Аляксандр Чарвякоў (справа) даў сялянам адчуць сябе гаспадарамі.

Аляксандр Чарвякоў (справа) даў сялянам адчуць сябе гаспадарамі.

У «Знаку бяды» Васіля Быкава ёсць 22-гі раздзел. У ім апавядаецца, як у хату да Петрака і Сцепаніды Багацькаў з перамеценай снегам дарогі завіталі тры мужчыны: малады цывільны, старэйшы цывільны, лысы ды з вусікамі, і чырвонаармеец. А ў хаце ў Багацькаў нелады: хлеба добрага няма, бо жыта вобмаль, і Сцепаніда дамешвала ў цеста бульбу і вотруб’е; добрых дроў няма — сырая алешына; дачка хворая, нездаровы і сын, а тут яшчэ такі мароз, што вада ў калодзежы замерзла... Пакуль расчышчалі дарогу, госці атайбаваліся ў хаце. З гаспадарамі гаманіў маладзейшы цывільны.

«Пятрок падумаў, што, мабыць, гэты старэйшы па ўзросту, а можа, і па пасадзе штось скажа, але ён не сказаў нічога, усё моўчкі сядзеў пры стале, пазіраючы ў грубку. На ягоным твары ляжаў адбітак задуменнай нерухомасці, стомы, бы ад якой глыбокай заклапочанасці. Здавалася, ягоная ўвага была скіравана кудысьці далёка ў нейкія свае клопаты, і ў гэтай хаце нішто яго не цікавіла».

Ён, гэты старэйшы, трохі загамоніць, калі перад адыходам з хаты дасць Сцепанідзе чырвонец «на малако і лякарства» для ейнае хворае дачкі, калі падзякуе Петраку за абагрэўку ды пажадае здароўя ягонай дачцэ, а на развітанне скажа: «То багатага жыцця, таварыш Багацька».

Тая сустрэча ў хаце Багацькаў адбылася на пачатку 1937-га, перад Вадохрышчам, а ўлетку Пятрок паездзе ў Менск (яшчэ Менск), каб аддаць доўг ды папрасіць таго старэйшага вызваліць арыштаванага старшыню іхняга калгаса. Ад міліцыянера ж, які пільнаваў уваход у Дом урада, Пятрок пачуў: «Памёр Чарвякоў».

Міліцыянер сказаў Петраку няпраўду. Калі ён вернецца дахаты, дык, пэўна, пачуе ад землякоў штосьці іншае, бо на 4-й старонцы «Звязды» за 17 чэрвеня ў раздзеле «Хроніка» дробнымі літарамі і без жалобнай рамкі была надрукаваная нататка:

«Старшыня ЦВК Беларускай ССР А. Г. Чарвякоў 16-га чэрвеня пакончыў жыццё самагубствам на асабістай сямейнай глебе».

Цяпер няпраўду сказалі ўсяму беларускаму народу.

«Багацей, селянін...»

Уклаўшы ў вусны Аляксандра Чарвякова словы «то багатага жыцця, таварыш Багацька», Васіль Быкаў ведаў, што рабіў. Бо гэта ён, старшыня Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР, у маі 1925-га на VII з’ездзе Саветаў БССР прамовіў знакамітыя словы: «Багацей, селянін, здабывай больш багацця, і чым больш ты будзеш багаты, тым больш багата будзе наша Савецкая рабоча-сялянская дзяржава».

Новая эканамічная палітыка, уведзеная, паводле Леніна, «усур’ёз і надоўга», давала плён. У 1927-м Уладзімір Маякоўскі прысвеціць гэтай палітыцы паэму «Добра!».

Што было сапраўды добра, я чуў у сярэдзіне 1960-х ад сялянаў з падслуцкіх вёсак. «Калі мы былі гаспадарамі» — так назваў 1920-я адзін з іх. А яшчэ я чуў, з якім піетэтам прамаўлялі дзядзькі прозвішчы Чарвякова і народнага камісара земляробства Прышчэпава.

Заклікаючы сялян багацець, Чарвякоў з аптымізмам глядзеў у будучыню. Завітаўшы праз 12 гадоў пасля тае знакамітае прамовы ў бедную хату Багацькаў, пра што ён маўчаў і думаў, якія рахункі падводзіў?

Малайчына Васіль Быкаў, што не думаў за Чарвякова і не выкладаў тыя думкі на паперы, а даў кожнаму з нас, чытачоў, мажлівасць дадумаць. І зразумець трагізм сітуацыі, у якой апынуўся старшыня ЦВК БССР у 1937-м.

Падкрадаюцца

Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі рыхтавалася да XVI з’езда. Актыўна навязваўся лозунг бальшавіцкай крытыкі і самакрытыкі, якія ва ўмовах сталіншчыны былі раўназначныя даносам і самаданосам. Пры гэтым па-за крытыкай заставаліся генеральны сакратар Усесаюзнай камуністычнай партыі (бальшавікоў) і яго атачэнне. Сказаць, што нейкі правал стаў вынікам рашэння Масквы, было нельга: належала віну або браць на сябе, або ўскладаць на кагосьці трэцяга.

