Таямнiчая Туркаль

 

Колькi часу таму, гледзячы тэлетрансьляцыю матча Лiгi чэмпiёнаў UEFA з Iталii, я заўважыў у кадры над трыбунамi транспарант з надпiсам: «ROSSONE»... Я ня ведаў перакладу гэтага слова з iтальянскае мовы, аднак гучаньнем яно нагадвае мне назоў беларускага мястэчка Рассоны. Нехта, мабыць, скажа — гэта простае супадзеньне. Можа й так. Аднак, шмат чаго iншага ня можа быць простым супадзеньнем.

На гербе беларускага гораду Сянно намаляваныя дзьве касы. Назоў гэтага паселiшча выводзяць ад слова «сена». Тым ня менш, разглядаючы аднойчы мапу Эстонii, я знайшоў там вёску з падобнай назвай — Сянна. Цi ёсьць нешта роднаснае ў паходжаньнi гэтых назоваў? Цалкам верагодна. У Беларусi i Эстонii ёсьць шмат падобных тапонiмаў: Волма — Валма, Саарэ, Сара, Сар’я i г.д. На карысьць вэрсii аб фiна-вугорскiм паходжаньнi назвы нашага Сянна сьведчыць наяўнасьць у ваколiцах гораду возера пад назвай Сара.

Сталiца Чэхii — Praha, а на эстонскiм баку Чудзкага возера знаходзiцца паселiшча Праага. У свой час, гартаючы «Эстонска-латыскi слоўнiк», я знайшоў тлумачэньне слова «praaga». Сэнс яго просты — «брага». Дзiўнага нiчога няма. Чэская Прага знаходзiцца на рацэ Влтава. Праага эстонская на ручаiне, пры сутоцы з возерам. I там, i тут магло быць вiльготнае месца (балота), якое вобразна можна назваць «брагай». Зрэшты, у Беларусi даволi аналёгiяў з назвай Влтава. Чэскi «варыянт», мне падаецца, вытворны ад Олтава. На беларускiм Палесьсi знаходзяцца вёска i возера Олтуш, у Мёрскiм раёне ёсьць рэчка Волта, на Глыбоччыне рака Авута (варыянт Олта), дзе сэнс гэтых назваў i ёсьць менавiта — балотная рэчка (возера). Ня дзiва, што ў Беларусi таксама ёсьць свая «прага» — горад Брагiн на рацэ Брагiнка.

Назоў мястэчка Сар’я (Верхнядзьвiнскi р-н) можна вытлумачыць ад эстонскага слова «sarja» — чарада (расейская — «вереница»). Магчыма, хаты ў вёсцы стаялi «чарадой», альбо гэта нейкiм чынам зьвязана з асаблiвасьцямi тутэйшага ляндшафту... Знайшоў я ў слоўнiку i слова «ula» (жыць па сваёй волi, сваiм разуменьнем). На Вiцебшчыне ёсьць мястэчка Ула i рэчка з аднайменным назовам.

Ёсьць у Эстонii рака Ягала. У некаторых фiна-вугорскiх мовах слова «яг» — «лес». Згадаем тут, што i Баба-Яга жыла ў лесе («лясная баба») таксама. Быў у беларускай гiсторыi князь Ягайла...

На памежжы Глыбоччыны i Докшыцкага раёну знаходзiцца возера Сэрвач. Вялiкае, плыткае возера з рудой вадою. Можна адысьцiся ад берага ўглыб не адну сотню мэтраў, i будзе ня больш чым «па шыю». Ногi гразнуць па калена ў глеi, спатыкаесься далёка ад берага аб нейкiя карчы, гнiлыя бёрны. Возьмеш у рукi жменю глею — труха з драўнiны i кары, адным словам — торф. Таму i вада ў возеры рудая. Мог тут тысячагодзьдзi таму расьцi лес, якi ў вынiку ўсадкi ляндшафту пасьля таяньня ледавiка апынуўся ўжо ў возеры.

