ўсё досвед.

«Я перыядычна лаўлю сябе на думцы, што нешта такое ўжо рабіў, але разумею, што яно толькі быццам падобнае, а насамрэч абсалютна рознае. Патлумачу: ёсць у вас любімая сукенка. Вось асабліва прыгожая яна ў вас. І як сядзіць на вас, і як да вачэй пасуе, але яна старая. Трэба купіць новую. І вы ведаеце, што хочаце менавіта такую сукенку. А купіце ўсё адно хоць трошкі, але іншую. Так і са шрыфтамі. Не могуць яны быць аднолькавымі».

Пры гэтым Генадзь Мацур лічыць, што няма нічога больш дасканалага, чым чысты аркуш паперы.

«І калі ты падносіш да яго пэндзаль з тушшу, то дакладна ведаеш, што сапсуеш яго. Але задача мастака сапсаваць гэты аркуш максімальна прыгожа, каб той, хто будзе глядзець на яго, змог прачытаць нават тое, чаго там напісана не было».

«Шрыфт — маё дзіця. Мне цяжка яго адпусціць»

Аляксей Коваль займаецца шрыфтамі больш за дзесяць гадоў. Сёння яго «почырк» можна пазнаць на шрыфтах Беларускай чыгункі, фірмовае «Е» на лагатыпе «Еўраопта» — таксама яго работа. 

Чытайце іншыя матэрыялы праекта «Сучасны беларускі дызайн з rOtring»:

Першы свой шрыфт Аляксей зрабіў яшчэ ў 2006 годзе.

«Я паступіў у Акадэмію кіравання на дзённае аддзяленне, хутка зразумеў, што пасля пар мне нецікава піць віно і марнаваць час з аднагрупнікамі, стаў думаць, чым я хачу займацца. А я з дзяцінства шмат маляваў. Паступова прыйшоў да лагатыпаў, пасля — да шрыфтоў. Сядзеў на форумах, задаваў пытанні больш дасведчаным дызайнерам. Пасля даведаўся, што ў Маскве адбудзецца конкурс па каліграфіі і шрыфце. Вырашыў паехаць. Не дзеля таго, каб перамагчы, а каб пазнаёміцца з рознымі людзьмі. Удзел у гэтым конкурсе даў мне значна больш, чым я мог падумаць. У Мінск я вярнуўся з дакладным разуменнем, што хачу рабіць».

А ў 2008 годзе Аляксей Коваль першы з беларусаў пачаў прадаваць свае шрыфты на сайце myfonts.com. 

«Гэта найбуйнейшы ў свеце сайт шрыфтоў. Калі ты прадаешся там, то пра цябе пачынаюць даведвацца за межамі краіны, ты становішся пазнавальным».

Аляксей напісаў ліст з прапановай свайго шрыфта, яму прапанавалі зрабіць некалькі тэстаў, каб паглядзець, як шрыфт будзе працаваць у розных фарматах. І нарэшце ён быў узгоднены.

«На сайце заробак залежыць ад таго, колькі разоў спампавалі твой шрыфт. Адна спампоўка каштуе ад 15 да 50 еўра. Распрацоўшчык атрымлівае 10 адсоткаў ад гэтай сумы. Але, каб зняць грошы, неабходна, каб на рахунку было не менш за 200 долараў. Таму свой першы заробак за шрыфты я атрымаў толькі праз тры гады».

Цяпер Аляксей Коваль амаль адзіны, хто займаецца шрыфтамі ў Беларусі і робіць іх лічбавыя файлы.

«Толькі я і Дзяніс Серабракоў выпускаем шрыфты, якія можна ўсталяваць на камп’ютар. Ёсць яшчэ 5-6 чалавек, якія скончылі Акадэмію мастацтваў, стварылі неблагія рукапісныя шрыфты, але працу да лагічнага завяршэння не давялі, бо мала хто з замоўцаў будзе аплачваць 10 000 працоўных гадзін невядомаму дызайнеру, а менавіта столькі прыкладна доўжыцца праца над шрыфтом».

Аляксей дастае з папкі шрыфт, падпісаны як «скарынаўскі тытульны». Замовіла яго Аляксею сямейная пара з Германіі, якая захацела аднавіць шрыфт да 500-годдзя першай друкаванай кнігі Францыска Скарыны.

На раздрукаваным шрыфце — праўкі.

«Не так складана прыдумаць шрыфт, як потым давесці яго да лагічнага завяршэння. Шрыфт — гэта ж маё дзіця, яго вельмі цяжка адпусціць ад сябе, ты ўвесь час яго ўдасканальваеш. Калі распрацоўваў шрыфт Беларускай чыгункі, там была папка таўшчынёй з энцыклапедыю».

Скарынаўскі шрыфт, кажа дызайнер, вельмі важны падмурак для разумення наогул таго, якімі павінны быць беларускія кірылічныя шрыфты.

«У 1991 годзе каліграф №1 у Беларусі Павел Семчанка пераасэнсоўваў шрыфт Скарыны і выдаў аўтарскую версію. Мая задача зрабіць лічбавую рэканструкцыю арыгінальных форм, каб імі маглі карыстацца… Глядзіце, скарынаўскі шрыфт, калі казаць пра яго практычнае выкарыстанне, можа замяніць усе «стараславянскія» алфавіты выключна нашым, спрадвечным».

Аляксей Коваль кажа, што працуе пераважна з кірылічнымі шрыфтамі. І на тое ёсць прычына.

«Калі з кірылічным напісаннем усё атрымаецца, то ў лацінцы дакладна будзе працаваць».

Як ствараецца шрыфт?

«Спачатку важна зразумець, у якіх мэтах ён будзе выкарыстоўвацца. Калі ўзяць, напрыклад, тую ж чыгунку, то ў шрыфт трэба было закласці хуткасць, зручнасць, сучаснасць. Звычайныя людзі, магчыма, і не разбіраюцца ў шрыфтах, але адчуваюць іх».

Пасля пачынаецца этап стварэння. І тут таксама ёсць свае хітрыкі. Шрыфт ніколі не ствараецца ў алфавітным парадку. Спачатку малююцца літары О, Е, Н, К, С. Так можна праверыць, як будзе глядзецца максімальна закрытая і адкрытая літары, максімальна шырокая, максімальна круглая.

Пасля пачынаецца доўгі, але творчы працэс. Камбінуецца рознае спалучэнне літар, пасля робяцца тэставыя раздрукоўкі, падганяецца адлегласць паміж літарамі, радкамі. Ну і заканчваецца ўсё тэсціроўкай, як будзе паводзіць сябе шрыфт у розных праграмах, дадатках.

Аляксей Коваль прызнаецца, што нават пасля таго, як яго працы сталі запатрабаванымі, зорная хвароба не прыйшла.

«Я магу распрацаваць лагатып і для рамонту абутку, галоўнае — каб гэта было цікава і незвычайна».

Дзе набыць rOtring?

  • Афіцыйны дыстрыб'ютар rOtring — кампанія Universal Press. Абслугоўванне карпаратыўных кліентаў і дылераў.
  • Раздробны продаж і кансультацыі прыватных кліентаў —студыя каліграфіі Calligraphy.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?