10 гадоў таму, увосень 1999 года, Беларусь перажыла пераломны момант гісторыі. Піша Барыс Тумар.

У Маскве цяжка хворы Ельцын ледзьве трымаў уладу ў руках. Ягоная папулярнасць у Расіі апусцілася да нуля. Клан Ельцыных нервова шукаў варыянты захавання «прыватызаванай» уласнасці. Усёмагутны алігарх Барыс Беразоўскі на нейкі час загарэўся ідэяй захаваць статус‑кво праз аднаўленне СССР. Хоць бы ў міні‑выглядзе саюзу Беларусі і Расіі. Гэта стварала смяротную пагрозу незалежнасці Беларусі.

Варта было зачапіцца за такі саюз адным кіпцюрком, і краіна завязла б у ім на дзесяткі гадоў.

Ці Беразоўскі і Ельцын сапраўды гатовыя былі пасадзіць у Маскве на царства Аляксандра Лукашэнку? Ці пасля падпісання саюзнай дамовы яго ліквідавалі б, як у свой час — генерала Лебедзя? Адказ ніколі не стане вядомы.

Дык вось, прапановы былі. Як распавядаў мне адзін з удзельнікаў тых падзей, у Мінску спакуслівыя аферты з Масквы ўсур’ёз абмяркоўваліся на нефармальным лукашэнкаўскім палітбюро. І яно схілялася да паходу на Маскву. Было гатовае спрабаваць удачу. Тагачасны кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Міхаіл Мясніковіч акурат паслаў сына вучыцца ў Акадэмію ФСБ Расіі.

Незалежная прэса біла трывогу. Незалежнае грамадства разумела пагрозу, якая навісла над краінай, і дзейнічала з усёй энэргіяй, якую толькі можна было мабілізаваць ва ўмовах дыктатуры. Найперш яно паспяхова скіравала свае дыпламатычныя рэсурсы на дыскрэдытацыю рэжыму Лукашэнкі на міжнароднай арэне, каб, у выпадку падпісання фатальных угодаў, свет не прызнаў ліквідацыі суверэнтэтэту дэ-юрэ як найдаўжэй. Тады б з часам краіна мела б шанец на аднаўленне незалежнасці па ўзоры Балтыі.

Увесну 1999 года апазіцыя спрабавала легітымізаваць дваяўладдзе ў краіне шляхам правядзення падпольных прэзідэнцкіх выбараў. У адказ былі ліквідаваныя Ганчар і Захаранка. Сотні людзей былі гатовыя на самыя рашучыя дзеянні і з незалежніцкага боку.

У паветры запахла навальніцай.

Лідэры апазіцыі запланавалі атаку на рэжым у форме вулічных дэманстрацый. Першая з іх — Марш Свабоды — адбылася 17 кастрычніка. Ініцыятыва яе правядзення належала так званай «новай хвалі» лідэраў апазіцыі. Лябедзька, Статкевіч, Вячорка, Данэйка, Бандарэнка ды іншыя яе лідэры застануцца ў першых шэрагах палітыкі наступны дзесятак гадоў.

Да дэманстрацыі падрыхтавалася і палітычная паліцыя Лукашэнкі.

…У наступным годзе супрацоўнік Міністэрства ўнутраных справаў лейтэнант Батурын папросіць палітычнага прытулку ў ЗША. Ён раскажа, што ўлада спецыяльна рыхтавала правакатараў у штацкім да Маршу Свабоды, каб дыскрэдытаваць апазіцыю. Маўляў, ён і сам быў сярод тых, хто падбухторваў беспарадкі. Менавіта гэтыя шпегі падпалілі пошту на вуліцы Змітрака Бядулі па шляху шэсця. У меркаванае месца сутыкненняў маршоўцаў з сіламі спецыяльнага прызначэння загадзя даставілі паддоны з тратуарнай пліткай, а іншыя шляхі для руху калоны былі перакрытыя...

Дэманстрантам не ўдалося прарвацца да Адміністрацыі прэзідэнта. Іначай быў бы штурм.

Так супала, што ў той гістарычны момант і апазіцыя, і ўлады адначасова пайшлі на абвастрэнне, кожны плануючы яго па‑свойму, але аднолькава разлічваючы скарыстаць яго на сваю карысць.

