«Першая нацыянальная прэмія ў галіне эстраднага мастацтва» — цяпер і ў Беларусі з’явіўся свой аналаг «Грэмі», «Залатога грамафона», і іншых музычных прэмій года. Карэспандэнт «НН» адправіўся на цырымонію ўручэння прэміі, каб даведацца чым здзівілі беларусаў музыкі ў 2011 годзе.

«Гэта адбываецца ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі. — кажа Анатоль Ярмоленка, старшыня журы прэміі, а таксама адзіны, апроч Івана Кірчука, хто звяртаецца да публікі па-беларуску. — Спадзяемся, што гэта прэмія стане самай значнай падзеяй музычнага года».

Асобную ўдзячнасць Ярмоленка выказвае міністру Латушку і журналісту Казіятку, якія хоць і былі ў зале, але на сцэну так і не выйшлі.

Палац Рэспублікі быў запоўнены цалкам. У астатнім жа прэмія апынулася прадказальнай —

тры гадзіны шоу выглядалі як агляд беларускай поп-музыкі апошніх год.
Іна Афанасьева — найлепшы жаночы вакал, Аляксей Хлястоў — найлепшы мужчынскі, найлепшы аўтар словаў — Ніна Багданава (якая была адной з вядоўцаў цырымоніі).
Найлепшы канцэрт года — «Каханне — лёс» Ціхановіча і Паплаўскай,
якія на саму цырымонію не трапілі, бо былі з канцэртам у Разані. Замест іх выступіла новая генерацыя «Верасоў», якая яшчэ раз даказвае, што сучаснае аднаўленне славутых гуртоў — занятак не ўдзячны. Ды і дзіўна, што «найлепшы канцэрт года» атрымліваюць класікі эстрады. Уявіце: найлепшы канцэрт года Брытаніі — Пол Макартні. Галоўная неспадзяванка —
гурт «Тройца» заслужана стаў гуртом года, а «Том першы» новага праекту Ганны Хітрык «Сундук» стаў найлепшым альбомам.
Іван Кірчук выступіць не змог — усё ж такі музыка «Тройцы» наўрад ці ўпішацца ў фармат поп-вечарынкі ў Палацы Рэспублікі. Замест іх выйшаў спецыяльны госць — малады гурт «Дразды» з хітом пра кеды і паўкеды, што цалкам суадносілася з вышэйузгаданым фарматам. Ірына Дарафеева, якую намінавалі ў дзвюх катэгорыях (альбом і лепшы тур) не атрымала нічога. Найлепшы тур — «Электрыфікацыя ўсёй краіны» J-морса.
Уладзімір Пугач апынуўся адзіным музыкам, які свядома праспяваў беларускамоўную песню.
Другая прагучала ў намінацыі «Найлепшая песня на беларускай мове», што выклікала хвалю жартаў у вядоўцаў. У намінацыі перамагла Алена Ланская з песняй «Белая ластаўка», пра што б вы думалі — пра любоў да Радзімы. Васількі, крыніцы, абрусы, белая хусцінка. Калі б хоць адна з шматлікіх электронных поп-песняў прагучала па-беларуску, «Ластаўка» б таксама глядзелася. Аднак беларускасці ад прэміі ніхто не чакаў.

Песняй года прызнаныя «Караблі» Дзмітрыя Калдуна, які усё больш працуе на тэлекамеры, чым на зал. Прыз глядацкіх сімпатый — Ірына Відава (7000 галасоў!), і

прыз ад спонсараў — грашовы ўклад на дэпазіце «Шкварка».

Паміж выступленнямі пераможцаў ладзіліся палстычна-танцавальныя нумары, адзін з якіх, падчас якога на сцэну выйшлі «цыгане» і пачалі спяваць «Ехали на тройке с бубенцами» у рэшце рэшт растармашыў залу, якая, здаецца да гэтай песні паводзіла сябе болей чым сціпла. А па ідэе, прэмія-та народная. Асобна ўшанавалі Мулявіна — за ўнёсак у беларускую музыку. Пад «Каляду» «Песняроў» людзі ў рэшце рэшт падняліся з месцаў.

Сярод іншых намінантаў — Саша Нэма, прадзюсар Максім Алейнікаў (які стварыў гурт «Топлес»), Лідзія Заблоцкая, спявачка Венера (якая абышла па сцэнічным вобразе нават «Срэбранае вяселле»). За тры гадзіны шоу склалася ўражанне, што беларуская музычная індустрыя прадукуе амаль выключна поп-музыку, падобную да расійскага аналагу: ні джазу, ні блюзу, ні акадэмічнай музыкі, ні року, цяжэйшага за J-морс у краіне нібыта і няма. Калі «эстрадная прэмія», то «Тройца таксама не эстрада, а поп-музыка можа мець розныя карані — не толькі драм-машыну і тэкст пра каханне. І большасць намінантаў 2011 года мы ведаем ужо некалькі гадоў. Каманда КВЗ Педуніверсітэта, якая выконвала адну з інтэрмедый паміж узнагародамі вельмі трапна пажартавала на гэты конт: чаму

Кэці Пэры не можа атрымаць «кліп года Беларусі»? Бо Кэці Пэры не сяброўка БРСМ.

Варта ўзгадаць і пра спецыяльны прыз ад радыёстанцый, які атрымалі Аляксей Хлястоў і малады гурт Prosspect — «залатая ратацыя» на Пілот-FM. Гэта значыцца што

іх песні будуць з’яўляцца ў эфіры восем разоў на дзень цягам месяца
, і такім чынам становіцца зразумела, якую музыку мы будзем слухаць у наступным годзе.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?