Келіх з радзівілаўскіх гутаў у экспазіцыі Нясвіжскага палаца.

Келіх з радзівілаўскіх гутаў у экспазіцыі Нясвіжскага палаца.

Графін з радзівілаўскіх гутаў у экспазіцыі Нясвіжскага палаца.

Графін з радзівілаўскіх гутаў у экспазіцыі Нясвіжскага палаца.

Бутля, 1781 год.

Бутля, 1781 год.

Corning Museum of Glass (ЗША), выкуплены ад парыжскага антыквара Леона Грынбэрга.

Corning Museum of Glass (ЗША), выкуплены ад парыжскага антыквара Леона Грынбэрга.

Шклянка. 1746 г

Шклянка. 1746 г

Пляшка.

Пляшка.

Слоік, 1757.

Слоік, 1757.

Шабля. Жалеза, золата, срэбра, 96,5 см. Вага – 0,76 кг. Янкавічы.

Шабля. Жалеза, золата, срэбра, 96,5 см. Вага – 0,76 кг. Янкавічы.

Пячатка. Золата, агат. Партрэты Аўгуста ІІІ і Марыі Юзэфы.

Пячатка. Золата, агат. Партрэты Аўгуста ІІІ і Марыі Юзэфы.

Келіх, мастак Ёган Крыстфа Дрэер.

Келіх, мастак Ёган Крыстфа Дрэер.

Гарматная люфа.

Гарматная люфа.

Кілішак.

Кілішак.

Дар каралю Аўгусту ІІІ.

Дар каралю Аўгусту ІІІ.

Гэтыя келіхі, кілішкі, філіжанкі мелі за гонар ставіць на стол арыстакраты. Майстры з радзівілаўскай мануфактуры ў XVIII стагоддзі кінулі выклік славутым багемскім і дрэздэнскім брэндам і стварылі непаўторную школу налібоцкага шкла.

У 1706 княгіня Ганна Радзівіл з мужам Каралем вандравалі па Еўропе. Берлін, Дрэздэн, Прага...
Там Ганна і пабачыла славутыя шкляныя мануфактуры. Патсдамскае і багемскае шкло на сталах у магнатаў было знакам заможнасці і прэстыжу. Ганна загарэлася ідэяй: стварыць уласную мануфактуру, шкло ў якой не саступала б найлепшым еўрапейскім узорам.

Лебяжодай

Пятнаццаць год пайшло на ажыццяўленне задумы.
Месца для мануфактуры абралі невыпадкова. Налібоцкая пушча гарантавала пастаўкі драўніны, попел з якой быў абавязковым складнікам шкла. Блізка пушчы бег Нёман, па якім можна было аж з Караляўца транспартаваць сыравіну, якой было не дакупіцца ў Літве. Налібокі стаялі каля галоўных дарог, што было зручна для купцоў.

Будаўніцтва мануфактуры пачалося ўлетку 1720. Першы будынак паставілі непадалёк ад радзівілаўскага фальварка, каля маляўнічага возера і касцёла, уздоўж ракі Лебяжоды. Усё згодна з тэхналогіяй: паблізу рэчкі і возера, на ўзгорку. Сэрцам мануфактуры была гута. Вакол стаялі іншыя будынкі: кузня, цяслярня, слясарня, склады... Рэчка рухала млын, які тоўк каменне для дарагіх гатункаў шкла.

Удоўжкі гута мела 30 метраў, ушыркі — 12, увышкі — 4 метры. У першай палове XVIII ст. налібоцкая мануфактура была найбуйнейшым фабрычным будынкам у Рэчы Паспалітай.

Ландграф, Фрэмель, Хайнц

Першым чынам Ганна запрасіла ў Налібокі замежных майстроў.
З Баварыі прыехаў Вольфганг Ландграф са слаўнай дынастыі гутнікаў Чэхіі і Ніжняй Аўстрыі. Вольфаганг быў зяцем найлепшага чэшскага тэхнолага Міхала Мюлера з Міхаловай Гуты. І ведаў сякія-такія сакрэты старога. Сям’я Ландграфаў засталася ў Беларусі: удзячныя Радзівілы падарылі ім вёску Пруды. Іх нашчадкі жылі там аж да Першай сусветнай вайны.

За мастацкую майстэрню адказваў француз Канстанцін Францішак Фрэмэль.

На крышталі спецыялізаваўся Ёган Георг Хайнц, чые продкі пачыналі ў XVII ст. на славутай Патсдамскай мануфактуры.

За час існавання гуты ў Налібоках працавала дваццаць замежных майстроў. Грошай на іх Ганна не шкадавала.

Майстры, паводле дамовы, былі абавязаныя вучыць сваёй справе налібоцкіх хлопцаў. Хайнц набыў варштаты для маладых гутнікаў-мастакоў аж у Дрэздэне.

