Дом, у якім прыдумалі краіну

Віленская кватэра Івана Луцкевіча ідзе на знос

 

У Вільні помнікі беларушчыны разбураюцца ня так часта, як у Менску. Такую выснову я раблю з назіраньняў апошніх дзесяці гадоў. Нам часьцей даводзіцца паведамляць чытачам то пра знос менскага Малога гасьціннага двара, то пра знос дому на Дзімітрава, 3, які памятае першыя сходкі БНФ і які застаўся на сваёй вуліцы адзін. Гэта толькі сёлетнія страты нацыянальнае культуры і памяці ў Менску. У Вільні ж, у старой яе частцы, як правіла, увогуле нічога ня зносіцца. Тым больш кідаецца ў вочы з гэтага правіла выключэньне, калі на тваіх вачах разьбіраюць ці ня самы галоўны ў ХХ ст. беларускі віленскі дом.

Актыўнае беларускае жыцьцё ў гэтай камяніцы скончылася ў 1921 годзе. Але ж колькі сапраўды важных імёнаў можна было б упісаць у мэмарыяльную табліцу! Хто ведае, магчыма некалі так і адбудзецца. Толькі табліца тая будзе вісець на сьцяне навамоднага офісу і пачынацца будзе са словаў «на гэтым месцы...», а ня «ў гэтым доме...» Зрэшты, пакуль памятны будынак яшчэ далічвае свае апошнія дні, у нас ёсьць магчымасьць прынамсі разьвітацца зь ім па-людзку. Бо няма ніякай надзеі, што цяперашнія літоўскія ўлады стануць дбаць пра беларускую спадчыну на шкоду астранамічным інвэстыцыям для гарадзкога бюджэту ў гэты кавалак зямлі ў самым цэнтры места. Але верыцца заўсёды ў лепшае. А лепшае з рэальнага сёньня выглядае так. Пройдзе яшчэ дзесяць ці, можа быць, сто гадоў, і ў нармальных падручніках беларускай гісторыі і культуры будзе абавязкова фігураваць гэты адрас. Таму ўсім зацікаўленым асобам варта адзначыць яго ў сваёй памяці ўжо цяпер — Віленская, 33 (гэта тагачасная нумарацыя). Для тых, хто добра ведае савецкую і постсавецкую Вільню, скажу, што гэта будынак рэстарану «Паланга», які фасадам глядзіць на праспэкт Гедыміна. Менавіта да такога кандовага выгляду быў даведзены ў савецкія гады колішні двухпавярховы дамок. Цяпер разбуральнікі ўжо зьнялі сьляды савецкае «мадэрнізацыі» і адкрылі вачам сьцены старое кладкі. На сьвет паказалася прыстанішча штабу беларускага адраджэньня, дзе выношваліся ўсе глябальныя ідэі ўладкаваньня Беларусі, у тым ліку і ідэя незалежнай БНР.

Апошні зь беларускіх знаўцаў Вільні, Лявон Луцкевіч, якога ўжо некалькі гадоў няма на сьвеце, у сваіх нататках пра дом на Віленскай, 33 пісаў:

«Некалі, з 1911 году, тут была бібліятэка-чытальня «Веда» Барыса Даніловіча, актыўнага ўдзельніка беларускага руху. Тут зьберагаліся ўсе экспанаты будучага Віленскага беларускага музэю й жылі браты Іван і Антон Луцкевічы. Па сутнасьці, тут быў неафіцыйны грамадзка-палітычны цэнтар, асабліва ў пару першай сусьветнай вайны. Вакол І.Луцкевіча канцэнтравалася тады ўся беларуская праца, а таму шмат падзеяў адбывалася тады менавіта ў гэтым доме».

Яшчэ больш падрабязна пра тыя часы згадвае ў сваіх мэмуарах сьведка падзеяў пісьменьніца Юліяна Вітан-Дубейкаўская, якая тады працавала ў Пецярбурскім Музэі мастацтваў і старажытнасьцяў:

«У пачатку чэрвеня 1915 г. я прыехала, як звычайна, дахаты на вакацыi. Як звычайна, я пайшла ў госьцi да маёй малодшай, але ўжо замужняй сястры, Зофii Нагаткiнай, каб падзялiцца зь ёю ўсiмi навiнамi. Сястра якраз зьбiралася ехаць у места й казала мне:

— Сядай, паедзем разам, я мушу заехаць у бiблiятэку «Знание», там жыве археоляг Луцкевiч, ён абяцаў мужу здабыць якоесь старое выданьне (муж сястры, палкоўнiк Ё.Ст.Нагаткiн быў заўзяты бiблiяфiл i зьбiраў цiкавыя выданьнi). I табе будзе цiкава пазнаёмiцца зь iм, гэта ж для цябе калега па фаху.

Мы прыехалi на Вiленскую 33, Iван Луцкевiч згодна ўгавору чакаў сястру. Яна нас пазнаёмiла, як калегаў. Iван Луцкевiч, якi вельмi ганарыўся сваiмi музэйнымi зборамi, усьцешыўся нагодзе паказаць свой музэй асобе, якая штось у тым разумее i можа ацанiць гэтыя аказы мiнуўшчыны. Сястра сьпяшалася й сказала:

— Калi цябе цiкавяць гэтыя зборы, дык заставайся.

