ПАДЗЕІ

 

«Гліняны Вялес» — Міколу Папеку

Таварыства Вольных Літаратараў абвесьціла, што прэмію ТВЛ за лепшую беларускую мастацкую кнігу 1999 году «Гліняны Вялес» сёлета атрымае паэт-пчаляр з Пружаншчыны Мікола Папека за свой першы паэтычны зборнік «Чарнавікі…» Уручэньне прэміі адбудзецца 18 сакавіка а 15 гадзіне ў полацкім музэі-бібліятэцы імя Сімяона Полацкага. У гэты самы дзень у музэі адбудзецца прэзэнтацыя паэтычнага зборніка полацкай паэткі 20-х гадоў Ганны Брэскай «Настурцыі», што выйшаў у сэрыі «Бібліятэка часопіса «Калосьсе».

Васіль Кроква

 

Газэта мястэчка Ракаў

Выйшаў з друку першы нумар газэты «Ракаўскі шлях». Заснаваў і рэдагуе яе прафэсар БДУ, прэзыдэнт міжнароднага Купалаўскага фонду Вячаслаў Рагойша. Ракаў праслаўлены геніем Купалы і «Народным альбомам». Ангельская паэтка Вера Рыч прысьвяціла Ракаву верш, дзе называе гэтае мястэчка «Паўночна-Ўсходнімі Атэнамі». «Ракаўскі шлях» мяркуе знаёміць чытачоў з гісторыяй і прыродай краю. Выходзіць «Ракаўскі шлях» будзе штомесяц.

 

Брацкая вечарына

Брацтва праваслаўнае моладзі імя Канстанціна Астроскага наладзіла вечарыну памяці Ўладзімера Караткевіча, якому сёлета магло б споўніцца 70 гадоў. У прыбудове да царквы сьвятых Пётры й Паўла, што на Нямізе, выступілі Рыгор Барадулін, бард Алесь Камоцкі, тэатар «Зьніч». Самі братчыкі паказалі інсцэніроўку з раману Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Гледачоў было за сотню.

 

Надзейныя грошы

У Нацыянальнай бібліятэцы адчынілася выстава «Грошы Літоўскай Рэспублікі». На ёй прадстаўленыя каля 60 памятных і юбілейных манэтаў, якія выпусьціў Літоўскі манэтны двор за часоў незалежнасьці. Шмат на іх і пэрсанажаў беларускай гісторыі.

 

Адамовіч ад’яжджае

У сядзібе БНФ прайшоў разьвітальны творчы вечар Славаміра Адамовіча, які неўзабаве мае зьехаць на год у Злучаныя Штаты. Творы паэта чытаў актор тэатра «Дзе-я» Мікола Казачонак. Сьпявачка Вікторыя Ільлінская, што рыхтуе да выхаду альбом рамансаў на вершы Славаміра Адамовіча, выканала пару зь іх, а маці паэта, спадарыня Юзэфа, прасьпявала цудоўную калыханку, якую склала для ўнукаў, на верш сына пра «Сашку-прэзыдэнта».

Юрась Барысевіч

 

Стыпэндыя Дамейкі

Карэліцкі райвыканкам устанавіў стыпэндыю для таленавітых школьнікаў раёну ў гонар славутага земляка, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі, 200-годзьдзе народзінаў якога хутка будзе адзначацца.

 

Усходні экспрэс

19 траўня з Партугаліі адправіцца літаратурны экспрэс «Эўропа—2000», які аб’едзе 12 эўрапейскіх краінаў. У Беларусі ён прыпыніцца ў Берасьці. Ад Беларусі на даромшчыну паедуць Вольга Іпатава, Леанід Дранько-Майсюк і Андрэй Федарэнка.

 

Помнік Гашкевічу

Шчыраваньнем пасла Пятра Краўчанкі амбасада Беларусі ў Японіі пры дапамозе Расеі зьбіраецца паставіць помнік знанаму падарожніку і навукоўцу, першаму консулу Расеі ў Японіі Язэпу Гашкевічу ў гонар 140-годзьдзя адкрыцьця першага расейскага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Японіі. Улады далі дазвол на ўстаноўку манумэнта работы беларускага скульптара Валера Янушкевіча.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0