Разгон Маршу астудзіў гарачыя галовы. Такіх смелых дэманстрацый больш не будзе аж да Плошчы 2006 года.

Але ўлады вымушаны былі лічыцца з настроямі мінскай вуліцы і студэнцкіх інтэрнатаў. Час зацягнуўся, і нарэшце ў Маскве на паверхню вынырнуў Пуцін. Пагроза незалежнасці Беларусі мінула.

Хто выйграў палітычна ў выніку той сутычкі? Улады падштурхнулі апазіцыю да радыкалізацыі і разгарнулі кампанію яе ачарнення. З іншага боку, у шэрагі апазіцыі ўліліся дзесяткі юнакоў і дзяўчат, прагных змагання. Варта адзначыць, што пасля Маршу скачком выраслі продажы незалежных газетаў, у тым ліку «Нашай Нівы». Адбылася палітызацыя розумаў. Таму канчатковы вынік, у сухой рэшце, быў хутчэй на карысць незалежнага грамадства.

Што пісала НН 10 гадоў таму? Перадрукоўваем у скарачэнні рэпартаж з маніфестацыі «Марш да Незалежнасці», а таксама апытанне ўдзельнікаў дэманстрацыі — зробленае тады і паўторанае цяпер. Побач — эсэ студэнта, удзельніка шэсця. Для маладзейшых чытачоў «НН» гэтыя дакументы могуць стаць сапраўдным адкрыццём. Атмасферу тых дзён перадае таксама верш Славаміра Адамовіча, напісаны напярэдадні акцыі і апублікаваны пасля яе.

Барыс Тумар

 У Маршы Свабоды ўзялі ўдзел некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.

У Маршы Свабоды ўзялі ўдзел некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.

 Гэтая дзяўчынка з часам стане папулярнай тэлевядучай.

Гэтая дзяўчынка з часам стане папулярнай тэлевядучай.

 Гарыць расейскі сцяг.

Гарыць расейскі сцяг.

 Дэманстрант у масцы нейтралізуе правакатара. Вуліца Багдановіча.

Дэманстрант у масцы нейтралізуе правакатара. Вуліца Багдановіча.

 Папулярны лозунг тых часоў: «Беларусь  - у Еўропу, Лукашэнка - у ...»

Папулярны лозунг тых часоў: «Беларусь - у Еўропу, Лукашэнка - у ...»

 Пад уплывам падзей у Сербіі студэнты зладзілі міні-карнавал.

Пад уплывам падзей у Сербіі студэнты зладзілі міні-карнавал.

 Дзеянні апазіцыі па абароне незалженасці масава падтрымала інтэлігенцыя. На фота: пажылы маніфестант.

Дзеянні апазіцыі па абароне незалженасці масава падтрымала інтэлігенцыя. На фота: пажылы маніфестант.

 Сілы былі няроўныя. Дэманстранты змятуць перадавы шэраг амона.

Сілы былі няроўныя. Дэманстранты змятуць перадавы шэраг амона.

 Алесь Бяляцкі (злева) і Вінцук Вячорка паляць дамову.

Алесь Бяляцкі (злева) і Вінцук Вячорка паляць дамову.

 Хлопцы з «Белага легіёна» ішлі на пярэднім краі.

Хлопцы з «Белага легіёна» ішлі на пярэднім краі.

 Вуліца Першамайская перад бітвай.

Вуліца Першамайская перад бітвай.

 Дэманстранты спрабуюць прарваць кардон лукашэнкаўцаў на мосце цераз Свіслач.

Дэманстранты спрабуюць прарваць кардон лукашэнкаўцаў на мосце цераз Свіслач.

 У адной руцэ выпадковы дубец, у другой -  пакет. Магчыма, гэты хлопец прабраўся ў Мінск на шэсце з іншага гораду Вакол сталіцы былі выстаўленыя кардоны амону, што затрымлівалі падазроных.

У адной руцэ выпадковы дубец, у другой - пакет.
Магчыма, гэты хлопец прабраўся ў Мінск на шэсце з іншага гораду
Вакол сталіцы былі выстаўленыя кардоны амону, што затрымлівалі падазроных.

