З зямлянкі на сцэну: жыццё і лёс Зінаіды Бандарэнка 21

Аўтар: Кацярына Карпіцкая, ілюстрацыі Волі Афіцэравай

«Усе публічныя людзі хворыя на сваю прафесію. Тое, што з табой адбываецца, так моцна ўразаецца ў мозг, што пазбавіцца ад гэтага ўжо немагчыма. Мне часта сніцца, што я бягу да мікрафона на сцэну, а на мне адсутнічае нацыянальны строй, я ў кароткай спадніцы — і ад гэтага жаху проста сэрца выскоквае», — вядомая беларуская дыктарка Зінаіда Бандарэнка афіцыйна сышла з тэлебачання ў 1996 годзе, але яе ўпэўнены мілагучны голас, характарнае карэ і сукенку-вышыванку многія гледачы памятаюць і сёння.

Яна была з генерацыі савецкіх дыктараў, але ўжо з тых, хто ведаў, як «падмануць» сістэму і незаўважна імправізаваць у межах цэнзураваных сцэнарыяў, быць не толькі «правадніком ідэй і прадпісанняў камуністычнай партыі».

Гісторыя станаўлення і лёс адной з самых зорных савецкіх дыктарак — працяг нашага цыклу матэрыялаў «Беларускія гераіні», які мы робім разам з Samsung Galaxy S9|S9+. Раней вы бліжэй знаёміліся з Эміліяй Плятэр, Верай Харужай, Ларысай Геніюш, Алаізай Пашкевіч, Аленай Кіш, Жаннай Капуснікавай, Марынай Лобач, Ядвігай Паплаўскай, беларускімі дзекабрысткамі. Калі прапусцілі матэрыял пра кагосьці з гэтых выбітных жанчын — самы час прачытаць.

Калі б не дыктарства, то спадарыня Зінаіда абавязкова стала б актрысай. У школе гэта было яе марай: усе звалі Зінаіду Артысткай і Бандароўнай. Першую мянушку падмацоўвалі выступы ў драматычным гуртку і эмацыйнае чытанне вершаў на ўроках літаратуры.

Аднак яе мару паступіць у тэатральны перакрэсліла нечаканая хвароба.

«Я вучылася ў 10 класе. Апошні званок, май, спёка стаяла неймаверная. Мы з аднакласнікамі рушылі бліжэй да вады, на Сож. А ў Гомельскім парку ж спускі вельмі крутыя, таму ніхто з дзяўчат купацца не пайшоў, адна я з хлопцамі вырашылася. Даплыла да сярэдзіны, адчула — нешта не тое, вярнулася на бераг. У той дзень мяне ўсяго толькі патрэсла, больш ніякіх сімптомаў не было. А літаральна праз паўгода ў мяне вынайшлі плеўрыт. Лячыць хваробу прыйшлося доўга», — прыгадвае спадарыня Зінаіда.

«Якая з цябе хворай актрыса. Трэба сачыць за здароўем», — сказалі бацькі і параілі ёй ісці ў медвучэльню.

«Варажбітка сказала: тата не загінуў»

У тым, што хвароба падкасіла дзяўчынку ўжо ў мірны час, была нейкая злая іронія. Яе сям’я прайшла праз стрэсы, страты, голад і холад без даху над галавой падчас Другой сусветнай вайны.

Зінаіда Аляксандраўна нарадзілася ў 1939 годзе ў Мінску ў сям’і хірурга. Жылі ў інтэрнаце медыцынскага інстытута, што месціўся на вуліцы Ленінградскай побач з чыгуначным вакзалам. Калі ў Мінск прыйшлі фашысты і пачалі бамбіць горад, бацька Зінаіды быў на дзяжурстве ў вайсковым шпіталі, а маці разам з ёй і старэйшым братам спяшалася схавацца ў бамбасховішчы на Карла Маркса. Усё ў цэнтры было разбуранае, у пыле і варонках. У той страшны час галава сям’і вырашыў, што згубіў жонку і дзяцей, а яны — што больш ніколі не ўбачаць тату.