Сэрвач (як, зрэшты, i Нарач) назва фiна-вугорскага паходжаньня. На карысьць гэтай думкi гаворыць такi факт: на Поўначы Расеi ў Пермскай вобласьцi ёсьць рака Сэрва. Комi-пярмяцкая дасьледчыца А.Крывашчокава-Гантман падзяляе назву на часткi: «сэр» — пратока, доплыў, балотная рэчка i «ва» — рака. Аднайменная рэчка Сэрвач, якая выцякае з гэтага возера (доплыў Вяльлi), сапраўды цячэ на сваiм шляху па балоцiстай мясцовасьцi. Аднак ёсьць яшчэ слова «сёрва» — разбаўленае хатняе пiва. Для характарыстыкi балотнай рэчкi цi возера зь цёмнай вадой гэта стасуецца. Ёсьць падставы меркаваць, што першапачатковы назоў возера быў Сэрвадзь (кшталту iншых беларускiх гiдронiмаў Моўчадзь, Iзгледзь), дзе «адзь» — далiна. У расейскай мове «адзь» у комi гiдронiмаў перайшло ў «ч» (Зорыч), што паказвае на непракавечнасьць нашага «дз» (дзьверы), яно нам дасталося ад пермскiх продкаў, якiя тут жылi шмат вякоў таму.

З гэтых самых ваколiцаў пачынаецца рака Маргва, на ёй знаходзiцца старажытнае глыбоцкае мястэчка Мосар. Абедзьве назвы — таксама фiна-вугорскага паходжаньня. «Морга» — сук, «ва» — рака. «Сук» — назва вобразная, мае сэнс — доплыў. Як ад дрэва адыходзяць сукi, так да вялiкай ракi цякуць доплывы (нiбы сукi ў дрэве). Пермскай з паходжаньня зьяўляецца i назва Мосар, што на мове комi ёсьць — «лагчына», «лог» i яна можа быць роднаснай паходжаньнем да назвы палескага гораду Мазыра.

Клясычная схема: тут жылi спачатку балты, потым прыйшлi славяне, якiя асымiлявалi iх, i такiм чынам утварыўся беларускi этнас — можа стацца занадта простай i прымiтыўнай. У часы вялiкага перасяленьня народаў на тэрыторыi нашай краiны маглi жыць ня толькi балты, фiна-вугорскiя i славянскiя народы, але i скандынаўскiя, нават iншыя, аб iснаваньнi якiх мы можам толькi здагадвацца...

***

Улетку 1995 году, пад час экспэдыцыi па Глыбоччыне, беларускi археоляг Людмiла Дучыц на адным зь цьвiнтарных камянёў знайшла выяву невядомай да сёньняшняга часу формы крыжа. Чатыры геамэтрычныя, шасьцiкутныя фiгуры ў выглядзе лiтары «Т» перакрыжоўваюцца памiж сабою. У цэнтры ўтворанага крыжа, на месцы скрыжаваньня лiнiяў, вельмi выразна бачная выява свастыкi.

Хто прынес у наш край свастыку? Фiна-вугорцы? Балты? Славяне? Можа скандынавы? Усе яны пакiнулi на Глыбоччыне свой адметны сьлед у назвах рэк i азёраў, паселiшчаў, курганных выспаў, гарадзiшчаў, у чалавечых тварах, прозьвiшчах, мове i звычках тубыльцаў.

Свастыка на мове санскрыт ёсьць крыж з загнутымi ў просты кут канцамi. Яна была адным з раньнiх арнамэнтальных матываў, якiя сустракалiся на творах мастацтва старажытных культураў Эўропы, Азii (у тым лiку Старажытнай Iндыi), радзей Афрыкi i Амэрыкi. У антычныя часы свастыка адлюстроўвалася на старажытна-грэцкiх вазах, грэцкiх i сiцылiйскiх манэтах, пазьней — на многiх помнiках эўрапейскага сярэднявечнага i народнага мастацтва.

Сымболiка свастыкi невядомая, у ёй бачаць выяву сонца i больш дробную часьцiну сонца, паводле ўяленьняў старажытных — агонь альбо перакрыжаваныя маланкi. Iншыя ж свастыку называюць гамаваным крыжам, у якiм спалучаныя чатыры грэцкiя лiтары «Г» (гама), якiя зыходзяць з аднаго пункту.