Удзельнікі «Маршу» пра акцыю: 10 гадоў таму і цяпер

«Марш Свабоды» сваёй масавасцю нагадваў акцыі вясны 1996 году. У розныя моманты шэсця колькасць удзельнікаў вагалася ад 20 да 40 тысяч чалавек…» Гэтак у 1999 годзе пачынаўся матэрыял «НН» пасля кастрычніцкага «Маршу». У выказваннях дзесяцігадовай даўніны ўдзельнікі тых неверагодных для сённяшняга маладога пакалення акцый пратэсту акрэслівалі свае надзеі і чаканні.

Што змянілася? «НН» звярнулася да асоб, якіх апытвала з нагоды Маршу дзесяць год таму.

Аляксей Шэін, у 1999 г. кіраўнік прэс-службы цэнтру «Супольнасьць», сёння сустаршыня БХД:

1999: У 1995—1996 упершыню паўстала пытанне пра страту незалежнасці. За наступныя гады ўсе паспелі звыкнуцца з гэтай думкай. А цяпер рэальная пагроза з’явілася зноў, і людзі прыйшлі з новым запалам паказаць самім сабе і ўсяму свету — і Расіі таксама — што не так і лёгка будзе акупаваць Беларусь.

2009: Перыяд канца 90-х паслужыў найбольш для незалежнасці Беларусі. Часы былі страшныя. Мы з сябрамі ўсур’ёз абмяркоўвалі магчымасць далучэння Беларусі да Расіі. Цяпер няма той палітыкі Лукашэнкі, няма той замежнапалітычнай сітуацыі, калі ён мог ахвяраваць Беларуссю за пасаду ў Крамлі. Зараз людзі мусяць праяўляць менш радыкалізму. Хаця і ён патрэбны. Трэба працаваць на развіццё, на будучыню. Тады ніякі Лукашэнка не зможа нас прадаць.

Слава Корань, саліст рок‑гурту «Уліс»:

1999: За гэтыя гады людзі лепш зразумелі, хто ў нас каля ўлады, зразумелі, што так проста свабоду мы не атрымаем.

2009:Рэспандэнт быў недаступны для каментара.

Сяржук Сахараў, у 1999-ым рок-мэнэджэр, сёння мэнэджэр сярэдняга звяна. :

1999: У нашай няшчаснай, прыгнечанай, акупаванай Беларусі знайшлося столькі людзей, здольных абараніць яе незалежнасць. Мы чакаем ад гэтага толькі аднаго — рэвалюцыі. Ура!

2009: Смех.

Уладзімір Арлоў, пісьменнік:

1999: Мне заўсёды былі блізкія словы выдатнага гісторыка і пісьменніка сучаснасці Арнольда Тойнбі пра тое, што развіццё цывілізацыі адбываецца праз няспынны дыялог чалавецтва ці асобных нацыяў з Логасам, альбо Богам, вышэйшай сілай, якая быццам пасылае нацыі выклік і чакае адказу — раз, другі, трэці… Але аднойчы надыходзіць той момант, калі выклік, застаўшыся без адказу, можа пазначаць гістарычны скон нацыі. Беларусь падышла да гэтае мяжы. Я прыйшоў сюды сёння, як хаджу на ўсе акцыі апазіцыі, не таму, што веру ў іх імгненны поспех, а каб адчуць прысутнасць тае пасіянарнае творчае энергіі, якая, паводле таго ж Тойнбі, здольная змяніць сітуацыю ў лепшы бок.

2009: Творчая энэргія, якой былі насычаныя акцыі канца 90-х, не знікла. Сёння яна выяўляецца ў праектах грамадска-культурнага кшталту. Кампанія «Будзьма», якая ахоплівае дзесяткі тысяч беларусаў, здолела прыцягнуць крэатыўныя сілы самага шырокага спектру — літаратараў, музыкаў, навукоўцаў. Яны ездзяць па Беларусі, шмат выступаюць. Не робячы розніцы паміж дзіцячымі летнікамі і вялікімі канцэртнымі пляцоўкамі. Вайцюшкевіч, Булгакаў, рэдакцыя часопіса «Дзеяслоў». Па ўсёй краіне адбыліся дзесяткі прэзентацый кнігі Алега Латышонка «Нацыянальнасць — Беларус».

Не пагаджуся, што масавыя акцыі засталіся ў мінулым. Зусім нядаўна была Плошча, Дзень Волі-2006. Выбары 2010 года павінны выклікаць новыя выхады людзей на вуліцу.