Кожны з іх пайшоў у свой бок: шпіталь быў эвакуяваны, многія медыкі дайшлі да Берліна. Марыя ж, маці Зінаіды, рушыла з дзецьмі на Гомельшчыну, дзе жылі сваякі. Пешшу ішлі туды два тыдні.

Большую частку вайны пражылі ў дзядзькі Міколы ў вёсцы Уборак, што на Лоеўшчыне. Калі наязджалі карнікі, збягалі ў лес і хаваліся ў «куранях». Зінаіда на ўсё жыццё запомніла смак першага кавалка хлеба, які яна пакаштавала, калі на Лоеўшчыну прыйшлі савецкія салдаты: пасля бульбянога шалупіння яго смак здаваўся неймаверным.

«Сёння маці, як і брата, ужо няма. На яе помніку на могілках у Гомелі я папрасіла зрабіць надпіс: «Дзякуй, матулечка, за зберажонае жыццё». Яна несла мяне на руках з Мінска да Гомеля, ідучы пешшу. Яна адварочвала мой твар ад трупаў, калі мы вярталіся назад ва Уборак, я гэта добра памятаю», — забягае наперад спадарыня Зінаіда.

Адразу пасля вайны сям’я жыла ва Уборку: спачатку — у зямлянках, пакуль талакой не пабудавалі ўсім, хто застаўся без прыстанку, якія-ніякія хаткі. Пасля зямлянак тыя здаваліся сапраўднымі замкамі.

Адным разам у іх сяло завітала незнаёмая жанчына. Яна папрасіла ў маці Зінаіды вады. За размовай абмяркоўвалі людскі лёс, Марыя расказала, што яна засталася адна з дзецьмі, муж загінуў. А жанчына ўзяла яе руку, паглядзела і нечакана сказала: «Твой муж не загінуў. Толькі побач з ім другая жанчына».

Пасля таго містычнага выпадку маці Зінаіды адразу ж пачала пісаць лісты да братоў, сясцёр мужа, распытваць пра яго. Адказ прыйшоў ад яго самога: ён быў у Германіі, жывы. Праўда, у яго сапраўды была новая сям’я.

Марыя перавезла дзяцей у Гомель, працавала звычайнай дэзынфектаркай. Жылі па кватэрах, бацька спраўна плаціў ім аліменты — гэта дапамагала.

Лёсавызначальны кастынг

Зінаіда скончыла медвучэльню, нават паспела паспрабаваць сябе ў ролі акушэркі, прымала роды. Паралельна з навучаннем паспявала наведваць тэатральную студыю, якой у той час кіраваў заслужаны работнік культуры Сяргей Астравумаў.

Архіўны здымак: першы спектакль з удзелам Зінаіды Бандарэнкі.

«Памятаю, паставілі мы ў Палацы чыгуначнікаў невялікі камедыйны спектакль. Называўся ён «Любоў і бульба». Пастаноўка карысталася поспехам: трупу запрашалі з выступамі на розныя вечарыны. Дарэчы, менавіта на адным з такіх выступаў мяне і заўважыў малады канструктар «Гомсельмаша» Генадзь Кап’ёў — мой будучы муж», — расказвае Зінаіда.

Менавіта Сяргей Паўлавіч Астравумаў, які паралельна працаваў мастацкім кіраўніком Гомельскай тэлестудыі, расказаў сваёй падапечнай пра тое, што мясцовае тэлебачанне ладзіць конкурс дыктарак. Ён настойліва раіў узяць у ім удзел. Пераможцай у тым масавым спаборніцтве, як вы можаце здагадацца, стала Зінаіда. Так у 1959 годзе ў яе пачалася зусім іншая гісторыя. А ўжо ў 1962-м, калі падчас дзён Гомельшчыны маладая дыктарка прыехала ў Мінск на Камуністычную, 6, каб разам з калегамі і творчымі калектывамі расказаць, чым жыве Гомельская вобласць, ёй паступіла першая прапанова пераехаць у Мінск.

«Мяне выклікаў Васіль Несцяровіч, тагачасны старшыня Камітэта радыё і тэлебачання, і сказаў: «Вы настолькі спадабаліся гледачам, што мы прапануем вам пераехаць на працу ў Мінск». А я толькі выйшла замуж, чакала першынца. Было неяк няёмка сказаць, што цяжарная. Таму я проста падзякавала за прапанову і адмовіла, растлумачыўшы такі жэст любоўю да роднага горада», — згадвае народная артыстка.