Я сяджу ў пакоi зь вядомым у Глыбокiм лекарам псыхафiзыёлягам Валерыем Тарыкавым. Ён робiць цiкавыя палiтычныя прагнозы, большасьць зь якiх, на дзiва, збываецца. Ён сьцьвярджае, што яму ад прадзедаў дадзены адмысловы дар ведаць тое, чаго нiхто ня ведае. Валера ведае, кiм ён быў i дзе жыў у мiнулых жыцьцях.

Дзялюся ўражаньнямi аб сэнсацыйнай знаходцы, малюю эскiз крыжа са свастыкай. Валеры бярэ аркуш.

— Я магу сказаць, каму прысьвечаны гэты знак.

— Як ты пра гэта даведаесься? — пытаюся я.

— Вельмi проста — празь лiчбы! — адказвае ён. — Усё ў Сусьвеце мае свой касьмiчны лiчбавы код, пачынаючы ад травiнкi i сканчаючы вялiзным дрэвам. Лiчба ёсьць усеабдымным носьбiтам iнфармацыi, пачатак пачаткаў. Вось жа i ў кампутарах iнфармацыя закладзеная ў выглядзе лiчбаў... Можна скласьцi матэматычную формулу хваробы AIDS i прычынныя сувязi ўзьнiкненьня гэтай хваробы. I я такую формулу вылiчыў... Акрамя таго, я ведаю ўмовы пабудовы (альбо карты) кожнай мовы, у якой адлегласьцi адна мова знаходзiцца ад другой. Вось беларуская мова, напрыклад, больш старажытная, чымся мова расейская. Далёкай прарадзiцелькай нашай мовы я лiчу мову народу белуджы з тэрыторыi Аўганiстану, адкуль продкi беларусаў «iранскiм шляхам» патрапiлi ў Эўропу. А мова дакаў ёсьць мовай цывiлiзацыi атлянтаў, ключом для спазнаньня розуму чалавецтва...

Валеры бярэ мой эскiз, пiша аднаму яму вядомую матэматычную формулу.

— Гэтая выява заключае вобраз чалавека, якi пазнае. Больш за тое, — сьцьвярджае ён, — гэта жаночы сымбаль, сымбаль мацi-каралевы, i паходзiць ён з часоў матрыярхату. Чакай! Пастараюся даведацца больш. Гэта — iндывiдуальны магiчны знак Мацi-прыроды. Iмя гэтае жанчыны павiнна пачынацца на лiтару «Т» i складацца зь сямi знакаў. Паводле гучаньня яно павiнна быць падобным на слова Туркаль. Яна была духоўнай настаўнiцай свайго народу, вяшчала ад iмя прыроды i для прыроды. Была боскiм аблiччам свайго народу, духоўным носьбiтам, пасярэднiкам памiж прыродай i народам. Яна ведала дух свайго народа i ягоныя патрэбы, адкуль прыйшоў i куды йдзе гэты народ, яго далейшы лёс... Жанчына жыла ў 9 ст. да н.э. i пражыла 74 гады. Iмя гэтага народа магло быць блiзкiм да слова «mozosy» альбо «morosy» i было паўночна-заходняй арыентацыi.

Цi жылi тры тысячы гадоў таму «mozosy» — не бяруся сьцьвярджаць. Гiсторыкi i археолягi часам прыносяць нам нечаканыя сюрпрызы. Магчыма, зь цягам часу i гэта мы будзем ведаць. Аднак Туркаль... Нягледзячы на фантастычнасьць вэрсii Валерыя Тарыкава, у ёй ёсьць рацыянальнае зерне, яно настолькi рэальнае, што ў факт iснаваньня вылiчанай на паперы з дапамогай матэматычных знакаў таямнiчай Туркаль не паверыць я ня змог.

У многiх эўрапейскiх мовах у розных варыяцыях прысутнiчае слова «тур». У Францыi, напрыклад, ёсьць горад Тур (Tours), у Нарвэгii жыве вядомы падарожнiк Тур Хэердал (Thor Heyerdahi), у Беларусi горад Тураў. Тур быў першым летапiсным князем Тураўскага княства. У «Аповесьцi мiнулых часоў» пад 980 г. паведамлялася, што «... бе бо Рогволод пришел из заморья имяше волость свою Полотьске а Тур Турове от него же и туровци прозвашася...»

