У Мінску Гулянні супалі з залевай і сабралі менш пратэстоўцаў, чым тыдзень назад.

Відавочцы адзначаюць, што сёння міліцыя паводзіла сябе больш жорстка, чым падчас папярэдніх акцый. Шмат затрыманых знаходзіцца ў РУУС Савецкага раёна.

Людзей выйшла меней, чым папярэднія разы. Магчыма, праз дождж. Магчыма, праз зладжанае дзеянне міліцыі. Улады пайшлі на правядзенне канцэрта на Кастрычніцкай, каб не дапусціць туды людзей.

Найбольшы гурт дэманстрантаў — каля 500 чалавек — прайшоў праспектам Пераможцаў да гасцініцы «Юбілейная».

20:37

Пачатак «народных гулянняў» на Кастрычніцкай плошчы. Выгляд з аўтобуса № 100:

Міліцыя ў штацкім выцясняе ўдзельнікаў акцыі з Кастрычніцкай плошчы ўніз па праспекце Незалежнасці да перакрыжавання з вуліцай Янкі Купалы:

Адна з групаў удзельнікаў акцыі крочыць па вуліцы Янкі Купалы ў бок Опернага тэатру:

Затрыманыя ў міліцэйскім «Уазіку» і спроба затрымання відэааператара.

На 1 хвіліне 50 секундзе відэа — момант жорсткага затрымання жанчыны, імем Алена. Прозвішча сваё не назвала, маці двух маленькіх дзяцей. Яе схапілі і зацягнулі ў міліцэйскі аўтобус, кінулі на падлогу, але пасля выпхнулі з яго на вуліцу.

20:17
20:12

Міліцыя здолела рассекчы людзей на Нямізе. Цяпер там ужо амаль нікога не застаецца. Сілавікі таксама паціху сыходзяць.

20:08

Затрыманых адвозяць у пастарунак міліцыі Савецкага РУУС.

Немалая колькасць людзей цяпер знаходзяцца ля Палаца спорту на Нямізе. Вядома, што затрымана мінімум 10 чалавек.

19:57

Вядомыя імёны першых затрыманых: Аляксей Пратасенка, Лена Семская, Дзяніс Навіцкі, Вадзім Казінец, Максім Сарычаў, Мікіта Літвінчык, Антон Чарвякоўскі, Канстанцін Салькоў, Валеры Тумелевіч, Кацярына Людвіг, Паліна Кур’яновіч, Яраслаў Баркоўскі, Канстанцін Сіліпаў, Віталь Стрэльчык.

Міліцыя ўжо разышлася.

19:49

На СТВ жывое ўключэнне з дыскатэкі на Кастрычніцкай. Студэнты і школьнікі кажуць, што цудоўнае свята і ім вельмі падабаецца.

19:46

Каля помніка Максіму Багдановічу стаяць два вялікі аўтобусы, два мікрааўтобусы, а таксама два УАЗікі. Людзей па аднаму прыводзяць і саджаюць у машыны. Вядома, што затрыманы Уладзіслаў Грабавы, а таксама нейкі грамадзянін Эстоніі.

19:41

У відэаператара БелаПАН Васіля Сямашкі рассечанае брыво.

Цяпер астатак людзей спрабуюць выціснуць у бок праспекта Машэрава (былой вуліцы Варвашэні). У міліцэйскіх рацыях гучыць заклік працаваць аператыўна.

Працягваюцца кропкавыя затрыманні. Шкло аўтобуса зацямнёнае, таму цяжка ацаніць колькасць затрыманых. Вядома, што затрыманы фотакарэспандэнт «Белгазеты» Вадзім Заміроўскі.

19:36

Сярод людзей, што стаяць у скверы ля Оперы — амерыканскі дыпламат Крыстафер Паніка, мастак Алесь Шатэрнік. Людзі троху разгубленыя, не ведаюць, як дзейнічаць далей.

19:33

АМАПаўцы блакавалі пераход ад вуліцы Багдановіча да Нямігі, нікога туды не пускаюць. Частка людзей застаецца блакаванай у скверы ля оперы.

Аўтобус перапоўнены затрыманымі. Пад’ехаў таксама мікрааўтобус і УАЗік.

19:29

Людзей працягваюць выцясняць з вуліцы Янкі Купалы. Перыядычна да дэманстрантаў пад’язджае міліцэйскі аўтобус, куды заштурхоўваюць затрыманых.

19:24

Можна ацаніць, што ў акцыі ўдзельнічалі сотні чалавек. На цяперашні момант у ёй бярэ ўдзел яшчэ пару сотняў маладых людзей.