З сынам.

Праз год пра мінскую прапанову згадаў яе муж. Калі ён быў па працы ў Мінску, завітаў да Несцяровіча, распавёў пра сітуацыю, якая склалася, і сказаў, што цяпер яны гатовыя пераехаць у Мінск. На такі крок іх шмат у чым падштурхнуў адчай: новаўтвораная сям’я жыла разам з маці ў адным пакоі барака, які быў падзелены на дзве часткі кардонкамі. Усе выгоды — на вуліцы. У Гомелі далі зразумець, што паляпшэння жыллёвых умоў давядзецца чакаць вельмі доўга.

Каб праверыць, ці не згубіла ўпадабаная дыктарка пасля родаў форму, у сталіцы была скліканая цэлая мастацкая рада! Зінаіда прайшла чарговую праверку. У 1963-м годзе сям’я перабіраецца ў Мінск. Набірацца творчай нахабнасці, якой, на думку майстроў, ёй часам не хапала.

Архіўны здымак: першы выступ на тэлебачанні.

Зінаіда стала працаваць дыктаркай, чытаць навіны, выязджаць у камандзіроўкі па ўсім Саюзе, весці творчыя вечарыны і канцэрты ў Беларусі і іншых краінах. Паралельна яна ўдасканальвала веды на курсах падвышэння кваліфікацыі. Яе твар стаў адным з самых пазнавальных у краіне. Праўда, такі графік накладаў адбітак на сям’ю: «Пакуль я лётала, сыноў, Аляксандра і Уладзіміра, выхоўвала свякроўка — дзякуй ёй за гэта. Душа ў душу мы з ёй пражылі амаль 40 гадоў».

З сям'ёй.

Як толькі была магчымасць (ці то быў дзень савецкай канстытуцыі, ці творчы вечар Ігара Лучанка), дыктарка старалася выходзіць на публіку ці ў эфір у нацыянальных строях: у расшытых арнаментам кашулях і сукенках.

«Сваё дзяцінства я правяла ў вёсцы, і людзі, якія там жылі, зрабілі на мяне глыбокае ўражанне. Тады я не разумела, праўда, што такое нацыянальная ідэя, гісторыя, але з цягам часу асэнсаванне гэтага прыйшло. Калі мы прыязджалі ў Маскву на трансляцыі ці дні культуры, усе размаўлялі на рускай мове. Але тады я асэнсавала, што Расія — гэта адно, але ў нас ёсць свае мова, гісторыя, мастацтва. І няправільна, каб нехта звонку ўказваў, як гэтым карыстацца».

Сваю пазіцыю Зінаіда смела адстойвала нават перад самымі высокімі начальнікамі. На адным святкаванні Дня савецкай канстытуцыі ў Маскве, якое сабрала ў сталіцы дыктараў з 15 рэспублік, наша зямлячка выпрасіла рэдактараў прачытаць верш Анэлі Тулупавай па-беларуску замест выканання рускамоўнага перакладу твора Пятруся Броўкі, абранага аўтарам праекта. Праз гэты ўчынак рэдактары пасля атрымалі вымову.

Падобная сітуацыя здарылася на днях культуры Беларусі ў Кіеве. У канцэрце ўдзельнічалі нацыянальныя калектывы: народны аркестр імя Іосіфа Жыновіча, народны хор імя Генадзя Цітовіча і іншыя ансамблі. Для Зінаіды было ненатуральна аб’яўляць гэтых артыстаў не на роднай мове, таму яна адкрыла імпрэзу па-беларуску. Літаральна праз хвіліну за кулісы ўварваўся расчырванелы начальнік упраўлення культуры і пачаў рабіць вымову: «Хто вам даў права весці канцэрт на беларускай мове? У першых шэрагах сядзяць адны расіяне, яны нічога не разумеюць».

