Сапраўды, цяпер часцей, але мала хто называе сына Вітаўтам ці Ізяславам, а дачку — Рагнедай альбо Барыславай. Тры самыя папулярныя імёны ў нованароджаных хлопчыкаў у 2020-м — Міхаіл, Максім і Марк. Самыя папулярныя імёны для нованароджаных дзяўчынак у 2020-м — Сафія, Аліса і Марыя.

Цікава, што ў перыяд з 2000 да 2020 года хлопчыкаў часцей за ўсё называлі Максім, Арцём і Мікіта, а дзяўчынак — Анастасія, Дар’я, Марыя.

Падавалася б, нічога беларускага? Але гэта толькі падаецца.

Ёсць дапаможнік для маладых бацькоў «Беларускія імёны», складзены Сымонам Борысам. Як напісана ў анатацыі, галоўная мэта, што ставілася пры яго ўкладанні, — «адлюстраваць адметныя беларускія формы імёнаў, пашыраных у хрысціянскім свеце. У слоўнік улучаныя таксама дахрысціянскія імёны, якія некалі бытавалі ў арыстакратычным асяроддзі і сёння становяцца папулярнымі».

І на самыя папулярныя імёны, якія даюць сваім дзецям бацькі і маці-беларусы, там знойдзецца свой адпаведнік.

Напрыклад, найпапулярнейшае імя Марк, якое, падавалася б, не мае нічога агульнага з Беларуссю, мае беларускі адпаведнік — Марык.

Паходжанне імені Марк даволі разнастайнае. Найперш вылучаюць стараанглійскую мову: «Mark» у значэнні «адзначаны зверху (Богам)», ад стараанглійскага mearc — «адзнака, знак; мяжа» або ад marc — «адзінка вагі (восем унцый) залатой або срэбнай манеты».

Таксама гэта ўтварэнне ад лацінскага імені Маркус. Тлумачэнне — «малаточак» (marculus). І ўтварэнне ад французскага Marquis — «маркіз».

Як бачым, найпапулярнейшае імя мае не вельмі рамантычнае азначэнне. А вось беларускае «Марык» можна параўнаць з беларускім жа «Марыйка» — найперш ад слова «мара». То бок у нас «Марык» можа азначаць «доўгачаканы сын».

Міхаіл у беларускай транскрыпцыі будзе Міхась ці Міхей. Два апошнія, паводле тлумачэнняў мовазнаўцаў, маюць аднолькавае значэнне. Гэта якраз беларускі і ўкраінскі (усходнеславянскі) варыянты імені «Міхаіл». А «Міхаіл» у сваю чаргу — форма яўрэйскага імені Міхаэль: «той, хто як бы Бог, роўны Богу».

У хрысціянстве Міхаіл — галоўны з сямі арханёлаў, адзін з самых шанаваных біблейскіх персанажаў. «Арханёл Міхаіл» складаецца з пяці слоў: «арх анёл Мі ка эл». Выраз «Арханёл Міхаіл» можа азначаць: «найстарэйшы пасланнік, надзелены паўнамоцтвамі Эля (адно з імёнаў Бога)», або «найстарэйшы паўнамоцны пасланнік Эля». У кантэксце Старога Запавету Міхаіл — найстарэйшы пасланнік Усявышняга і абаронца народа Ізраіля.

Не дзіва, што гэтае імя папулярнае не толькі ў нас і не толькі сёння. У Міхаіла ў праваслаўным календары імянінаў — 22 штукі на год!

Яшчэ адно папулярнае імя — Максім. У слоўніку Борыса яно засталося без зменаў, як чыста беларускае імя. І не дзіва: першае са значэнняў гэтага імені — усходнеславянскі пераклад лацінскага кораня (maximus) — «найбольшы, найвялікшы, максімальны; самы-самы». Яшчэ адно тлумачэнне імені — ад англійскага «maxim» у значэнні «прынцып, максіма», то бок «прынцыповы».

Таксама вельмі папулярнае імя ў старажытнасці: праваслаўныя імяніны Максіма налічваюць 18 дзён у годзе.