Я засталася, бо мяне цiкавiлi гэтыя рэчы беларускай старасьвеччыны. А затым Iван Луцкевiч гутарыў са мной як са старой знаёмай, так што я чулася зусiм свойска. Мiж намi паўсталi гутаркi аб стылi, i Iван Луцкевiч з захапленьнем i свойскай яму жывасьцяй прачытаў мне цэлую лекцыю аб асаблiвасьцях беларускай культуры й мастацтва».

Паміж Юліянай Вітан-Дубейкаўскай і Іванам Луцкевічам завязваецца сяброўства. Трэба заўважыць, што Іван быў сапраўдным цэнтрам усяго беларускага жыцьця. Менавіта яму належалі ўсе палітычныя, культурныя, адукацыйныя ініцыятывы. Менавіта ў ягонай кватэры зьбіраліся арганізатары першага Беларускага кангрэсу, які адбыўся ў Менску і славутай пасьля Віленскай беларускай гімназіі. А ў гады першай сусьветнай вайны, пад нямецкай акупацыяй, у кватэры Луцкевічаў была рэдакцыя штодзённай газэты «Гоман», якая прыйшла на зьмену зачыненай «Нашай Нівы». Таксама тут зьбіраўся Беларускі Нацыянальны Камітэт, які прадстаўляў інтарэсы беларусаў перад нямецкімі акупацыйнымі ўладамі.

Тут пісаўся Ўнівэрсал з дэклярацыяй адраджэньня Вялікага Княства Літоўскага, тут фармавалася ідэя незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі, сюды зьяжджаліся лідэры нацыянальных рухаў, тут увесь час круціліся стукачы — расейскія, польскія, нямецкія, сюды энэргічны Іван цягнуў чарговы набыты ці выменяны недзе прадмет старасьвеччыны. Напрыклад, Аль-Кітаб — беларускую кнігу арабскім пісьмом. Іван ня быў пісьменьнікам, яго вабіла творчасьць самой стыхіі жыцьця. І ці не адзіная падпісаная ягоным імем нататка была пра Аль-Кітаб, настолькі захапіла яго гэтая гістарычная і культурная зьява.

Іван Луцкевіч быў сапраўдным маторам, чалавекам-аркестрам, да якога цягнуліся людзі. Хто ведае, як магла б павярнуцца гісторыя, каб гэтага чалавека не забрала заўчасная сьмерць ад сухотаў у 1919 годзе. Юліяна Вітан-Дубейкаўская прысьвяціла свайму сябру цэлую кнігу «Мае ўспаміны», якая выйшла ў Вільні ў 1994 годзе. А яшчэ раней, адразу пасьля сьмерці Луцкевіча зьявілася брашура «Памяці Івана Луцкевіча», адзін з аўтараў якой, Максім Гарэцкі, пісаў:

«Вясною 1919 г., зайшоўшы да Івана Луцкевіча, я ўвідзіў яго ў непараўнальна горшай хворасьці, чымся калі бачыў мяне ён... Я толькі дзівіўся, чаму ён бядуець толькі ўсё аб справе й зусім не зважаець на свой блізкі канец. Да яго выезду ў Закапанэ залучаў я на знамянітую ў нашым руху кватэру на Віленскай, 33 і заўсёды знаходзіў у хворага поўна гасьцей. Сюды вялі дарогі з усіх беларускіх установаў Вільні; сюды ішоў кожны беларус, быўшы праездам у Вільні; сюды ішоў кожны паступовы грамадзянін краю, каб пагаманіць аб справах краю...»

Сьмерць Івана Луцкевіча радыкальна зьмяніла ўсю сытуацыю віленскае беларушчыны. Бібліятэка і музэй пераехалі зь Віленскай, 33 на Вастрабрамскую ў памяшканьне беларускай гімназіі, зьехаў з кватэры на іншы адрас і брат Івана Антон Луцкевіч. Цяпер яму належала пераняць братава лідэрства ў беларускіх справах, што ён і зрабіў. Пасьля апошняй вайны будынак быў перароблены ў рэстаран.

Убогі, трэба сказаць, гэта быў рэстаран. Тыповы савецкі. Бэтонныя бакі і шкляны фасад, заходжаны рыпучы паркет і невынішчальны смурод ад цэлых пакаленьняў катлет па-кіеўску, ад судамыйных анучаў і перасмаленага алею. Паўзмрок. У Беларусі такія «Палангі» можна знайсьці ў кожным абласным і раённым цэнтры. Апошнія дзесяць гадоў рэстаран надта кантраставаў з сваім атачэньнем пахарашэлага віленскага цэнтру. Упэўнены, што ніхто не пашкадуе пра гэты знос. Зрэшты і старыя муры колішняй бібліятэкі Даніловіча наўрад ці ўяўляюць якуюсь архітэктурную каштоўнасьць. Але беларуская памяць страціць цяпер яшчэ адзін з сваіх знакавых адрасоў. Дом Івана Луцкевіча — верагодна, так яго варта называць. Дом на Віленскай, 33 адпраўляецца ў нябыт.

Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0