У Заходняй Беларусi некалi iснавала мястэчка Турмонт (цяпер Турмантас у Летуве), на Полаччыне ёсьць вёска i возера Туроўля, побач рэчка Тураўлянка. Тутэйшыя магнаты Корсакi, якiя ў сярэднявеччы валодалi i Глыбокiм, мелi маёнтак Туросы. Дзiўлюся, што рэальныя Туросы маюць сугучча з вылiчанымi на паперы «mozosy», а наўкола шмат паселiшчаў: Восава, Асавец, Асаўцы... Ясная справа, што «тур» ня мае нiякага дачыненьня да жывёлы, бо падобныя тапонiмы сустракаюцца i на Поўначы Расеi, дзе тур нiколi ня жыў.

У горадзе Сiгулда, пад Рыгай, стаяць тры сярэднявечныя замкi. Гэтыя землi некалi былi беларускай калёнiяй i тутэйшыя жыхары лiвы (народ фiна-вугорскай групы, блiзкi моваю да эстонцаў) плацiлi данiну палачанам. Самы прыгожы замак носiць назву Турайда. Ён стаiць на высокай строме ракi Гаўя. Дакладна вядома, што на мове лiваў Турайда — «Боскi Сад». Беларускi ўнiяцкi сьвятар Леў Гарошка ў часопiсе «Божым шляхам», якi выдаваўся на эмiграцыi, у 1956 годзе апублiкаваў працу «Дахрысьцiянская вера нашых продкаў». Там ён, мiж iншым, пiша: «Тур спароднены зь Ярылаю — Бог Сонца, ураджаю i сiлы».

Цiкава, што менавiта такiмi якасьцямi быў надзелены Тор — адзiн з галоўных багоў скандынаўскай мiталёгii, бог грому, буры i ўрадлiвасьцi. Тор — галоўны абаронца багоў i людзей ад велiканаў i страшных пачвараў. Ён уяўляўся рудабародым асiлкам, якi быў узброены баявым молатам.

Згодна са старажытнай мiталёгiяй, казёл быў сьвятарнай жывёлай Тора-Перуна. Бог Тор езьдзiў на фурманцы, якая была запрэжаная дзьвюма казламi. Неверагодным фактам зьяўляецца тое, што Глыбоччына — адзiнае месца ў Беларусi, дзе адзначаўся культ казла (альбо барана). Чарапы барана й авечкi сустракаюцца ў курганах з мужчынскiмi пахаваньнямi каля вёсак Чарневiчы i Залеськi. Цiкава, што культ барана быў разьвiты ў гэтых мясьцiнах амаль да ХХ ст. I знаходкi чарапоў у курганох хутчэй за ўсё зьвязаныя з гэтым культам, якi быў занесены сюды скандынавамi (можа, вiкiнгамi). Чарапы казла (барана) знаходзяць яшчэ ў гнездаўскiх курганох на Смаленшчыне. Гнездаў быў буйным гандлёвым пунктам, дзе спынялася шмат скандынаваў. У самой жа Скандынавii ахвярапрыношаньнi гэтых жывёлаў — зьява звычайная.

А вось якую iнфармацыю падае вядомы глыбачанiн Вацлаў Ластоўскi ў часопiсе «Крывiч», якi ён выдаваў на эмiграцыi ў Коўне (1926-27, №12, С.68), аб правядзеньнi Дзядоў каля вёскi Рэчкi. Аўтар пiша: «У гэтую ноч зьбiралiся старыя сяляне, прыводзiлi казла (або барана), распальвалi на цьвiнтары вогнiшча, рэзалi казла, варылi яго ў каплiцы i абрадавымi песьнямi ўладкоўвалi памiнальную вячэру...» Паданьнi пра казла згадвае i захавальнiк Вiленскага музэю старажытнасьцяў Ф.Пакроўскi — нiбыта казла ноччу бачаць на курганох. На Глыбоччыне можна пачуць i паданьнi, што часам на Купальле бачылi белага баранчыка, якi правалiўся скрозь зямлю. Ёсьць сьведчаньнi, што культ барана сьвяткаваўся на вядомай у тутэйшым краi Варганскай гары, што на паўдарозе ад Глыбокага да Докшыцаў. Нават назоў Варганы нехта iмкнецца вытлумачыць як «вар ганi». Хоць сам назоў у сапраўднасьцi можа мець i iншы сэнс.