Людзей працягваюць затрымліваць, але цяпер ужо не масава, а больш кропкава.

19:22

Падагналі да выставачнага комплексу «Белэкспа» міліцэйскі аўтобус. Людзей затрымліваюць масава. Можна казаць, што ўжо дзесяткі затрыманых.

19:18

Затрымана мінімум шэсць чалавек.

19:12

Міліцэйскі аўтобус падагналі да скрыжавання праспекта Незалежнасці і вуліцы Янкі Купалы. Наш карэспандэнт бачыў, што затрымалі, прынамсі, двух удзельнікаў акцыі. Людзі цяпер ідуць па вуліцы Янкі Купалы.

Ля Палаца ветэранаў прыкладна сто чалавек, пляскаюць у ладкі, радуюцца жыццю.

19:08

У шэсці ўдзельнічае пару сотняў чалавек. Людзі ў цывільным ідуць за імі, утварыўшы ланцуг. Паводзяць сябе вельмі агрэсіўна, штурхаюцца, ідуць хуткім крокам. Проста спрабуюць выціснуць падалей з Плошчы. Ёсць першы затрыманы.

19:05

Моладзь ідзе ўбок цырка. Да іх ад Музея вялікай айчыннай вайны падбегла група людзей у цывільным. Ідуць побач, але нікога не затрымліваюць.

З пастарунка адпусцілі таксама і Уладзя Грыдзіна.

19:00

Група моладзі (чалавек 50) ідзе ўздоўж праспекта і хлопае. Міліцыя папярэджвае, каб не стваралі натоўп, хутчэй праходзілі. Некаторыя машыны, што празджаюць па праспекце, вітальна сігналяць гэтым хлопцам і дзяўчатам.

На канцэрце блізу двух тысяч чалавек. Не чуваць, каб яны хлопалі выканаўцам.

18:58

Чалавек пятнаццаць на пятачку на скрыжаванні праспекта Незалежнасці з вуліцай Энгельса пару секунд спрабавалі паапладзіраваць. Пасля чаго хуценька разышліся.

Выпусцілі журналіста НН Алеся Пілецкага.

18:47

На Кастрычніцкай зноў пайшоў дождж. Міліцыя папярэджвае людзей ля «Цэнтральнага», каб не збіраліся групамі. У падземным пераходзе на станцыі метро «Кастрычніцкая» міліцыя стаіць з мегафонам. Праўда, яшчэ не выкарыстоўвала яго.

18:42

Затрыманы таксама фотакарэспандэнт Уладзь Грыдзін. Ён знаходзіцца ў пастарунку міліцыі Цэнтральнага раёна.

18:38

На самой Плошчы стаяць прадуктовыя намёты. Праўда, піва не прадаюць. Толькі ліманады і сок. Моладзь падцягваецца на дыскатэку з розных бакоў. Выступае зараз Вольга Плотнікава. Шмат сцягоў «Белай Русі».

18:31

На Кастрычніцкай пачаўся канцэрт. Выступае нейкі гурт. Трапіць можна толькі пасля таго, як пройдзеш металашукальнік. Але пускаюць без праблем. Цяпер на Плошчы шмат дзяржаўных сцягоў. Напэўна, на Плошчы цяпер пара соцен чалавек.

Некаторыя людзі стаяць на ганку Палаца прафсаюзаў. Магчыма, гэта тыя, што прыйшлі на акцыю.

18:08

Міліцыя пачынае актыўнічаць. Глядзіць за тымі, хто не сыходзіць, «прапануе» сысці (ісці ў метро).

Падышлі да карэспандэнта НН і жорстка папярэдзілі, што калі ён праз 5 хвілін не сыйдзе, па яго прыедзе машына. Журналіст працягваў перадаваць рэпартаж у рэдакцыю. Журналіст адмовіўся. Да яго зноў падышлі міліцыянты і затрымалі.

Падышлі зноў.

Алесь Пілецкі затрыманы, забралі пасведчанне.

Адвялі ў пастарунак насупраць Нацыянальнага музея, што на вуліцы Леніна, забралі пасведчанне. Праз некаторы час тэлефон яго адключыўся.

17:57

Ізноў пайшоў дождж. Грукоча навальніца. На Плошчы грае музыка, але што за музыка разабраць немагчыма. На ганку Палацу Рэспублікі труцца нейкія людзі. Праз моцны дождж разабраць што за людзі таксама немагчыма.