Марш да незалежнасці. З «НН», 1999, №27

Акцыя пачалася з таго, што на плошчы Якуба Коласа амонаўцы адабралi ў людзей… чорнага казла. На iм было напiсана «лукашэнка», i яго вялi наперадзе калоны.

У пятнаццаць хвiлiнаў на другую па праспекце Скарыны ў бок Акадэмii навук рушыла не менш за 15 тысячаў чалавек, а пад Акадэмію навук іх стала больш за 20 тысячаў. У кароткiм мiтынгу ўзяло ўдзел ужо больш за 30 тысячаў людзей.

Сюрпрызам для ўдзельнiкаў мiтынгу сталi разгорнутыя велiзарныя 25‑метровыя сцягi. Адзiн бел‑чырвона‑белы, а другi — сiнi з залатымi зоркамi, Еўрапейскага саюза. Людзi пранеслi iх на руках праз увесь горад. З парку Бангалор людзi вулiцамi Багдановiча і Варвашэнi скiравалiся ў цэнтр.

Людзi звярнулi да плошчы Перамогi, але праспект апынуўся перагароджаны мiлiцэйскiмi машынамi. Тады арганiзатары павялi натоўп вулiцамi Казлова i Змiтрака Бядулi.

На Змітрака Бядулi і адбылася самая буйная правакацыя дня: нехта кiнуў у пад’езд, дзе месцiцца 34‑е паштовае аддзяленне, петарду, i пошта загарэлася. Мужчыны з калоны кiнулiся ў агонь i загасiлi яго, хаця самi атрымалi апёкi.

Цікава, што літаральна за пару секундаў да загарання нашы карэспандэнты звярнулі ўвагу на міліцыянтаў, што стаялі на вахце ля гэтых дзвярэй, хаця болей у калоне міліцыянтаў на гэты момант ужо не заставалася.

Наступны кардон амонаўцаў прычакаў шэсце на рагу Фрунзэ i Першамайскай. Амонаўцаў было толькi пара дзесяткаў. Iх змялi i збiлi. Шлёмы ж павыкiдалi за плот холадакамбiната. Адзiн з амонаўцаў, якому ў кароткай сутычцы разбiлi галаву, страцiў прытомнасць, i яму дэманстранты аказалi першую дапамогу, пасля чаго яго на руках знеслi калегi.

Вулiца Першамайская на схiле была перакрытая пустымi УАЗiкамi, але людзi не перакульвалi iх: усё ж паводзiны iх былi асэнсаванымi і не жорсткiмi.

Людзей спынiў толькі трайны кардон АМОНа пры мосце цераз Свiслач на Першамайскай. Арганiзатары хацелi павярнуць маршоўцаў назад, каб не дапусцiць пралiцця крывi, ды дзе там! Старыя і жанчыны засталiся назiраць за развязкаю «Маршу…» на схіле. Пасля 15‑хвiлiнных перамоваў з амонаўцамi Мiкола Статкевiч заклiкаў дэманстрантаў вярнуцца на плошчу Якуба Коласа. Дэманстранты сталі паўзці назад. Але тут мiлiцыянты заатакавалi дэманстрантаў ззаду, схапiўшы пару чалавек i збiваючы iх дубiнкамi. У адказ манiфестанты кінуліся вызваляць схопленых: побач з мостам вядзецца будоўля, цаглiны з якое паляцелi ў амонаўцаў, гулка грукаючы аб металёвыя шчыты. АМОН захiнаўся шчытамi і раз‑пораз рабiў вылазкi. Асаблiва не пашанцавала тым з мiлiцыянтаў, што ў вернападданскім запале адарвалiся ад сваiх i, пераследуючы маніфестантаў, трапiлi да iх… у палон: пара — каля ўваходу ў парк Горкага, пяць — на Пулiхава. Дэманстранты, адбiўшы атакi, спрабавалi разагнаць у бок шыхтоў АМОНа трамвай, ды той не паддаўся. У адказ мiлiцыянты кiнулi ў бок дэманстрантаў слезацечныя шашкi, але паўночны вецер панёс дым назад на іх.

Пасля 15‑хвіліннага супрацьстаяння ўлады кiнулi на змучаных днём паходу дэманстрантаў спецназ.