Сітуацыя была трывожная. Прайшоў лютаўска­-сакавіцкі пленум ЦК УсеКП(б) з яго заклікамі да барацьбы са шкоднікамі, дыверсантамі і шпіёнамі.
Уважлівыя грамадзяне, разгортваючы свежыя газеты, кожны раз задавалі пытанне: хто наступны? 11 красавіка ад пасады наркама збожжавых і жывёлаводчых саўгасаў СССР быў вызвалены сябар першага савецкага ўрада Беларусі Майсей Калмановіч. І ў той самы дзень прыходзіць вестка аб смерці старшыні гэтага ўрада Змітра Жылуновіча. 22 красавіка акт самагубства ўчыняе былы старшыня Савета Народных Камісараў БССР Язэп Адамовіч. 26 красавіка ад абавязкаў наркама земляробства БССР вызвалены Казімір Бэнек. 14 мая ЦВК БССР вызваляе ад абавязкаў наркама асветы Ананія Дзякава. 19 мая Бэнек і Дзякаў выведзены з Менскага гарадскога савета. 20 мая Савет Народных Камісараў БССР прымае пастанову аб вызваленні ад абавязкаў кіраўніка спраў СНК Іосіфа Лук’янчыка. 30 мая вызвалены ад пасады старшыні Саўнаркама Мікалай Галадзед. 31 мая самагубствам скончыў жыццё намеснік наркама абароны СССР, былы першы сакратар ЦК КП(б)Б Ян Гамарнік. Яшчэ не ўсе ведаюць, што арыштаваны былы камандуючы войскамі Беларускай вайсковай акругі Геранім Убарэвіч...

Прымаючы адну за адной весткі аб смерцях і арыштах, ці мог Аляксандр Чарвякоў не здагадвацца, што сталіністы падкрадаюцца і да яго?

Спроба аўтадафэ

На падставе стэнаграмы XVI з’езда КП(б)Б, якая захоўваецца ў Нацыянальным архіве, я прыйшоў да высновы, што ў дачыненні да Чарвякова меўся распрацаваны сцэнар.

У справаздачным дакладзе з’езда першы сакратар ЦК Васіль Шаранговіч не зрабіў старшыні ЦВК ніводнага істотнага закіду. Атаку на яго павінны былі павесці «нізы», «таварышы з месцаў». А ў заключным слове прысуд яму меўся вынесці сам Шаранговіч.

Тут няма месца называць усіх выступоўцаў, якія выстаўлялі прэтэнзіі Чарвякову. Сутнасць іх зводзіцца да наступнага.

Чарвякоў на пачатку сваёй палітычнай кар’еры «ўваходзіў у групу нацдэмаў». Выявіцца, што сябар бальшавіцкай партыі Чарвякоў быў удзельнікам з’езда (значыць, і сябрам) Беларускай Сацыялістычнай Грамады, удзельнікам Усебеларускага з’езда і нават быў арыштаваны менскімі бальшавікамі ў адной кампаніі з Аляксандрам Бурбісам, Язэпам Варонкам, Тамашом Грыбам, Ігнатам Дварчанінам, Язэпам Мамонькам, Іванам Серадой ды іншымі нацдэмамі і ворагамі народа.

Чарвякоў у 1920 г. асабіста рэкамендаваў у бальшавіцкую партыю «выкрытага ворага» Усевалада Ігнатоўскага. Ён прыгрэў дзеячаў БНР Язэпа Лёсіка, Сцяпана Некрашэвіча і Вацлава Ластоўскага.

Чарвякоў быў актыўным абаронцам «правага апартунізму». Ён, у прыватнасці, абараняў «Нататкі эканаміста» Мікалая Бухарына. Старшыня ЦВК падхапіў «контр­рэвалюцыйны тэзіс» Бухарына «багацейце».

Чарвякоў «не звяртае ўвагі на своечасовае закрыццё цэркваў».

«Ніколі тав. Чарвякоў з уласнай ініцыятывы нідзе не выступаў з тым, каб дапамагчы партыйнай арганізацыі ў выкрыцці тых ці іншых варожых нам людзей», — казаў з трыбуны з’езда і намеснік загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КП(б)Б Авеціс Тавакалян. Ён скончыў катэгарычным патрабаваннем, каб старшыня ЦВК пералічыў свае памылкі ў мінулым і каб «выкрыў нам людзей..., якія і цяпер па ўсёй імавернасці крыюцца ў нашай партыі».

Якія матывы кіравалі выступоўцамі? Жаданне выслужыцца? І яно. Жаданне ўратаваць уласную скуру? Таксама. Але, думаю, была і лютая нянавісць да чалавека, які не хацеў браць на сваё сумленне кроў таварышаў: «Мы па вушы ў крыві, а ты хочаш быць чыстым?»

З вышыні нашага часу пункты абвінавачання на адрас старшыні ЦВК БССР можна запісаць яму ў заслугу, але тады былі іншы час, іншая атмасефра.