Папулярнае за два дзесяцігоддзі імя Арцём мае беларускі адпаведнік у выглядзе Арцім. Гэта ўсходнеславянскае найпапулярнейшае імя, утворанае ад старажытнагрэцкага ἀρτεμία — «бездакорнае здароўе» ў значэнні «здаровы, цэлы; з бездакорным здароўем». Яшчэ так называлі хлопчыкаў, прысвечаных багіні Артэмідзе. Але і «Арцём», і «Арцім» — гэта крыху скарочаная форма імені Арцемій.

Мікіта — рускае Никита, але па-беларуску гучыць мякчэй. Мікіта — усходнеславянская форма грэцкага імені, утвораная ад старажытнагрэцкага Νκητικ [nikitikos] — «які забяспечвае перамогу», або ад іншага, таксама старажытнагрэцкага, νκτιος [nyktios] — «начны». Цікава, што, па-сяброўску называючы Мікіту «Нікітосам», шмат хто, сам таго не ведаючы, якраз набліжаецца да сапраўднага, старажытнага гучання гэтага імені.

У чым адрозненне Мікіты ад Нікіты? Рэч у тым, што «Нікіта» — гэта ўтварэнне ад імені багіні перамогі Нікі. За мяжой Нікіта — гэта чыста жаночае імя, якое стала выключна мужчынскім толькі ў славянскіх краінах. А вось Мікіту з жанчынай ужо не пераблытаеш.

Ці ёсць беларускі адпаведнік у імені Аліса? Так, ёсць. Алаіза Пашкевіч, больш вядомая нам як Цётка, у рускай транскрыпцыі была б менавіта Алісай. А яшчэ ёсць беларускае імя Аля, якое таксама з’яўляецца памяншальна-ласкальным ад Алісы.

Існуе некалькі варыянтаў тлумачэння імені Аля. У нашай традыцыі гэта славянскае імя, утворанае ад «пунсовая» ў значэнні «прыгожая». А вось у арабскім свеце (علات) яно азначае «высокае становішча» або (عال) «гучная» — жаночая форма распаўсюджанага мужчынскага імя Алі.

А яшчэ гэта жаночая форма мужчынскага арабскага імястворнага «Аль».

Анастасію па-беларуску можна назваць шмат як — Анася, Наста, Настуля, Настуся, Стася. Беларуская (усходнеславянская) форма імені Насця/Анастасія (святая) мае значэнне «ўваскрэслая». Гэта вельмі папулярнае інтэрнацыянальнае імя. А між тым утворанае яно ад мужчынскага грэцкага імені Анастасій, што ў перакладзе значыць «уздым, адраджэнне, уваскрашэнне, вяртанне да жыцця, адроджаная, несмяротная». Імя Анастасія было шырока распаўсюджанае сярод ранніх хрысціян, а ў наш час асаблівую папулярнасць набыло пасля мультфільма «Анастасія», створанага ў 1997 годзе студыяй Fox Animation.

Цікава, што гэты фэнтэзійны мультык заснаваны амаль на рэальных падзеях: на легендзе пра вялікую княжну Анастасію Раманаву, якая нібыта ацалела пасля расстрэлу царскай сям’і, страціла памяць і імкнецца ўспомніць мінулае. Мультфільм зарабіў 140 мільёнаў даляраў, дзве намінацыі на «Оскара» і «Залаты глобус» за найлепшую песню.

А вось беларускае Стася можна ўспрымаць не толькі як памяншальна-ласкальнае ад Анастасіі, але і як варыянт Станіславы — «стане слаўнай».

Яшчэ адно распаўсюджанае імя — Дар’я. Беларускія адпаведнікі — Адарка, Дануся, Дарка. Ёсць два тлумачэнні гэтага імені. Славянскае — «падараваная звыш», то бок «ад Бога», і гэта славянскі аналаг грэцкага імені Дарафея. І «Дар’я» як персідскае імя: (دريا) [дарйа], што ў перакладзе азначае «мора; вялікая колькасць чаго-небудзь». Пераклікаецца з жаночай формай мужчынскага персідскага імені «Дарый» у значэнні «багатая, якая валодае». Імя, вядома, узыходзіць да дынастыі персідскіх цароў Дарыяў, якія славіліся сваім багаццем.