«Раптам мяне абараніла памочніца рэжысёра: «Дык калі ваша вядучая выйдзе аб’яўляць на расейскай мове, яе закідаюць памідорамі». Анатоль Каландзёнак не знайшоўся, што адказаць, і выбег з-за куліс. Вельмі добра, калі на шляху сустракаюцца такія людзі, якія своечасова могуць дапамагчы і падказаць. З таго моманту, дзе б я ні была, я вяла канцэрты і дні культуры выключна па-беларуску. Адшуквала рускім словам зразумелыя любому вуху адпаведнікі — і ўсе ўсё разумелі».

Папулярныя ў Савецкім Саюзе дыктары.

Росквіт і сыход

1970-я гады, калі старшынёй Дзяржаўнага камітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанню быў пісьменнік Генадзь Бураўкін, сталі сапраўдным росквітам для нацыянальнага тэлебачання. Генадзь Мікалаевіч патрабаваў, каб яно было беларускім, і з гэтым прыходзілася мірыцца нават тым, хто першапачаткова супраціўляўся.

У 1977-м Зінаіда Бандарэнка стала заслужанай артысткай, у 1985-м атрымала званне народнай артысткі Беларусі. А ў 1996-м правяла свой бенефіс у Доме афіцэраў і сышла з дзяржаўнага тэлебачання.

«Я адчула ціск, прычым не толькі ад кіраўніцтва тэлебачання. Ён ішоў з самага верху. Я адчувала, што мне давядзецца сысці з пасады. Адчувала, што вакол мяне звужаецца кола і магчымасці. Я ніколі не замоўчвала свае погляды і думкі, а новаму кіраўніцтву гэта не падабалася», — расказвае спадарыня Бандарэнка. Разам з ёй адначасова месца працы тады змяніла большая частка дыктарскай групы.

Пасля гэтага Зінаіду яшчэ запрашалі весці некаторыя канцэрты зорак беларускай эстрады, але збольшага яе імя выкраслілі з новай гісторыі тэлебачання. Праўда, яна мела і мае ўплыў на справу ўсяго жыцця іншым чынам: вядзе курсы дыктарскага майстэрства, сочыць за новым пакаленнем, што з’яўляецца на экране тэлевізара.

«Сёння школа дыктарскага майстэрства страчаная… А гэта ж голас, вымаўленне, інтанацыя, рысы акцёрскага майстэрства і, канечне ж, прыродная беларускасць», — уздыхае Зінаіда.

Галоўная мара

У свае 79 год Зінаіда Бандарэнка мае фенаменальную памяць і без высілкаў цытуе радкі з вершаў ці сцэнарыяў шматгадовай даўніны. Наведвае тэатры і агучвае кніжкі: не так даўно працавала з перакладам «Анегіна», зробленага Алесем Дударом, а таксама над аўдыяверсіяй «Час second-hand. Канец чырвонага чалавека» Святланы Алексіевіч.

А яшчэ яна ўкладае ўсе сілы і душу ў біяграфічную кнігу з працоўнай назвай «Мой шлях да Беларусі». Збіраць грошы на яе выданне мяркуюць праз краўдфандынг. Спадарыня Зінаіда кажа, што ў кнізе будзе больш аб прафесіі, чым пра асабістае.

Сёння яна жыве разам з мужам, не хавае, што жыве сціпла. Пенсіі з усімі надбаўкамі ледзь выходзіць 500 рублёў. Пахавала старэйшага сына, які хварэў на дыябет, мае чатырох унукаў.

Пускаць чужых людзей далей за гэтыя межы асабістага Зінаіда не збіраецца: «Я не разумею, калі ў СМІ абмусольваецца быт вядомых людзей. Праз гэта ўсё іншае губляецца: перад намі паўстае не зорка, а звычайны чалавек з яго прымітыўнымі патрэбамі».

У кватэры Бандарэнкі-Кап’ёва шмат ікон і рэлігійных кніг. Тлумачыцца гэта тым, што малодшы сын Зінаіды вучыцца на тэолага: будзе абараняць кандыдацкую. Моліцца Зінаіда і сама:

«Я мару, каб Беларусь не згубіла свой суверэнітэт, каб была вольнай і незалежнай дзяржавай, каб з намі не здарылася таго, што адбылося з Украінай. Вось за гэта я і малюся».

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?