Ад 4-й раніцы да 19-й вечара

У жніўні 1722 гута адчынілася. Працоўны дзень доўжыўся ад 4-й раніцы да 19-й вечара з перапынкам на абед ад 11 да 13. Да суботы гутнікі рыхтавалі печы, матэрыялы і шкляную масу. Галоўнымі складнікамі шкла былі пясок, паташ, вапна, адбельвальнікі і фарбавальнікі. Пясок сушылі ў печы і прасейвалі праз густое рэшата. Паташ атрымлівалі з попелу лістоўных дрэваў. Рабочыя, што адказвалі за яго якасць, называліся «курашы». Як можна здагадацца, назва паходзіла ад слова «курыць». І сёння ў Налібоках жывуць людзі з прозвішчам Кураш.

У суботу ўвечары ў спецыяльныя місы ў печы засыпалася шкляная маса. Там яна плавілася да вечара нядзелі. За працэсам сачылі два гутнікі. У нядзелю ператопленае шкло кідалі ў ваду
. Пасля яго драбнілі, сушылі, засыпалі ў місы і зноў ставілі ў печ. Ля напаленай печы працавала восем чалавек. Пасля 10-й гадзіны раніцы ў панядзелак з гатовага шкла пачыналі рабіць куфлі, кілішкі, келіхі, графіны. А каб атрымаць найлепшае шкло, яго трымалі ў печы і да аўторка. Пасля гутнікі пачыналі рыхтаваць сыравіну да наступнай суботы.

Дарэчы, печ у гуце мела ажно восем узроўняў, што было на той час тэхнічнай навінкай у Рэчы Паспалітай, дзе на гутах печы мелі па 4-6 узроўняў.

Фірмовая чаша-звон

У гуце пастаянна працавалі чатыры замежныя майстры, пяцёра налібоцкіх гутнікаў і каля дзесяці мясцовых вучняў. Кожны майстар спецыялізаваўся на сваім гатунку шкла. Вырабы былі розных колераў: цёмна-сіняга, блакітнага, зялёнага, мятнага, жоўтага, чорнага, малочнага, рубінавага. Рэцэпты шкла ўдасканальваліся. Мянялася і мода. Налібоцкія майстры распрацавалі свой фірмовы тып келіха — чаша-звон, у аснове якой была дэкарацыя з трох бурбалак.

У гуце былі варштаты для апрацоўкі каштоўных камянёў і аздаблення прадукцыі. У выбары аздобы дапамагалі замежныя кнігі. Галоўным дапаможнікам быў выдадзены ў Галандыі ў 1638 падручнік для гутнікаў.

Кемлівыя Радзівілы не цураліся і сумнеўных формаў маркетынгу. У гуту перыядычна прывозіліся навінкі з Венецыі, Саксоніі і Вены. Майстры вывучалі вырабы і часцяком капіявалі.

Беларускія дынастыі гутнікаў

За першыя 20 гадоў Ландграфы выхавалі пакаленне мясцовых майстроў. Самымі вядомымі былі Дубіцкія.
Ян Дубіцкі зрабіў шасцілітровы келіх для караля Аўгуста. Справу бацькі працягнулі сыны Ігнат і Ян ІІ Дубіцкія. Радзівілы запрасілі Дубіцкіх у мануфактуру ва Урэччы (цяпер Любанскі раён) — вучыць мясцовых гутнікаў, як некалі Хайнц і Ландграф вучылі налібачанаў.

Гутніцкай справе навучыўся памочнік Ландграфа Ян Мішук, а таксама Юзаф Каржэнька і Пятро Пока. Шліфавальняй кіравалі Ян Тарпановіч і Тамаш Дайлідовіч. Келіхі і куфлі распісвалі Рыгор Клімовіч, Рыгор Аўчук, Лукаш Валодзька. Некаторыя з іх былі вольнымі людзьмі з дробнай шляхты, атрымлівалі заробак. Замежныя майстры мелі тады па 350 залатовак у год, гутнікі — па 277, а звычайныя вучні — па 100.

Вядомыя і прозвішчы іншых гутнікаў: Гаўрыла Мазун, Лаўрын Рыбак, Міхась Лобач, Юзаф Фарботка, Юллюк Клімовіч, Васіль Ясеў.

Але капейчыну за нялёгкую працу мелі не ўсе. Большасць адпрацоўвала паншчыну.

Бывала, майстры ўцякалі з гуты. І пачынаўся дэтэктыў. Ладзіліся пагоні, пошук збеглага майстра цягнуўся гадамі. Здаралася, іх знаходзілі на іншых мануфактурах. Тады Радзівілы судзіліся з новымі працадаўцамі: гутнікі, мастакі, гравіроўшчыкі, былі ў Літве рэдкасцю, іх адукацыя дорага абыходзілася. Радзівілы справядліва баяліся, што ўцекачы прададуць налібоцкія рэцэпты канкурэнтам.