Што хацеў сказаць Шаранговіч

Амасфера ў зале з’езда была пераднавальнічная. Усе чакалі, што скажа сам Чарвякоў. «...Чарвякоў у сваёй дзвюхгадзіннай прамове пералічыў усе даўно ўсім вядомыя дапушчаныя ім палітычныя памылкі, — паведамляла 15 чэрвеня «Звязда». — З’езд, аднак, так і не атрымаў ад яго адказу на пытанне, чаму ён не дапамагае выкрываць ворагаў народа. Праўда, ён назваў некалькі прозвішчаў, але зноў¬такі даўно выкрытых і ўсім вядомых ворагаў.

Чарвякоў стараўся падзяліць адказнасць за рад дапушчаных ім палітычных памылак з іншымі членамі бюро ЦК КП(б)Б мінулых складаў, схаваўшыся такім чынам за іх спіну.

Рэплікі, якімі дэлегаты рэагавалі на яго прамову, сведчаць аб тым, што яго прамова не задаволіла з’езд...»

Васіль Шаранговіч тым часам пісаў алоўкам тэзісы заключнага слова. Яны захаваліся ў архіве. Паколькі першы сакратар ЦК, у адрозненне ад старшыні ЦВК, у настаўніцкім інстытуце не вучыўся, пунктуацыі ў тэзісах практычна няма і з сінтаксісам праблемы, а таму яны не надаюцца для цытавання без каментароў.

Шаранговіч адзначаў, што гэтак жа Чарвякоў выступаў і гадоў 5—6 таму: пералічваў свае вядомыя ўсім памылкі — і амэн. Шаранговіч канстатаваў: Чарвякоў «не понимает всего, что произошло» (коску тут паставіў я. — АС).

Па­мойму, Чарвякоў аж надта разумеў, што адбывалася. Ад яго патрабавалі пакаяння, каб назаўтра ж арыштаваць і аддаць пад суд. Гэтак ужо было не з адным бальшавіцкім лідарам.

Тэзісы Шаранговіча сведчаць, што ён хацеў надаць сваёй прамове пракурорскі тон. Нацдэмы, хацеў сказаць Шаранговіч, звярнуўшыся да Чарвякова, «толпились вокруг Вас, вы были знаменем». Чарвякову (разам з Ігнатоўскім) інкрымінавалі засылку на падпольную працу ў Заходнюю Беларусь Міхала Гурына­-Маразоўскага і раскол у КПЗБ у 1925. Пад канец сваёй філіпікі Шаранговіч меўся расказаць, як Чарвякоў разам з Галадзедам праводзіў у БССР прышчэпаўшчыну, г.зн. хутарызацыю.

Усё гэта і, магчыма, іншае сказаў бы Шаранговіч асабіста Чарвякову на вячэрнім пасяджэнні з’езда 16 чэрвеня. Але прамову давялося тэрмінова мяняць.

Дэлегаты сабраліся пасля перапынку, але пасяджэнне ўсё не пачыналася. Па зале папаўзлі чуткі, што з Чарвяковым штосьці здарылася. Шаранговіч, узяўшы заключнае слова, доўга прамаўляў на розныя тэмы і толькі пры канцы загаварыў пра старшыню ЦВК, сказаў між іншым, што той учыніў самагубства «на асабістай глебе». Аляксандр Чарвякоў застрэліўся з пісталета — у тыя часы кожны наменклатурны работнік меў зброю. Шаранговіч, які тады назваў учынак Чарвякова «антыпартыйным», сам будзе арыштаваны праз некалькі тыдняў.

* * *

Сталінская эпоха пакінула нам мноства загадак. Хто забіў Сяргея Кірава? Забіты ці скончыў жыццё самагубствам Сярго Арджанікідзэ? Што прывяло да самагубства жонку Сталіна На­дзею Алілуеву?

Прафесар Расціслаў Платонаў у сваёй кнізе «Палітыкі. Ідэі. Лёсы» (1996) раздзелу, прысвечанаму Аляксандру Чарвякову, даў загаловак «Старшыня ЦВК: Застрэліўся? Застрэлілі?».

Я лічу, што Чарвякоў застрэліўся.
Як Усевалад Ігнатоўскі, Язэп Адамовіч і Ян Гамарнік. Мажліва, Адамовіч, Гамарнік і яшчэ адзін самагубца, Галадзед, не далі сталіністам наладзіць у Менску масавае палітычнае судзілішча на ўзор маскоўскіх. Як у 1931¬м спроба харакіры Янкі Купалы і самагубства Усевалада Ігнатоўскага не далі сталіністам правесці ў Менску судзілішча накшталт харкаўскага ў справе «Спілки визволення України».

* * *

Алесь Чарвяк. Першыя дакументы БССР будучы старшыня ЦВК Аляксандр Чарвякоў падпісваў менавіта так. Гэта не адзіны выпадак змены прозвішчаў савецкай наменклатуры: зацвярджаючы Івана Кабылінскага на пасаду старшыні Саўнаркама БССР, Сталін закрэсліў дзве першыя літары яго прозвішча. Аляксандр Чарвякоў (справа) даў сялянам адчуць сябе гаспадарамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?