Пачалося паляванне на людзей. Людзi траплялi ў засады ў парку Горкага альбо ў дварах. Сотні людзей шукалі схову ў гастраноме, што на пачатку вулiцы Пулiхава, але і туды ўварвалiся спецназаўцы…

Каля дзесятка мiлiцыянтаў i некалькі дзясяткаў дэманстрантаў пацярпелi, прычым прынамсі 7 чалавек трапілі ў «хуткую дапамогу» ў цяжкім стане. Затрымана не менш за 80 чалавек. Спецслужбы высадзілі дзверы кватэры Статкевіча і арыштавалі яго. Затрыманая і дэпутатка расійскай Дзярждумы ад сацыял‑дэмакратаў Беклямішава. Лідэры Фронту хаваюцца. Збіты і затрыманы дырэктар Беларускага калегіума Алесь Анціпенка.

За некаторымі людзьмі сачылі: гэтак, супрацоўніка газеты «Навінкі» Міколу Салаўя схапілі ўжо каля ўнівермага «Беларусь» і моцна збілі (ён усё шэсце ішоў у белым халаце санітара, прадаючы сваё выданне).

Лiдэры апазіцыi ўсклалi ўсю правiну за сутычкi на Мінгарвыканкам, якi нематывавана адмовiў у дазволе на дэманстрацыю.

Аляксей Шыдлоўскі. «НН», 1999, №27. Скарочана.

Анатоль Прасаловіч. Я — правакатар. З «НН», 1999, №27.

Апазіцыя зноў падзялілася. На «новую хвалю» і на «найноўшую». Гэта вам не сваркі пазнякоўцаў і вячоркаўцаў, не сацыял‑дэмакрацкія нутраныя разборкі. Гэта проста найглыбейшая розніца пакаленняў, неадольнае дыстанцыяванне. Адна генерацыя кліча дэгенерацыяй маладзейшых (перад вачыма стаіць стары дзядзюк, крычыць на маіх аднагодкаў: «Сукі, не кідайте камні, ідём на Якуба Коласа, ані нас не будут трогать!»). На пытанне, чаму арганізатары акцыі прасілі дазволу на правядзенне Маршу ў нелегітымных уладаў, сп.Бандарэнка адказаў каротка: «Каб пазбегнуць ахвяраў». Праз тры гадзіны той самы Бандарэнка адштурхоўваў людзей у бок Казлова («Я арганізатар, бляха! Ідзём праз Першамайскую!»), а яшчэ трохі пазней ягоны калега па справе Статкевіч ганьбіў «правакатараў» і гнаў натоўп назад на Коласа.

(Нейкія хлапцы прапанавалі стварыць гульню‑стратэгію «Абыду я Мінск увесь са Сцягам і Пагоняй!»)

Калі роспачная моладзь, гатовая на смерць дзеля вызвалення краіны, што яна і даказала на мосце цераз Свіслач, — гэта сукі, ціхары ды правакатары, дык і я, што не кінуў ніводнага каменя, таксама сука, ціхар ды правакатар. Калі на чале руху застанецца «новая хваля», дык можна спакойна залегчы на канапу і не хвалявацца: сапраўдных хваляванняў ад «новых беларускіх» не дачакаешся. Але ж ёсць «найноўшыя». «Правакатары».

Найноўшую гісторыю Беларусі прашу лічыць адкрытай.

«НН», 1999, №27. Скарочана.

Славамір Адамовіч Сямнаццаты дзень кастрычніка 1999 года. З «НН», 1999, №27.

    Сямнаццатага кастрычніка
    ніякае нам не свята,
    проста мы супраць апрычнікаў,
    тым болей, мы супраць ката.
    Хай дзень гэты будзе халодны —
    мы выйдзем з гарачымі сэрцамі,
    мы рушым за Край наш родны
    на штурм рэжымных фартэцый.
    Як россып чырвоных яблыкаў
    па белай крывіцкай гліне,
    мы рынем з прадмесцяў і фабрык
    на звязы трамвайных ліній.
    Пад барабанныя пошчакі,
    пад воклічы цэнтурыёнаў
    мы зоймем турмы і плошчы
    з патронамі ці без патронаў!

12 кастрычніка 1999 года

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0