13 тысяч злотых у год

Хоць канкурэнтаў гута не мела. Яе шкло было самым папулярным сярод ліцвінскай шляхты. У XVIII ст. магнаты будавалі мануфактуры дзеля шыку. Прыбытак яны прыносілі рэдка. Налібоцкая гута была выключэннем.

Шкло масава купляла сярэдняя шляхта. Самыя сціплыя вырабы каштавалі 1 злоты 15 грошай. Аздобленыя шклянкі і келіхі прадавалі па 2 злотыя. Эксклюзіўнае шкло каштавала не менш за 5 злотых.

«Залатым часам» гуты былі першыя 40 гадоў існавання. Напрыклад, у 1747 у Налібоках было выраблена 1800 кілішкаў, 1200 шклянак, 700 бутэлечак. На гуце не паспявалі выконваць замовы. У найлепшыя гады яна штогод прыносіла 13 тысяч злотых.

Ужо ў 1720-я ў Літве з’явілася сетка крамаў радзівілаўскага шкла: у Міры, Нясвіжы, Свіры, Карэлічах, Слуцку... Крамы былі і ў такіх буйных гарадах, як Вільня і Гродна.
Княгіня Ганна забараніла, пад пагрозай буйнага штрафу, прадаваць у радзівілаўскіх уладаннях шкло іншай вытворчасці. Захаваліся звесткі пра габрэйскага купца Ківі, які з налібоцкім шклом выпраўляўся «на Русь». Налібоцкае шкло набывалі аптэкі, тэатры куплялі шкляныя аліўныя лямпы, а Віленская акадэмія замаўляла лабараторнае абсталяванне для доследаў па хіміі і фізіцы.

Вытворчасць пашыралася. Дадатковыя шліфавальні адчыніліся ў Рудні і Янкавічах. Там апрацоўвалі золата, срэбра, кварц, агат, аметыст, дыяменты, рубіны. Імі ўпрыгожвалі каменныя люлькі, шаблі, булавы, каменныя келіхі, пячаткі, тронкі нажоў, надмагіллі, кітайскія парцалянавыя сервізы і нават статуі.

Вырабы янкавіцкіх ювеліраў Яна Яськевіча, Паўла Дайлідовіча, Якуба Яцэвіча і іх вучняў Конрада Гардынкі і Грышкі Касцюкевіча можна сёння пабачыць у Нацыянальным музеі ў Варшаве і ў казначэйстве Вавельскага замка ў Кракаве.

Янкавіцкую мануфактуру прыводзіў у рух вадзяны млын, зроблены французскім майстрам. Канструкцыя была ўнікальнай. Радзівілы, каб пазбегнуць эканамічнага шпіянажу, забаранілі лю-дзям з-па-за майстэрні нават праходзіць каля млына, а падарожным загадвалі аб’язджаць Янкавічы пушчанскімі дарогамі.

Асаблівым гонарам Радзівілаў былі фірмовыя крамы ў партовых гарадах Гданьску і Караляўцы. Праз краму ў Гданьску, якой валодаў купец Эмануіл Эсінг, радзівілаўскае шкло трапляла ў Пецярбург, Лондан і Стакгольм. Яго размяталі, хоць побач знаходзіліся фірмовыя крамы багемскага шкла.

У музеях суседзяў

У 1760-я грымнуў крызіс, выкліканы бескаралеўем у Рэчы Паспалітай. Мануфактуры зачыняліся. Налібоцкая гута трымалася, але ранейшых прыбыткаў з яе Радзівілы ўжо не мелі. Чарговым ударам стаў падзел дзяржавы. Занёманскія землі апынуліся на расійскім баку, а гэта выклікала збоі ў пастаўках сыравіны. Гуту даводзілася нават гасіць на некалькі месяцаў. Але, нягле-дзячы на крызісы, падзелы і войны, мануфактура праіснавала аж да 1862. Роўна 140 гадоў. Зачынілася яна, паводле адных крыніц, пасля пажару, які дазвання знішчыў будынкі, а паводле іншых — у выніку скасавання прыгоннага права.

Шукаць налібоцкае шкло ў музеях Беларусі — цяжкая справа. Некалькі вырабаў з налібоцкай і ўрэцкай мануфактуры з'явіліся ў экспазіцыі новаадкрытага Радзівілаўскага палаца. Пабачыць творы рук сваіх прадзедаў сённяшнія Дубіцкія, Мішукі, Каржэнькі, Далідовічы, Касцюкевічы і Клімовічы, якіх багата ў ваколіцах Налібокаў, з большым поспехам могуць у музеях Кіева, Львова, Пецярбурга, Варшавы, Кракава, Прагі, Берліна і ў прыватных калекцыянераў у ЗША, Канадзе, Швецыі, Японіі.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?