17:53

Над Кастрычніцкай дождж амаль скончыўся, толькі шугаюць і зыркаюць маланкі.

На Плошчы няма ніякага руху, і наогул народу. Толькі блішчыць і пераліваецца вялікі плазменны экран. Натуральна, што ніякай БРСМаўскай дыскатэкі таксама няма.

17:36

Над Кастрычніцкай ліе нібы з вядра. Дадаецца моцны вецер, які проста гоніць патокі вады па асфальце. Сцямнела нібы пасля 10-й вечара.

Людзі стаяць каля пераходаў у метро. А вось асобы ў чорным паныла мокнуць на Плошчы.

17:11

У дварах за універсамам «Цэнтральны» стаяць аўтобусы і аўтазакі са спецназам. За Палацам Рэспублікі — таксама некалькі аўтобусаў і аўтазакаў са спецназам.

Плошча Свабода таксама агароджана турнікетамі, на яе не пускаюць.

На Кастрычніцкай усё ўсеяна міліцыяй, літаральна чорна ад яе. Над Плошчай сабраліся чорныя хмары. Пайшоў моцны дождж. Навальніца. Папярэднія акцыі па серадах праходзілі ў добрае сонечнае надвор’е

17:08

На Кастрычніцкай выстаўленыя турнікеты, плошча падзелена на сектары. Каля Палаца Рэспублікі пастаўлена сцэна, а па самой Плошчы ходзяць людзі ў вайсковай форме з сабакамі (аўчаркі) і металашукальнікамі. Шмат спецназаўцаў.

Прывезьлі гукаўзмацняльную апаратуру і вялізны плазменны экран. Тут сёння ўлады ў піку «маўклівай рэвалюцыі» збіраюцца зладзіць дыскатэку, каб перашкодзіць удзельнікам акцыі.

З боку вуліцы Энгельса пастаўленыя два вялікія намёты з півам. Стаіць грузавік БТ.

На Плошчу нікога не пускаюць.

***

У дзясятках беларускіх гарадоў людзі па серадах выходзяць на цэнтральныя плошчы кожную сераду, а 19-й і проста гуляюць. Людзі патрабуюць палітычных і эканамічных пераменаў.

Ідэя такой незвычайнай формы пратэсту нарадзілася ў сацыяльных сетках. Калі нехта выходзіць з лозунгамі, яго адразу ж хапаюць. Таму інтэрнаўты прыдумалі: проста выходзіць і гуляць.

Першыя акцыі СМІ, у тым ліку і «Наша Ніва», нават не заўважылі. Заклікі на іх распаўсюджваліся толькі ў сацыяльных сетках, а выходзіла на плошчы пара дзясяткаў людзей.

Аднак ідэя спадабалася сваёй простасцю. І 15 чэрвеня ў цэнтр Мінска высыпала столькі людзей, што напалоханыя ўлады закрылі для выхаду станцыі метро «Купалаўская» і «Кастрычніцкая» і заблакавалі турнікетамі плошчы Кастрычніцкую і Свабоды. Усё марна: людзі мірна весяліліся на тратуарах.

22 чэрвеня выйшла яшчэ болей людзей — некалькі тысяч.

Больш за дзвесці былі затрыманыя (33 чалавекі потым аштрафаваныя), па ўсёй Беларусі былі затрыманыя больш за 400 чалавек. Былі таксама затрыманыя дзевяць журналістаў.

***

«Дружыннікі з моладзевых атрадаў аховы правапарадку магчыма, будуць рабіць у цэнтры горада правакацыі. Іх задачай будзе правакаваць людзей на канфлікты і бойкі.
Так улада хоча паказаць, што на акцыю прыйдуць неадэкватныя людзі з далёка не мірнымі мэтамі».

Пра гэта гаворыцца ў спецыяльным звароце суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі», распаўсюджаным 29 чэрвеня.

Суполка звяртаецца да моладзі і дружыннікаў

«не паддавацца на правакацыі, не ствараць сярод людзей, якія гуляюць у цэнтры горада канфліктаў, а наадварот прадухіляць усе магчымыя канфлікты паміж грамадзянамі і супрацоўнікамі праваахоўных органаў».

Мы заклікаем людзей увесь час быць напагатове і ігнараваць любыя агрэсіўныя выпады з боку правакатараў!

Памятаеце — наша сіла перад абліччам небяспекі — у аб’яднанні паміж сабой. Сіла людзей — у іх арганізаванасці, згуртаванасці і салідарнасці»,- гаворыцца ў звароце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?