Цікава, што ў гэтага імені ёсць адна складанасць у напісанні лацінкай. У некаторых мовах няма гуку «Р», праз што імя будзе гучаць па-іншаму. Напрыклад, у Нямеччыне і Францыі — як Dahia.

А вось беларускае імя Дануся — на самай справе зусім не «Дар’я». Гэта памяншальна-ласкальная форма імені Даніэла, жаночая форма біблейскага мужчынскага імені Даніэль. Значэнне — «Бог (Эль) мой суддзя».

Такія ж праблемы, як з Дар’яй, узнікаюць у дзяўчат па імені Марыя. Па-беларуску Марыю можна назваць Марыйкай і Марыляй. Гэта заходнеславянская форма біблейскага імені Марыя. Тут нават тлумачэнняў не патрабуецца — вядома ж, у гонар Маці Божай, Багародзіцы. Але не толькі.

Ёсць тлумачэнні імені «Марыя» як памяншальна-ласкальнай форма імені Маргарыта («жамчужная»), або імені Марфа/Марта — «спадарыня».

Марыю можна тлумачыць як утварэнне ад лацінскага mare — «мора», тады роднасная форма будзе Марына — «марская».

Але барані вас Бог назваць Марыю Марай! Форма імені Мара таксама ёсць у славянскай, асабліва беларускай, міфалогіі, але азначае яно «смерць, пагібель, увасабленне духу смерці». Злы дух Мара вядомы і народам Заходняй Еўропы. Чэшская Марана атаясамліваецца з грэцкай Гекатай — багіняй змроку, начных бачанняў і вядзьмарства, якая палюе ноччу сярод магіл, мерцвякоў і зданяў. У польскіх казках мара — дух смерці жаночага роду, да таго ж дух-пярэварацень.

Беларусы падчас купальскіх святаў топяць у вадзе ляльку Мару. Прычым ва ўкраінцаў і заходніх славян Мара-Марана выступае атрыбутам не толькі купальскіх, але і веснавых абрадаў. Падобна як пудзілы Кастрамы, Ярылы, Купалы, Марана знішчалася рознымі спосабамі: яе маглі тапіць у вадзе, разрываць на кавалкі, аднак часцей за ўсё спальвалі.

У іўрыце «Мара» ўтвараецца ад (מַר) [mar] і азначае «горкая». Боства з імем Мара вядомае ў будыйскай міфалогіі, але там ён мужчына. Гэты Мара хацеў перашкодзіць Сідхартху Гаўтаме стаць Будай, але не паспеў здзейсніць сваё злачынства за ноч, а раніцай стаў бяссільны.

Як ні дзіўна, пры ўсім шанаванні хрысціянства і знаным полацкім Сафійскім саборы, у беларусаў няма імя Сафія. Яно ператварылася ў імя Зоня ці Зося.

Імя Зося ўтворанае ад польскага Zosia, якое, у сваю чаргу, — вытворная форма грэцкага, тая самая Сафія ў значэнні «мудрая; разумная». Але не толькі. Зося ці Зоня можа быць формай яшчэ аднаго грэцкага імені — Засіма: «жывая, якая жыве».

Значэнне ж імені Сафія таксама мае некалькі тлумачэнняў. Збольшага мы звыкліся, што яна азначае «мудрасць» — ад грэцкага Σοφία. Але ў грэцкім гэтае імя мужчынскае — Софас.

Сафія — гэта таксама таджыкская і ўзбекская форма арабскага імені «Сафія» ў значэнні «чыстая, бязгрэшная».

Сафія можа быць утварэннем ад габрэйскага (סוֹפִי) [sof] і ў перакладзе азначае «канец, канчатак; канчатковая, заключная, апошняя, канчатковая», так бы мовіць, «вянок стварэння».

Як мы бачым, амаль любое імя можа знайсці сабе беларускі адпаведнік — варта толькі добра пашукаць. А ўжо якая тут фантазія для мянушак, нікнэймаў і «паганялаў»! Успомніце хаця б «Нікітоса»…

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0