Туркаль — боскае аблiчча народа «mozosy», пасярэднiца памiж прыродай i народам, верагодна i была пасланьнiцай Тура-Тора на зямлi.

Вацлаў Ластоўскi быў ня толькi адным з пачынальнiкаў беларускага Адраджэньня, палiтыкам i гiсторыкам, але i таленавiтым пiсьменьнiкам. У фантастычнай аповесьцi «Лябiрынты», якая пабачыла сьвет ужо пасьля яго сьмерцi ў Мюнхене ў 1956 г., ёсьць спроба прадставiць Пантэон беларускiх багоў. Ён пiша: «Як усе багi, Пракавечны Кон меў шмат розных эпiтэтаў, якiя няведамi прымалiся часам за яго собскiя iменьнi. Да гэткiх iменьняў ягоных належаць: Прова, Права, Тур. У ваднэй старадаўняй саксонскай крынiцы ёсьць малюнкi стараславянкiх багоў з часоў хрышчэньня славянаў, мiж iмi — рысунак стода з подпiсам: «Prono». Гэты рысунак сьведчыць, як хрысьцiянскiя апосталы таго часу былi прасякнутыя мазаiзмам ды бабiлёнскiмi харубамi i шайтанамi, а як мала ведалi тое, што нiшчылi. Бо Кон-Прова-Тур ня меў стодаў: яму прысьвячалiся сьвятыя дубы i гаi. У гэткiм месцы агароджаныя, з параю наўсупроцьных варотаў зыходзiлiся ў канодныя днi старшынi народу спраўляць суды. У здарэньнi, калi каго перасьледавалi, ён мог схавацца ў загароду, хоць бы ён быў ворагам, яго нiхто ня сьмеў крануць: бо права не на перавазе фiзычнае сiлы, анi на гвалце грунтуецца». Далей В.Ластоўскi пiша: «Пракавечны Кон даў права, закон людзям, зьверам, птахам, полазам, рыбам, расьцiнам i наагул усяму, што жыве, родзiцца i памiрае. Устаноўленыя iм законы вечныя i непарушныя. Галоўнае месца ў нашым краi, дзе складалi яму чэсьць, быў Тураў i мясцовасьць Скрыгалава, недалёка ад Турава, дзе дагэтуль захавалiся рэшткi i так званых цыклёпiчных будоўляў у форме велiзарных каменных блёкаў. За сымбаль справядлiвасьцi ў славянаў уважаўся белы бык — тур».

Айцец Леў Гарошка быў больш ляканiчным: «Кон — магутны дух, якi вызначаў долю для ўсiх, нават для багоў». Як бачым, гэта супадае з уяўленьнем скандынаваў аб богу Тора, якi быў «абаронцам багоў i людзей».

Самахоць прыходзiш да высновы, што Кон-Права-Тур так цi йнакш мае дачыненьне да паходжаньня такiх беларускiх словаў: «пераканаць», «скон», «конадзень», «канец», а таксама «права», «правiла», а мiжнародная лексыка ўзбагацiлася словамi: «тур», «турнiр», якiя вызначаюць спаборнiцтвы ў сiле, спрыце i хуткасьцi.

Мы сёньня змаглi прачынiць дзьверы ў далёкую, дахрысьцiянскую мiнуўшчыну нашага краю. Аб ёй мы маем куртатае ўяўленьне. Нетрадыцыйным спосабам гэта нам дапамог зрабiць Валеры Тарыкаў.

Колькi гадоў глыбоцкай свастыцы? Яе маглi выбiць на цьвiнтарным камянi i сто, i пяцьсот гадоў таму. Гэты сымбаль жыхары глыбоцкiх ваколiцаў маглi перахоўваць не адну сотню пакаленьняў, як спадчыну з далёкага мiнулага, нават не падазраючы, што некалi яго iм падаравала таямнiчая Туркаль.

Уладзiмер Скрабатун

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0